РЭДО́Н (Redon) Адылон (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),
французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.Л.Жэрома. Зазнаў уплыў Р.Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́Р (Savart) Фелікс (30.6.1791, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 16.3.1841),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1827). Скончыў Страсбурскі ун-т (1816). Працаваў ваен. хірургам. З 1828 прафесар эксперым. фізікі ў Калеж дэ Франс. Навук. прац па акустыцы, электрамагнетызме, оптыцы і гідрамеханіцы. Вывучаў акустычны рэзананс і заканамернасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, распрацаваў фіз. асновы канструявання струнных інструментаў. Разам з Ж.Б.Біо эксперыментальна вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл.Біо—Савара закон). Вынайшаў прыладу для вызначэння частаты гуку (кола С.), кварцавую пласцінку для вывучэння палярызаванага святла, палярыскоп. Яго імем названа адзінка частотнага інтэрвалу ў акустыцы — савар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦІ́ (Satie) Эрык Альфрэд Леслі (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),
французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.Както і П.Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЮ́ТЭР (Sluter) Клаўс (паміж 1340 і 1350, г. Харлем?, Нідэрланды — студз. 1406),
французскі скульптар. Каля 1380 пасяліўся ў Бруселі, з 1385 працаваў у г. Дыжон (Францыя), з 1389 прыдворны майстар бургундскага герцага Філіпа Смелага. Каля 1391—97 выканаў статуі для партала царквы-склепа герцагаў у манастыры Шанмоль у Дыжоне, у т. л. выявы Філіпа Смелага і яго жонкі Маргарыты Фландрыйскай, якім уласцівы жывасць індывідуальных характарыстык. У 1394—1406 з пляменнікам К. дэ Верве стварыў для таго ж манастыра кампазіцыю «Галгофа» (захаваўся пастамент, упрыгожаны статуямі, якія вылучаюцца смелай абагульненасцю пластычнай лепкі, манументальнасцю форм). Творчасць С. паўплывала на развіццё мастацтва Адраджэння ў Францыі, Нідэрландах, Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРУАСА́Р (Froissart) Жан (каля 1337, г. Валансьен, Францыя — пасля 1404),
французскі храніст і паэт. Служыў пры двары англ. караля, потым франц. знаці. Гісторык франц. і англ.рыцарства, у «Хроніках» апісаў ваен. і паліт. падзеі 1327—1400 (гал.ч. Стогадовай вайны 1337—1453), мяняў паліт. арыентацыю адпаведна інтарэсам сваіх апекуноў (першапачаткова англічан, потым французаў). Для збору матэрыялу падарожнічаў па Англіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, таксама выкарыстаў працы льежскага храніста Ж.Лебеля. З канца 15 ст. «Хронікі» шмат разоў выдаваліся, аказалі ўплыў на хранаграфію (асабліва англ.) 15—16 ст. Вершы і паэмы Ф. напісаны ў духу куртуазнай літаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКО́ (Foucault) Жан Бернар Леон (18.9.1819, Парыж — 11.2.1868),
французскі фізік-эксперыментатар. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай ΛΗ (1860). Чл. Парыжскай АН (1865). З 1855 у Парыжскай абсерваторыі, з 1862 чл. Бюро даўгот у Парыжы. Навук. працы па оптыцы, механіцы і электрамагнетызме. Вызначыў скорасць святла ў паветры і вадзе метадам вярчальнага люстэрка (1850; метад Ф.), што канчаткова пацвердзіла хвалевую прыроду святла. Правёў дослед з маятнікам на доўгім падвесе (гл.Фуко маятнік), што з’явілася доказам сутачнага вярчэння Зямлі. Выявіў эл. віхравыя токі (токі Ф.). Вынайшаў гіраскоп (1852), сканструяваў шэраг аптычных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯ́Н (Vailland) Ражэ Франсуа (16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус.пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́Р (Widor) Шарль Мары (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),
французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.Швейцэрам) арганныя творы І.С.Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.Б’ёрн, М.Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́НДЗІ (Gassendi) П’ер (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),
французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЗО́ (Guizot) Франсуа П’ер Гіём (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),
французскіпаліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл.Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд.т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.