КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),
кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.
Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн.тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт.стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.
На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭРСТВА,
уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял.сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнаеЛ., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял. пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.К.Максвела, А.Кекуле, А.М.Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.
Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.
М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.
Літ.:
Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл.Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.
Літ.:
Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ СТАНО́К,
машына для размернай апрацоўкі рэзаннем (у асн. зняццем стружкі) пераважна метал. загатовак. Бываюць універсальныя (для выканання розных аперацый на дэталях многіх найменняў), шырокага прызначэння (для выканання пэўных аперацый на дэталях многіх найменняў), спецыялізаваныя (для апрацоўкі дэталей аднаго наймення, але розных памераў), спецыяльныя (для выканання асобных аперацый пры вырабе адной дэталі).
У залежнасці ад мэтавага прызначэння, выканання адпаведных тэхнал. аперацый і металарэзнага інструменту адрозніваюць: такарныя, свідравальныя, расточныя, шліфавальныя, паліравальныя, даводачныя, заточныя, зубаапрацоўчыя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, стругальныя, даўбёжныя, працяжныя станкі (гл. адпаведныя арт.), а таксама разразныя, для фіз.-хім. апрацоўкі, балансіровачныя, мнагамэтавыя (апрацоўчыя цэнтры), агрэгатныя станкі. Паводле ступені аўтаматызацыі адрозніваюць М.с. з ручным кіраваннем, паўаўтаматычныя (апрацоўка адной дэталі ў аўтам. рэжыме), аўтаматычныя (апрацоўка і змена дэталей у аўтам. рэжыме). Паводле дасягальнай дакладнасці апрацоўкі адрозніваюць М.с. класаў дакладнасці: Н (нармальнага), П (павышанага), В (высокага), А (асабліва высокага), С (майстар-станкі з хібнасцю апрацоўкі 1 мкм), Т (з хібнасцю 0,3 мкм), К (з хібнасцю 0,1 мкм). Тэхн ўзровень станкоў характарызуецца паказчыкамі прызначэння, надзейнасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў і электраэнергіі, тэхналагічнасці, стандартызацыі і уніфікацыі. эрганамічнасці і патэнтна-прававымі.
На Беларусі розныя тыпы М.с. выпускаюць прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Пра развіццё вытв-сці М.с. на Беларусі гл. ў арт.Станкабудаванне.
Літ.:
Чернов Н.Н. Металлорежущие станки. 4 изд. М., 1987;
Кочергин АИ., Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991;
Станочное оборудование автоматизированного производства. Т. 2. М., 1994;
Проектирование металлорежущих станков и станочных систем: В 3 т.Т. 1—2. М., 1994—95.
А.І.Качаргін.
Металарэзны станок: а — асноўныя вузлы (зборачныя адзінкі; 1 — базавыя дэталі, 2 — галоўны прывод, 3 — прыводы падачы і пазіцыяніравання); б — структурная схема (Iу — уваходная інфармацыя ў выглядзе чарцяжа, кіроўнай праграмы і інш.; Iв — выхадная інфармацыя пра памеры апрацаванай дэталі; 3 — загатоўкі; Д — дэталі; Е — энергія; 1—4 — падсістэмы кіравання, кантролю, маніпуліравання загатоўкамі і рэзальнымі інструментамі, апрацоўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл.Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл.Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл.Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНАЯ МУ́ЗЫКА,
галіна інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання сімфанічным аркестрам Выразныя сродкі сімф. аркестра даюць магчымасць увасабляць разнастайныя творчыя задумы, складаныя драматург. канцэпцыі, значныя муз. вобразы як у манум. цыклічных кампазіцыях, так і ў невял. творах.
Вытокі С.м. ў інстр. ансамблевым музіцыраванні часоў антычнасці. У эпоху Адраджэння склаўся спецыфічны інстр. (ансамблева-аркестравы) стыль, у 17 — пач. 18 ст. сфарміраваліся жанры С.м.: сюіта, канцэрт, уверцюра. У выніку развіцця класічнага складу сімф. аркестра сталі фарміравацца санатна-цыклічныя формы і жанр сімфоніі ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы і венскай класічнай школы, якая дала класічныя тыпы сімфоніі, канцэрта, уверцюры. У 19 ст. ўзніклі новыя жанры. удасканалены і інструменты сімф. аркестра. павялічылася роля дырыжора; паглыбіліся сувязі С.м. з опернай, балетнай, харавой, камернай музыкай.
Значнае месца ў С.м. займае праграмная музыка (сімфоніі, сімфанічныя паэмы, сімфанічныя карціны, сімфанічныя фантазіі і інш.). Да сімф. форм належаць таксама сімфаньета, варыяцыі, рапсодыя, скерца, капрычыо, уверцюра, легенда, марш, папуры, танец і інш. У канцэртны сімф. рэпертуар уваходзяць аркестравыя фрагменты з опер, балетаў, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў і інш. У С.м. знайшлі ўвасабленне найб. значныя ідэі, тэмы і вобразы, разнастайныя маст.-эстэт. плыні (рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.), яскрава выявіліся асаблівасці нац. кампазітарскіх школ Высокімі дасягненнямі адзначана рус. С.м. (М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, А.Глазуноў, С.Рахманінаў, А.Скрабін, І.Стравінскі, М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў і інш.).
На Беларусі С.м. — адна з вядучых галін прафес. кампазітарскай творчасці, у якой адлюстраваны гісторыя народа, ідэі і вобразы сучаснасці, прыроды, нар. паданняў, казак, легенд і інш. Цікавасць да С.м. праявілася ў 1920-я г. (М.Аладаў, М.Чуркін, Я.Цікоцкі і інш.). Сярод жанраў бел. С.м.: сімфонія, сімф. паэма, сюіта, уверцюра, карціна, фантазія. Шырока прадстаўлены ў бел. С.м. прынцып праграмнасці.
Літ.:
Бобровский В. Симфоническая музыка // Музыка XX в. М., 1976. Ч. 1, кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпыМ., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн.тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст.тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.