МАЮДЗУ́МІ Тасіра (н. 20.2.1929, г. Іакагама, Японія),

японскі кампазітар. Вучыўся ў Такійскім ун-це мастацтваў (1945—51) і Парыжскай кансерваторыі (1951—52). У 1953 разам з Я.​Акутагавай і І.​Данам арганізаваў авангардысцкі гурток «Група траіх», у 1957 — фестываль музыкі ў г. Каруідзава. Зазнаў уплыў музыкі А.​Месіяна і І.​Стравінскага. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі, выкарыстоўваў дадэкафонію, алеаторыку. У шэрагу твораў (сімфоніі «Нірвана», 1958; «Мандала», 1960; сімф. паэма «Сансара», 1962) звяртаўся да традыцый будыйскай музыкі. З 1970-х г. развівае прынцыпы яп. нар. музыкі, імкнецца да інтэграцыі еўрап. і традыц. яп. муз. мастацтва. Аўтар оперы «Залаты павільён» (1976), балетаў «Бугаку» (паст. 1962), «Алімпійцы» (паст. 1965), мюзікла «Мілая жанчына» (лібр. К.​Абэ), араторыі (1959), кантат, твораў для прыдворнага арк. гагаку, камерна-інстр. ансамбляў, хароў, музыкі да кінафільмаў і інш.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Анатоль Рыгоравіч (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),

расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар. арт. Расіі (1961). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус. нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Віктар Сяргеевіч (н. 10.12.1934, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1983). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958). З 1970 дырэктар Маскоўскага хар. вучылішча (з 1991 Акадэмія хар. мастацтва імя А.В.Свешнікава; з 1992 рэктар, з 1996 маст. кіраўнік). Заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. дзіцячага хору Усерас. тэлерадыёкампаніі (з 1970), мужчынскага хору (з 1989), адначасова кіраўнік хору хлопчыкаў (з 1970) Акадэміі хар. мастацтва. У 1960—75 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных, у 1980—93 у Маскоўскай кансерваторыі (з 1990 праф.). У выкананні хароў пад яго кіраўніцтвам запісаны больш за 2 тыс. твораў на радыё, шэраг тэлепраграм, выпушчаны грампласцінкі, аўдыёкасеты і кампакт-дыскі. Аўтар больш як 200 хар. апрацовак, кн. «Руская народная песня ў дзіцячым хоры» (1985), падручнікаў і хрэстаматый для навуч. устаноў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАРЖЫ́НСКІ Іван Сяргеевіч (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Уладзіслаў Генадзевіч (28.12.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 1993),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936). Вучань А.​Аляксандрава, Дз.​Кабалеўскага. З 1936 арганізаваў і ўзначаліў Дзіцячы хор пры Цэнтр. доме маст. выхавання дзяцей, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1951 праф., у 1957—60 і з 1980 заг. кафедры). Адначасова ў 1946—52 хормайстар Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі, у 1956—88 арганізатар і маст. кіраўнік Дзярж. маскоўскага хору. У рэпертуары хар. творы розных эпох, стыляў, жанраў. Сярод яго твораў хар. цыклы, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «Работа з хорам» (3-е выд. 1967) і падручніка (у сааўтарстве). Сярод вучняў М.​Кутузаў, У.​Мінін, Г.​Панцюкоў. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​Соколов: Дирижер, педагог, композитор. М., 1988.

Л.​А.​Шыміновіч.

Уладзіслаў Генадзевіч Сакалоў.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ Юрый Іосіфавіч (13.3.1902, С.-Пецярбург — 23.4.1978),

расійскі балетазнавец, сцэнарыст, педагог. Ганаровы д-р Парыжскага ун-та танца (1959). Вучыўся ў Школе рус. драмы ў Петраградзе (1918), у Петраградскім ун-це. З 1922 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў (з перапынкамі), з 1932 выкладаў у Ленінградскім харэагр. вучылішчы. З 1962 праф. Ленінградскай кансерваторыі. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паставіў балет «Салавей» М.​Крошнера (1939, сумесна з А.​Ермалаевым). Напісаў сцэнарыі балетаў: «Юнацтва» М.​Чулакі, «Сцежкаю грому» К.​Караева, «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Ікар» С.​Сланімскага і інш. Аўтар кніг пра балет «Жызэль» (1926), «Сільфіда» (1927), «Шчаўкунок» (1934), «Майстры балета» (1937), «П.​І.​Чайкоўскі і балетны тэатр яго часу» (1956), «Драматургія балетнага тэатра XIX ст.» (1977), «Цудоўнае было побач з намі» (выд. 1984), падручніка «Асновы характарнага танца» (1939; у сааўт.).

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВЕС, Падуа Чавес-і-Рамірэс дэ (Padua Chávez y Ramirez de) Карлас (13.6.1899, Кальсада-дэ-Такула, каля Мехіка — 2.8.1978), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў (з С.Рэвуэльтасам) сучаснай мекс. кампазітарскай школы. У 1928—49 кіраўнік заснаванага ім сімф. аркестра Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Адначасова ў 1928—34 дырэктар Нац. кансерваторыі, у 1947—52 Нац. ін-та прыгожых мастацтваў і л-ры. Для творчасці 1920—30-х г. уласцівы элементы нар. (у прыватнасці, індзейскай) музыкі, муз. канструктывізму, з 1940-х г. — ускладненне муз. мовы з рысамі акадэмізму. Сярод твораў: опера «Панфіла і Лаўрэта» (паст. 1957); балеты «Новы агонь» (паст. 1928), «Чатыры сонцы» (паст. 1930); 7 сімфоній (1933—61); творы для арк. нар. мекс. інструментаў, камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., хоры з арк. a cappella, рамансы.

Літ.: Доценко В.Р. К.​Чавес // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЎНЗЕМ Ірма Пятроўна (27.9.1897, Мінск — 17.4.1975),

бел. і рас. спявачка (мецца-сапрана), збіральніца нар. песень. Засл. арт. Беларусі (1923). Нар. арт. Расіі (1957). Вучылася ў Петраградскай кансерваторыі (1915—17). З 1921 працавала ў Мінску, у канцэртах выконвала запісаныя ёю бел. нар. песні. З 1923 выкладала ў Бел. драм. студыі ў Маскве, у 1925—63 артыстка Маскоўскай філармоніі. Першая ў СССР пачала выконваць песні народаў свету на нац. мовах, у рэпертуары больш за 5 тыс. узораў песеннай творчасці больш як 60 народаў свету, у т. л. ў апрацоўках бел. кампазітараў. Падрыхтавала зб. «Рэвалюцыйныя песні народаў» (выд. 1931). Аўтар кн. «Чалавек ідзе за песняй» (1968). Пра Я. зняты дакумент. фільм «Мелодыя для голасу з аркестрам» (1986). Сярод вучняў В.Шутава.

Літ.:

Богуславский С. Ирма Яунзем, исполнительница песен народностей. М.; Л., 1927;

Ирма Яунзем. М., 1929.

І.П.Яўнзем.

т. 18, кн. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ Пётр Андрэевіч (29.12.1904, С.-Пецярбург — 30.3.1987),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Расіі (1947), засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). Адзін з арганізатараў групы «Малады балет» (1923). З 1922 артыст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1935 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1945—58 маст. кіраўнік балета Т-ра імя Кірава. У 1958—60 арганізатар балетнага т-ра ў Кітаі. З 1927 выкладаў у Ленінградзе і Маскве, у т. л. ў 1966—83 у Ленінградскай кансерваторыі (праф. з 1973). Сярод партый: Шчаўкунок, Дэзірэ («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Асак («Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга), Жэром («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера); удзельнік прэм’еры «танцсімфоніі» «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена. Аўтар шматлікіх прац па праблемах балетнага т-ра.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ (Wolf) Хуга (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),

аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз. т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф. арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.​Мёрыке» (1888), «Вершы І.​В.​Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.​Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).

Літ.:

Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;

Коннов В. Песни Гуго Вольфа. М., 1988.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)