ПАПО́Ў (Віктар Сяргеевіч) (н. 10.12.1934, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1983). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958). З 1970 дырэктар Маскоўскага хар. вучылішча (з 1991 Акадэмія хар. мастацтва імя А.В.Свешнікава; з 1992 рэктар, з 1996 маст. кіраўнік). Заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. дзіцячага хору Усерас. тэлерадыёкампаніі (з 1970), мужчынскага хору (з 1989), адначасова кіраўнік хору хлопчыкаў (з 1970) Акадэміі хар. мастацтва. У 1960—75 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных, у 1980—93 у Маскоўскай кансерваторыі (з 1990 праф.). У выкананні хароў пад яго кіраўніцтвам запісаны больш за 2 тыс. твораў на радыё, шэраг тэлепраграм, выпушчаны грампласцінкі, аўдыёкасеты і кампакт-дыскі. Аўтар больш як 200 хар. апрацовак, кн. «Руская народная песня ў дзіцячым хоры» (1985), падручнікаў і хрэстаматый для навуч. устаноў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)