dziecko

dzieck|o

н. дзіця, дзіцяня;

dom ~a — дзіцячы дом;

od ~a — з дзяцінства; з дзіцячых гадоў;

~o z probówki — дзіця з прабіркі (зачатае штучным шляхам);

cudowne ~o — вундэркінд;

~o szczęścia — улюбёнец лёсу; шчаслівец

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 47,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.

Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц. т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Бяганская, У.​Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-д буд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.​Р.​Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл. Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац. АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.

Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл. цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл. БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс. чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.

Літ.:

Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.

В.​М.​Налецкі.

Капліца святой Ганны ў в. Ракаў.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР МУЗЫ́ЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.​Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава, «Вольны вецер» І.​Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.​Рабава, «Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.​Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.​Шоу) Я.​Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, «Джулія» (паводле С.​Моэма) і «Шклянка вады» У.​Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.​Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу, «Гора ад розуму» А.​Фельзера, «О, мілы друг» В.​Лебедзева, «Сірано» С.​Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.​Журбіна, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.​Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.​Маякоўскага) У.​Дашкевіча. З пач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» на муз. І.​Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» на муз. М.​Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на муз. П.​Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.​Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.​Гладкова, «Залатое кураня» У.​Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш. Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.​Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.​Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.​Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Гайда, В.​Мазур, засл. арг. Беларусі А.​Ісаеў, Г.​Казлоў, П.​Рыдзігер, В.​Фаменка, засл. арт. Расіі А.​Кузьмін, Н.​Равінская, засл. арг. Украіны А.​Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Расіі М.​Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.​Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.​Дзятко і К.​Кузняцоў.

У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.​Абраміс, П.​Кірыльчанка, А.​Лапуноў, балетмайстры С.​Дрэчын, В.​Бутрымовіч, артысты Дз.​Іванова, Ю.​Лазоўскі, К.​Лосеў, Р.​Харык, В.​Шаўкалюк, Л.​Рабушка, рэжысёры Б.​Утораў, В.​Цюпа, С.​Штэйн, А.​Барсегян, Р.​Вікцюк, Ю.​Аляксандраў, мастакі Я.​Чамадураў, А.​Марозаў, А.​Грыгар’янц, Б.​Герлаван, У.​Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.​Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.​Баневіча, «Дзіцячы альбом» на муз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.​Войціка.

Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.​Ткачук, У.​Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.​Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.​Кішчанка і А.​Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт Ю.​Якубовіч).

Літ.:

Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;

Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.​Германа. 1992.
Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.​Кандрусевіча 1991.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.​Глебава. 1987.

т. 6, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пашы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш шырокім; расшырыць. Пашырыць вокны. Пашырыць вуліцу. □ Пад скалой была даволі прыкметная западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Бяганская.

2. Павялічыць у колькасці, у аб’ёме. Пашырыць завод. □ [Лундзін:] — На той год яшчэ пашырым кармавую базу і адпаведна — павялічым колькасць кароў. Палтаран. // Зрабіць больш поўным, рознабаковым; паглыбіць. Пашырыць кола інтарэсаў. □ Выступленні хору перад салдатамі, перад жыхарамі горада, выезды з канцэртамі ў мястэчкі пашырылі мой дзіцячы кругагляд. А. Александровіч.

3. Зрабіць што‑н. шырока вядомым, даступным многім, пазнаёміць з чым‑н. многіх. Пашырыць перадавы вопыт. □ [Сымон:] Перш за ўсё трэба пашырыць ідэі камунізма сярод шырокіх пластоў народа. Колас. Голас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных. Караткевіч.

4. Расшырыць кола дзеяння чаго‑н. Пашырыць наватарскі пачын па ўсёй рэспубліцы. □ Тым часам падполле Віленшчыны адрадзілася і нават пашырыла свой уплыў. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбёны, ‑ая, ‑ае.

1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.

2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Капту́рдзіцячы ці жаночы галаўны ўбор’ (ТСБМ, Жд. 3, Сцяшк.; маладз. Янк. Мат.; Др.-Падб., Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.), ’галаўны ўбор, які старыя кабеты насілі пад хусткай’ (ДАБМ, 331; Сцяшк.; Мат. Гродз.; Зав.; Мат.; дзісн., КЭС), ’абруч, які насілі жанчыны на галаве’ (клец. КЭС), ’высокая прычоска’ (Жд. 3), ’асобым чынам завязаная намітка’ (глус. ДАБМ, 840; Нік. Очерки); ’пірамідальна выцяжны комін над горнам’ (драг., Жыв. сл.; Жд. 3; Бяльк.; міёр., Нар. сл.; Дразд.; нясв., Нар. словатв.; паўн.-усх. КЭС; мядз., міёр., Шатал.); ’абажур’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’дзесяты сноп, якім накрываецца бабка’ (карэліц., Шатал.) ’з коптурам, з верхам (накласці)’ (ТСБМ; глух., Янк. Мат.); ’жалезнае колца на канцы калодкі кола’ (Масл.). Ст.-бел. каптуръ, коптуръ ’каўпак, капюшон, клабук’ запазычана са ст.-польск. kaptur, якое, аднак, не мае надзейнай этымалогіі, дакладней, надзейнай крыніцы запазычання. Калі прыняць пад увагу значэнне ’пакрыццё галавы або вачэй жывёлам і птушкам’, то лексема магла б находзіць з лац. captūra ’лоўля’, с.-лац. ’турма’. Бернекер (485–486) дапускае сувязь з раманскім сар‑: с.-лац. capparo, італ. capperone ’плашч ад дажджу’, іншыя с.-лац. пакрыцці галавы — capitra, capiturare… (гл. Слаўскі, 2, 61–62). Устаўное ‑т‑ магло б быць вынікам дысіміляцыі ‑pp‑ > ‑pt‑. ЕСУМ (2, 377) услед за Міклашычам першакрыніцу лексемы выводзіць з цюрк. моў (параўн. чагат. kaptur ’вялікі мех’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

but

м.

1. часцей мн.

~y — чаравікі; боты;

~y damskie (dziecięce) — жаночы (дзіцячы) абутак; жаночыя туфлі; дзіцячыя чаравічкі;

~y futrzane — унты;

~y piłkarskie — буцы;

2. тэх. башмак;

głupi jak but — дурны, як бот (як пень; як варона)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

baby

[ˈbeɪbi]

1.

n., pl. -bies

1) дзіця́, дзіцяня́; дзіця́тка, немаўля́тка n.

2) наймаладзе́йшы зь дзяце́й у сям’і́

3) Figur. дзе́цішча n., улюбёны заня́так, ідэ́я

This project was his baby — Гэ́ты прае́кт быў яго́ным дзе́цішчам

2.

adj.

1) дзіця́чы

2) малады́

a baby lamb — малада́я бара́ніна

3) малы́

a baby car — мало́е а́ўта

4) дзяці́ны, непава́жны

- baby boom

- baby boomer

- baby carriage

- baby food

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)