ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУТэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,

баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж. к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.​С.​Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.​С.​Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз. аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс. т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс. чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням. узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.​Я.​Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.​А.​Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.

Літ.:

Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;

Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;

Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;

Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),

расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас. сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К.Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.​Кніпер-Чэхава, І.​Масквін, У.​Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.​Чэхава, «На дне» М.​Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.​Горкага, творы Г.​Ібсена, Г.​Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.​Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.​Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.​Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.​Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.​Транёва (1925), «Блакаду» У.​Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.​Талстога, «Навальніца» А.​Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.​Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз. т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз. т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.​Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.​Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.

Тв.:

Из прошлого. М., 1936;

Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;

Пьесы. М., 1962;

Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;

Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;

Рождение театра. М., 1989;

Святые горы. Донецк, 1990.

Літ.:

Марков П.А. Режиссура В.​И.​Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;

Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.​И.​Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;

В.​И.​Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;

Соловьева И.Н. Немирович-Данченко. М., 1979.

К.​Л.​Рудніцкі.

У.І.Неміровіч-Данчанка.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,

1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.

2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.

Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г. Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.​І.​Пічэта, У.​М.​Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел. пед. ун-та імя М.​Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, шэрагу пед. і інш. ВНУ рэспублікі.

Літ.:

Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;

Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ. М., 1992;

История Европы: Пер. с фр. Мн.;

М., 1996;

Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.

У.​С.​Кошалеў.

т. 11, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ,

здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.

Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.​Гобс, Дж.​Лок), амер. біхевіярызму (Э.​Торндайк, Дж.​Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.​Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.​Жанэ, М.​Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.​Эбінгаўзам (1885).

Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.

Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр. ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац. сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.

Літ.:

Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;

Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;

Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;

Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;

Психология памяти. М., 1998;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,

галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр. мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл. мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял. амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял. Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.​Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.​Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.​Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.​Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.​Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.​Клімава, «Сведка» В.​Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.​Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.​Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел. дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.​Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.​Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.​Арлова паводле рамана С.​Жаромскага, 1999).

В.​Ф.​Нячай.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд 1 (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)