пуры́зм

(фр. purisme, ад лац. purus = чысты)

1) залішне суровае імкненне захаваць чысціню мовы, культуры і інш.; барацьба супраць запазычанняў і новаўвядзенняў (у мове, норавах і г.д);

2) фармалістычны кірунак у жывапісе, які ўзнік у Францыі ў 20-я гг. 20 ст. і вызначаўся абстрактнасцю, сілуэтнасцю і контурнасцю адлюстраванняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прэтэ́нзія

(с.-лац. praetensio)

1) прад’яўленне сваіх правоў на валоданне чцм-н. (напр. п. на спадчыну);

2) скарга, выражэнне незадаволенасці з выпадку чаго-н. (напр. заявіць прэтэнзію);

3) імкненне прыпісаць сабе якасці, якіх звычайна няма (напр. прэтэнзіі на культурнасць).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

раманты́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве канца XVIII — першай чвэрці XIX ст., прыхільнікі якога змагаліся з канонамі класіцызму, выстаўляючы на першы план інтарэсы асобы і пачуццё і выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці гістарычныя і народнапаэтычныя тэмы. Рамантызм Байрана. Рамантызм Бетховена.

2. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, пранікнуты аптымізмам і імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека. Але па той прычыне, што Змітрок Бядуля яшчэ не валодаў рэалістычным метадам, імкненне сцвердзіць у творчасці станоўчыя пачаткі жыцця і ідэал прыгожага, жаданне пранікнуць у духоўны свет чалавека прывялі маладога пісьменніка да рамантызму. Каваленка.

3. Светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасць летуценнай сузіральнасцю.

[Фр. romantisme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сверб, ‑у, м.

1. Адчуванне казытлівага нервовага раздражнення, якое выклікае пачухванне. За плечы лезе холад. Цягне на сон. Ные рука, бярэ сверб, — быццам нехта круціць яе свярдзёлкам ля локця. Пташнікаў. // Раздражненне, выкліканае ўкусамі, дотыкам чаго‑н. і пад. Не думайце, што пасля той пасадкі ў крапіву Тараска збаяўся высока лазіць. Не. Мінуў які тыдзень, і ўсё забылася. Сверб прайшоў. Юрэвіч.

2. перан. Разм. Нецярплівае жаданне чаго‑н., імкненне да чаго‑н., турбота. Але ёсць у.. [Алёнкі] адзін верш. Яна хавае яго і нікому яго не паказвае, нягледзячы на ўвесь аўтарскі сверб падзяліцца з чытачом сваёю творчасцю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Філасофскае вучэнне аб мастацтве як асобым відзе грамадскай ідэалогіі, прысвечанае даследаванню ідэйнай сутнасці і форм прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і ў жыцці. Марксісцка-ленінская эстэтыка. // Сістэма поглядаў на мастацтва ці які‑н. яго від, якой хто‑н. прытрымліваецца. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын. Для эстэтыкі Багушэвіча былі характэрны пошукі праўды, імкненне мастацкім словам сказаць народу праўду аб яго цяжкім сацыяльным становішчы. Конан.

2. Прыгажосць, мастацкасць чаго‑н. Як бачым, праблем, звязаных з эстэтыкай архітэктуры, удасканаленнем мастацкага аблічча беларускай сталіцы — многа. «ЛіМ».

[Ад грэч. aisthētikós — які адчувае, успрымае; пачуццёвы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Празарыць, параўн. у песні: “Чаму, чаму, бабуленько, курчат ні чуваці? // Не чуваці дзедку, і чуці ні будзет, / Выпусціла на падвуор’е, прозарылі людзі”. (Федар.; навагр., Шн.). Значэнне няяснае: пакралі, ураклі? З іншай ступенню чаргавання прозырыць ’прагнаць энергічна, не даючы апамятацца’ (Янк. 2, Мат. Гом.), ’праматаць, праіграць (грошы, дабро)’ (ТС). Паралелі ў рус. провариться ’прагна, карыслігш глядзець некаторы час; паквапіўшыся, прамахнуцца ад прагнасці ў продажы, абмене’, што да зариться ’прыходзіць у азарт у гульні’, ’разарацца’, зарить ’разараць; забіваць’, ’глядзець, выглядваць’. Відаць, усе гэтыя розныя значэнні можна аб’яднаць адзіным семантычным кампанентам, прадстаўленым ў рус. зоркий ’прагны, юрлівы; гнеўны, сварлівы’, якое Фасмер (2, 80) не аддзязяе і ад зарить ’глядзець, не адрываючыся’ < прасл. *zbr‑/*zor‑ (гл. зорыць, зыр). Роднаснымі лічацца ст.-інд. haryati ’ён кахае, прагне’, ст.-в.-ням. gern ’прагны’, гоц. gairns, авест. žara‑ ’цэль, імкненне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́РФЕЛЬ ((Werfel) Франц) (10.9.1890, Прага — 26.8.1945),

аўстрыйскі пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст (цыкл «Сады горада Прагі», 1907). У зб-ках «Сябра свету» (1911), «Мы» (1913) адлюстраваў душэўны разлад і імкненне чалавека да гармоніі. Пачынаючы з драмы «Траянкі» (1913, перапрацоўка трагедыі Эўрыпіда), яго творчасць афарбавана ў тоны поўнай безвыходнасці і адначасова духоўнага стаіцызму. Трагічны разлад са светам абумовіў настрой зб-каў «Адзін аднаму» (1915), «Судны дзень» (1919), п’есы «Чалавек з люстра» (1920). У 1920-я г. звярнуўся да рэаліст. прозы: раманы «Вердзі: Раман оперы» (1924), «Сям’я з Неапаля» (1931), «Сорак дзён Муса-Дага» (1933, варыяцыі на тэмы Кнігі Зыходу); аповесць «Дом смутку», навелы «Смерць абывацеля», «Адчужэнне» (усе 1927). З 1938 у эміграцыі (Францыя, ЗША). Раман «Гімн Бернадэце» (1941) прасякнуты верай у чалавека і яго дабрыню, раман-антыутопія «Зорка ненароджаных» (выд. 1946) — трывожным роздумам над будучыняй чалавецтва. Вял. поспех мела п’еса «Якабоўскі і палкоўнік» (1944).

Тв.:

Рус. пер. — Верди: Роман оперы. М., 1962;

[Стихи] // Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988;

Сумерки человечества. М., 1990;

Сорок дней Муса-Дага: Роман. М., 1993.

Літ.:

Рудницкий М.Л. Верфель // История немецкой литературы. М., 1976. Т. 5.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанент маст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.

Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл. Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.

Літ.:

Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;

Алексеев С.С. О колорите. М., 1974.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)