бяссцёкавае возера ў Цэнтр. Афрыцы (у сумежных раёнах Нігерыі, Нігера, Чада і Камеруна), на выш. 240 м. Даўж. 270 км, шыр. да 150 км. Пл. ад 10 да 26 тыс.км² (у залежнасці ад шматгадовых ваганняў сцёку ў Ч.), глыб. адпаведна 4—11 м. У эпохі павышэння вільготнасці клімату (апошняе 5—6 тыс.г. назад) пл. возера дасягала да 400 тыс.км². Зах. і паўд. берагі нізкія, б.ч. забалочаныя; паўн.-ўсх. і ўсх. моцна парэзаныя, каля іх шматлікія астравы. У Ч. упадаюць рэкі Шары і Камадугу-Іобе. У месцах упадзення рэк вада ў возеры прэсная, на астатняй ч. — слаба саланаватая. У Ч. значны падземны адток, які дае жыўленне грунтавым водам прылеглых раёнаў. Водзяцца ламанціны, бегемоты, кракадзілы; шмат водных і балотных птушак. Рыбалоўства. Суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЙЛА́,
(цюрк.), 1) галоўная града Крымскіх гор са стромкімі паўд. і больш спадзістымі паўн. схіламі. Выцягнута на 110 км уздоўж узбярэжжа Чорнага м., ад Балаклаўскіх вышынь на З да мыса Ілья на У. Гал. водападзел Крымскага п-ва. На Я. знаходзяцца самыя высокія вяршыні Горнага Крыма: г. Раман-Кош (1545 м), Дэмір-Капу (1540 м), Зейтын-Кош (1534 м) і інш. Складзена пераважна з вапнякоў. Развіты карст; яры, каньёнападобныя цясніны (Вялікі каньён Крыма); шматлікія апоўзні і абвалы. Горна-лясныя ландшафты (на Пд міжземнаморскага тыпу), на вяршынях — лугі і стэпы. Асобныя ч. Я. называюцца (з З на У): Байдарская, Ай-Петрынская, Ялцінская, Нікіцкая, Бабуган-Я., Дэмерджы-Я., Далгарукаўская, Карабі-Я. Агульная пл. Крымскіх Я. каля 320 км².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСА́ЛЬМЫ,
духоўныя канты. Выкарыстоўваюць сюжэты з Бібліі, з яўрэйскай Агады, агіяграфічнай (жыційнай) л-ры, гістарычныя, сац.-бытавыя падзеі і інш. Уключаюць разнастайныя жанры (гімны, філас.-маралістычныя, замілавальныя, пакаянныя, малітоўныя, услаўляльныя, эсхаталагічныя, апакаліптычныя, П.-калядкі, велікодныя і інш.). Рэлігійная тэматыка ў П. трактуецца вольна. П. былі паказальнікам гуманіст. мастацтва эпохі Адраджэння і барока. Значны ўплыў на іх меў рэфармацыйны рух.
П. маюць лац. вытокі. Лац. П. апрацоўваліся ў стылі канкрэтнай эпохі: ars nova як спяванне ў суправаджэнні 2 інструментаў; у перыяд Адраджэння як рэчытацыя на фоне акордаў з багатай уступнай мелізматыкай, сярэдзіннай і заключнай кадэнцыяй, таксама ў форме прымітызаванага матэта; у перыяд позняга Адраджэння — шматхоравасць. Пачынаючы з барока, П. становяцца асновай шматлікіх кампазіцый для сольных галасоў, хору, аргана і аркестра.
Першая бел. П. — гімн-кант «Багародзіца» (спявалі бел. палкі ў час Грунвальдскай бітвы 1410). П. ўваходзілі ў рукапісныя і друкаваныя Багагласнікі, вядомыя на Беларусі (з 15 ст.) і Украіне. З сярэдзіны 17 ст. пашырыліся ў Расіі праз бел. і ўкр. «васпевакоў», выхадцаў з бел. і ўкр. зямель. Ўвайшлі ў шматлікіязб-кі П. і кантаў 17—18 ст. Вытокі літ. П. — у прафес. і нар. песеннай сілабічнай паэзіі, муз. — у бытавой зах.-еўрап. музыцы, усх.-слав.муз. фальклоры, а таксама стараж.-рус. і бел. знаменным роспеве. Вядомы П., прысвечаныя Хрысту, Марыі, святым, гіст. і сац. падзеям і інш. (напр., кант-гімн Афанасія Філіповіча «Даруй спакой царкве сваёй, Хрысце Божа»), Шматлікія П. і канты фалькларызаваліся і ўвайшлі ў калядны, вясельны, валачобны, пахавальны абрады беларусаў. Яны суправаджалі паказ батлейкі, з імі хадзілі хрыстаславы. Увайшлі ў рэпертуар лірнікаў. У 17 ст. з’явіліся першыя бел. лірычныя канты. Збор П. — «Псалтыр рыфматворная» Сімяона Полацкага (1678), пакладзеная на музыку В.Цітовым, — выдатны помнік бел.-рус. культуры. Тэксты П. захавалі беларусізмы, украінізмы, паланізмы. Музыка заснавана на бел.-ўкр. папеўках і мелодыях, а таксама на бел. знаменным спеве. На ўзор П. складаліся першыя рус. канты. П. і канты захаваліся ў нар. побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,
прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12°паўн. ш. на Пн і 9—10°усх. д. на У. Большую ч.тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ-ГЕРО́Я МУЗЕ́Й, Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Састаўная частка мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Адкрыты 8.11.1956. Размешчаны ў б. кальцавой казарме на цэнтр. востраве крэпасці. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. 930 м²), больш за 34 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Матэрыялы музея знаёмяць з гісторыяй Брэсцкай крэпасці. Асн. экспазіцыя — гераічная абарона крэпасці ў пач.Вял.Айч. вайны, шматлікія рэчавыя экспанаты, фатаграфіі і дакументы пра яе абаронцаў і іх лёс. Дэманструюцца работы мастакоў і скульптараў, што адлюстроўваюць розныя моманты абароны крэпасці. Асобны стэнд прысвечаны пісьменніку С.Смірнову, які зрабіў вял. ўклад у распрацоўку подзвігу абаронцаў. У кіназале дэманструюцца хранік.-дакумент. фільмы пра абарону крэпасці. У паўд.-ўсх. казематах у 1984 адкрыты музей «Хлапчукі бессмяротнага Брэста». Музей мае перасоўныя выстаўкі. Супрацоўнікі музея выдалі зборнікі ўспамінаў, артыкулаў і нарысаў, альбомы, буклеты, даведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАХО́ЎСКІ Леанід Арсенавіч (26.4.1888, г. Харкаў, Украіна — 4.4.1961),
украінскі мовазнавец. Акад.АН Украіны (1939), чл.-кар.АНСССР (1946). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Праф. Пермскага (з 1917), Харкаўскага (з 1921) і Маскоўскага (1943—44) ун-таў. У 1944—61 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Украіны. Даследаванні ў галіне агульнага, параўнальна-гіст., слав., укр. і рус. мовазнаўства. Шматлікія працы Булахоўскага прысвечаны малавывучаным пытанням і гісторыі індаеўрап. моў, узаемаадносінам балт. і слав. моў, слав., у т. л.бел., акцэнталогіі. Аўтар даследаванняў «З гістарычных каментарыяў да ўкраінскай мовы» (1946—52), «Пытанні паходжання ўкраінскай мовы» (1956) і інш.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. Киев, 1975—83.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 61—78;
Л.А. Булаховский и современное языкознание: К 100-летию со дня рождения: Сб. науч. тр. Киев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22°паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт.хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.