ПСА́ЛЬМЫ,
духоўныя канты. Выкарыстоўваюць сюжэты з Бібліі, з яўрэйскай Агады, агіяграфічнай (жыційнай) л-ры, гістарычныя, сац.-бытавыя падзеі і інш. Уключаюць разнастайныя жанры (гімны, філас.-маралістычныя, замілавальныя, пакаянныя, малітоўныя, услаўляльныя, эсхаталагічныя, апакаліптычныя, П.-калядкі, велікодныя і інш.). Рэлігійная тэматыка ў П. трактуецца вольна. П. былі паказальнікам гуманіст. мастацтва эпохі Адраджэння і барока. Значны ўплыў на іх меў рэфармацыйны рух.
П. маюць лац. вытокі. Лац. П. апрацоўваліся ў стылі канкрэтнай эпохі: ars nova як спяванне ў суправаджэнні 2 інструментаў; у перыяд Адраджэння як рэчытацыя на фоне акордаў з багатай уступнай мелізматыкай, сярэдзіннай і заключнай кадэнцыяй, таксама ў форме прымітызаванага матэта; у перыяд позняга Адраджэння — шматхоравасць. Пачынаючы з барока, П. становяцца асновай шматлікіх кампазіцый для сольных галасоў, хору, аргана і аркестра.
Першая бел. П. — гімн-кант «Багародзіца» (спявалі бел. палкі ў час Грунвальдскай бітвы 1410). П. ўваходзілі ў рукапісныя і друкаваныя Багагласнікі, вядомыя на Беларусі (з 15 ст.) і Украіне. З сярэдзіны 17 ст. пашырыліся ў Расіі праз бел. і ўкр. «васпевакоў», выхадцаў з бел. і ўкр. зямель. Ўвайшлі ў шматлікія зб-кі П. і кантаў 17—18 ст. Вытокі літ. П. — у прафес. і нар. песеннай сілабічнай паэзіі, муз. — у бытавой зах.-еўрап. музыцы, усх.-слав. муз. фальклоры, а таксама стараж.-рус. і бел. знаменным роспеве. Вядомы П., прысвечаныя Хрысту, Марыі, святым, гіст. і сац. падзеям і інш. (напр., кант-гімн Афанасія Філіповіча «Даруй спакой царкве сваёй, Хрысце Божа»), Шматлікія П. і канты фалькларызаваліся і ўвайшлі ў калядны, вясельны, валачобны, пахавальны абрады беларусаў. Яны суправаджалі паказ батлейкі, з імі хадзілі хрыстаславы. Увайшлі ў рэпертуар лірнікаў. У 17 ст. з’явіліся першыя бел. лірычныя канты. Збор П. — «Псалтыр рыфматворная» Сімяона Полацкага (1678), пакладзеная на музыку В.Цітовым, — выдатны помнік бел.-рус. культуры. Тэксты П. захавалі беларусізмы, украінізмы, паланізмы. Музыка заснавана на бел.-ўкр. папеўках і мелодыях, а таксама на бел. знаменным спеве. На ўзор П. складаліся першыя рус. канты. П. і канты захаваліся ў нар. побыце.
Л.П.Касцюкавец.
т. 13, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)