Тын ‘агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Байк. і Некр., Яруш., ТС), ‘агароджа з калоў’ (Шымк. Собр., Некр. і Байк., Пятк. 1, Ласт.), ‘агароджа як сцяна з бярвенняў’ (маладз., Янк. Мат., П. С.; валож., ЛА, 4, Маш., Варл.), ‘абкладка калодзежа з плашак’ (ТС, Мат. Маг.): тоўстая жанчына не павінна садзіцца на тыну калодзіся (Сержп. Прымхі), тынь ‘агароджа з дошак’ (Нас., Шушк.), ст.-бел. тынъ ‘плот, паркан’, ‘колле, жэрдкі’ (1579 г., ГСБМ). Сюды ж тыно́к ‘плот, тын’ (бярэз., Жыв. НС), ‘частакол’ (Гарэц.), ‘агароджа з тонкіх прутоў’ (Касп.), ‘агароджа з тонкіх яловых кійкоў, якія пераплятаюцца між жэрдак’ (в.-дзв., Шатал.), тъно́к ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тыні́ць ‘абгарадзіць тынам’ (Нас., Юрч.), ‘абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку’ (Юрч.), ты́навы ‘зроблены з частаколу’ (брасл., Сл. ПЗБ), ты́неный ‘абстаўлены драўлянымі плахамі’ (Юрч.). Параўн. укр. тин ‘агароджа’, ‘драўляная абліцоўка ў калодзежы’, рус. тын ‘плот’, стараж.-рус. тынъ ‘агароджа, плот’, ‘сцяна’, ‘аблогавае ўмацаванне’; польск. tyn ‘загарадзь, агароджа’; палаб. (vå)tåin ‘тын’, чэш. týn ‘агароджа’, славац. дыял. týn, týň ‘тычка, лата’, славен. tȉn ‘перагародка’, tȉnj ‘агароджа з дошак, жэрдак’, харв. tȉn, серб. ти̏н ‘перагародка’, чак. tȋnj ‘прасценак’, tinac ‘перагародка з ясеневых прутоў, пакрытая тынкам’, шток. ти̂њ ‘набіўка (напханая сенам, саломай, мякінай) між сцен’, ц.-слав. тынъ ‘перагародка, сцяна’. Прасл. *tynъ ‘жывая агароджа’, першапачаткова ‘густы зараснік’, якое ад *tytiгуста расці’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 145–153; ЕСУМ, 5, 568–9). Іншая шырока распаўсюджаная версія паходжання прасл. *tynъ са ст.-герм. tún ‘двор, сад’, ст.-в.-ням. zûn, ням. Zaun ‘плот’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., 1020; Брукнер, 589; Фасмер, 4, 132; Борысь, Czak. stud., 86). Кароткі агляд версій гл. Арол, 4, 126.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.

2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.

3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.

4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.

5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спле́сціся, сплятуся, спляцешся, спляцецца; спляцёмся, сплецяцеся, сплятуцца; пр. сплёўся, сплялася, ‑лося; заг. спляціся; зак.

1. Пераплесціся, пераблытацца; пераплёўшыся, злучыцца (пра галіны, дрэвы і пад.). Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу. Шамякін. Абвітыя хмелем галінкі і лісце спляліся над галавою так густа, што праз іх не магло прабіцца сонца. Сачанка. Карэнні, як дрот тэлефонны, Спляліся ля кожнай сасны. Прыходзька. // Пераплёўшыся, счапіцца (пра рукі, ногі, пальцы); абхапіць адно аднаго, пераплёўшы рукі і ногі. Толькі прыйшоў гэты час. На пероне Клункаў і кошыкаў штурхатня. Думна стаялі вы збоку, пры клёне, Рукі спляліся — ніяк не разняць. Цвірка. Школу запоўнілі крыкі і лаянка. Усе спляліся ў адзін клубок. Кіпеў сапраўдны рукапашны бой. Машара. // перан. Злучыцца, зліцца адно з другім. Як дзіўна ўсё гэта сплялося! Колас. Даўняе з сягонняшнім сплялося. Пысін. У .. сюжэце зусім ненатуральна спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай. Лойка.

2. Уявіцца, узнікнуць у свядомасці, у сне. [Крушынін:] — Учора бачыў у сне .. Домну [Анісіма]. І спляцецца ж чорт ведае што! Гурскі. Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень .. І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упле́сціся, уплятуся, упляцешся, упляцецца; упляцёмся, уплецяцеся, уплятуцца; пр. уплёўся, уплялася, ‑лося; заг. упляціся; зак.

1. Уставіцца, увіцца ў што‑н. пры заплятанні. / у перан. ужыв. Хай сабе і ўплялася ў валасы сівізна, але адчувала.. [Ганна], што здароўе яе яшчэ не зусім растрачана. Гроднеў. // Сплесціся, пераплесціся пры росце. Сіняя валошка, Травы разрасліся, Палыны на межах Густа ўпляліся. Колас. // Уліцца, уключыцца ў што‑н. А Марыся ветліва, шырока заўсміхалася насустрач.. [Вінцусю] і, выбіваючы такт песні нагой, непрыкметна адклала гітару, радасна замахала рукамі, кіруючы песняй, у якую ўплялося і яшчэ некалькі ціхіх галасоў. Галавач. Я аж вушам сваім не даў веры, калі пачуў аксамітны голас Метлюга. Мне здалося, што ў яго нават упляліся нейкія металічныя ноткі гневу. Сабаленка.

2. Разм. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Дзімка ўплёўся за цешчыну жакетку і памалу пасоўваўся бліжэй да дзвярэй. Капыловіч.

3. Разм. Увязацца за кім‑н. Потым ваўкі ўпляліся следам, загналі яго на грушу-дзічку і завылі жудаснымі галасамі. Наўроцкі. Уплёўся [камарык] за мною, ніяк не адстане. Звініць, нібы сыпле на вочы пясок. Камарык, камарык, навошта старонкі? Найлепшы ў свеце яе галасок... Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвісці́, цвіту, цвіцеш, цвіце; цвіцём, цвіцяце; незак.

1. Раскрывацца, распускацца (пра кветкі). Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі. Чорны. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей. // Мець кветкі; быць пакрытым кветкамі. На полі першая раса. І сталі яблыні цвісці... Броўка. Сад цвіў густа і дружна. Дуброўскі. Касі луг, як цвіце. З нар. / у перан. ужыв. Паглядзі, як наўкол прыгожа, Калі неба цвіце на ўсходзе. Гілевіч. На Санькавым твары цвіце вясёлая ўсмешка. Якімовіч. Густою чырванню цвілі На мне мае бінты. Пысін.

2. перан. Знаходзіцца ў стане фізічнага росквіту; быць здаровым, прыгожым. «Цвіце кабета, хоць і турбот у яе багата», — мімаволі падумаў Ваўчок. Хадкевіч. // Быць радасным, ажыўленым. Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. Бураўкін. Аляксей заўсёды цвіце ўсмешкай, яго можна назваць сімпатычным. Навуменка.

3. перан. Паспяхова развівацца, квітнець. Нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё. Лупсякоў. Наша мова, якая вякамі пагарджалася, нарэшце цвіце і красуе разам з народам. Дамашэвіч.

4. Пакрывацца цвіллю. Спрадвеку цвіла вада ў гэтых сажалках. «Звязда». Уставайце, хлеб даядайце, а то вы спіцё, а хлеб цвіце. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для чысткі, змятання і пад. у выглядзе драўлянай ці пластмасавай калодачкі з густа пасаджаныя на яе шчаціннем ці іншым матэрыялам. Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. — Ты зноў маёй шчоткай зубы чысціла? — нахмурыўся Пятрусь. Даніленка. [Казік:] — Узяў я шчотку ды мяту паціху. Чарнышэвіч. // перан. Пра што — н., што нагадвае шчотку. Дружна выбівалася з чорнай раллі густая шчотка яшчэ ружовай ярыны. Васілевіч. [Натура:] (правёўшы рукой па густой шчотцы барады). Якая там барада. Першы пушок паказаўся. Крапіва.

2. Частка нагі над капытом каня і пучок валасоў на гэтым месцы.

3. У электратэхніцы — калодка з медзі, графіту і пад., якая датыкаецца да калектара, якара электрамашыны і служыць для перадачы току. — І статар, і ротар, і шчоткі зусім спраўныя. Якімовіч. [Сымонка:] — Шчоткі трэба праверыць. Можа, яны слаба прылягаюць да вала якара? Гамолка.

4. У мінералогіі — сукупнасць крышталяў, якія панарасталі на народу шчыльна адзін да аднаго. Аметыставая шчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адна́к, (зрэдку ў спалучэнні з часціцай «жа»).

1. злучнік супраціўны. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа. Па сваім значэнні адпавядае злучніку «але» з абмежавальным адценнем. Качак пакуль што няма, аднак яны могуць быць. Брыль. Каб адагнаць сон, [Марылька] устала, прабегла па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі. // У гэтым жа значэнні злучае сказы і члены сказа са значэннем неадпаведнасці. Сашы было не да гэтага хараства, аднак і яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды. Шамякін. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Аднак жа вецер густа халадзіў цела. Чорны. — Што толькі тут можна насіць? — прабурчаў Алесь, узважыўшы сумку на руцэ, аднак закінуў сабе за спіну. Шыцік. // Ужываецца ў складаназалежных уступальных сказах для проціпастаўлення галоўнай часткі даданай. У кватэры хоць і ўсё, здаецца, было па-ранейшаму, аднак адчувалася раптоўная, рэзка падкрэсленая пустата. Зарэцкі. Хаця Уолтэр меў пад шэсцьдзесят, аднак быў бадзёры, рухавы. Гамолка.

2. пабочн. Тым не менш, усё ж, усё-такі. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Капітан, аднак, не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ. [Рыгор:] «Што яна [Ганна] робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба ж было мне з ёю спаткацца». Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)