тума́ніцца, ‑ніцца; незак.

1. Пакрывацца, ахутвацца туманам. На прыдарожнай траве, у вясёлых пялёстках рамонкаў, на пляскатых лісцях трыпутніку, на белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы. Мележ. Яшчэ ў лугах туманяцца Нізіны за ракой, Іду ў поле раніцай Сцяжынкай палявой. Русак. // Віднецца няясна, невыразна, як у тумане. Камяніцы і горы туманяцца, Як у дзіўным, у казачным сне. Глебка. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

2. Завалакацца, зацягвацца, трацячы здольнасць добра бачыць (пра вочы, погляд). І туманяцца вочы слязою. Успамінаў дымкі паплылі. Прануза. [Вочы маці] то туманіліся смуткам, то свяціліся яркай надзеяй, усміхаліся. «Звязда». // Станавіцца не зусім ясным, выразным, мутнець (пра думкі, свядомасць). [Лявон:] У вачах цёмна робіцца .. думкі туманяцца. Купала. У галаве гудзе, і думкі пачынаюць туманіцца.. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Салодка туманіцца ў галаве, і самі па сабе заплюшчваюцца вочы. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)