Раве́снік ’чалавек аднолькавага ўзросту з кім-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.), ’аднагодак’ (вільн., дзятл., карэл., віл., кам., Сл. ПЗБ); раве́сніца ’аднагодка’ (ТСБМ; навагр., шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Рус. ровесник, укр. рове́сник, чэш. rovesník, польск. rowieśny ’аднаго ўзросту’. Суфіксальнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ро́ўны (гл.). Падобна на тое, што тут мела месца складанне асноў ро́ўны і вясна́ ў значэнні ’год’. Сной (Безлай, 3, 156) мяркуе, што на падставе гэтых форм можна рэканструяваць *orvesnikъ > ад прыметніка *orvesьnъ, другаснага ў адносінах да *orvьnъ ’роўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Не такі, як усе; своеасаблівы, адметны. Як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адменнае, непаўторнае. Хадкевіч. — Форма! — весела выкрыкваў .. [Пракоп], падаючы гэтаму слову адменны, аднаму яму зразумелы сэнс. Вітка.

2. Самы лепшы, надзвычайны. Адменных вуліц, плошчаў тут нямала, І кветнікаў, і вечна свежых рос. Панчанка. Боцікі і сапраўды былі адменныя — новенькія, бліскучыя, на высокіх абцасах. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кажу́х, ‑а, М ‑жусе, м.

1. Доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын. Абодва [дзяды] былі ў доўгіх кажухах і нават пры рукавіцах: вясна вясной, а ноччу яшчэ ўсяго можа быць. Кулакоўскі. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Пакрыцце, футляр з жалеза, цэглы, дрэва і пад. для ізаляцыі або засцярогі збудаванняў, механізмаў ці іх частак. Металічны кажух. Кажух кулямёта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачацца, надысці (пра час, стан і пад.). Настаў час адпачынку. Настала вясна. □ На ўсёй зямлі настала свята, яна красой уся абнята. Дубоўка. У класе настала насцярожаная цішыня. Якімовіч. Тым часам настала жніво. Дуброўскі.

2. Разм. Прыстаць да каго‑н. з патрабаваннямі, просьбамі і пад. Так настаў, што я згадзіўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя А.​Венгеркі.

Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-ра пач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.​Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра, Мальера, К.​Гальдоні, Ю.​Тувіма, В.​Багуслаўскага, А.​Міцкевіча, С.​Выспянскага, С.​Мрожака, Б.​Шэфера, Т.​Ружэвіча, В.​Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.​Хандке, «Эмігранты» С.​Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац. т-ра імя Я.​Купалы У.​Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.​Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.​Дастаеўскага (рэж.—маст. кіраўнік т-ра імя Я.​Купалы В.​Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.​Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.​Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.​Купалы Ю.​Авяр’янаў і Кін-Камінскі.

М.​А.​Бартніцкая.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч (н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),

мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.​Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.​Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.

У.​В.​Мальцаў.

Э.Гейдэбрэхт. Эскіз дэкарацый да балета «Рамэо і Джульета».

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАЎСКО́Й Уладзімір Аляксандравіч (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),

расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед. ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт. Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн. філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.​Дзяргай, Х.​Жычка, А.​Звонак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1988—89;

Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.

Літ.:

Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.

Дз.І.Лугаўской.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Miller) Генры Валенштайн (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.​Серабракоў.

Тв.:

Бел. пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс;

М., 1995;

Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.

Літ.:

Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;

Лявонава Е.А. Чалавечае, надта чалавечае: (Эстэт. абрыс Генры Мілера) // Крыніца. 1999. № 1.

Е.​А.​Лявокава.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».

Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.​Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.​Манюшкі, М.​Равенскага, М.​Шчаглова, М.​Анцава, А.​Туранкова) і сучасных (С.​Бельцюкова, А.​Залётнева, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, А.​Рашчынскага, А.​Хадоскі, Л.​Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.​Бартнянскага, А.​Ведаля, В.​Казлоўскага, С.​Рахманінава, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова, месы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, А.​Дыябелі, рэквіемы Л.​Керубіні, М.​Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).

Т.​А.​Цітова.

Мінскі абласны камерны хор «Санорус».

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕВА (сапр. Валянская) Галіна Яўгенаўна

(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),

руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед. ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.​Радзінскім) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1987—88;

Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.

Літ.:

Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;

Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.​Е.​Николаевой. Томск, 1986.

Л.​В.​Календа.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)