ФЕСТ (грэч. Phaistos),

старажытны горад на Пд в-ва Крыт, буйны цэнтр крыта-мікенскай культуры. У эпоху неаліту і ранняй бронзы Ф. — невял. паселішча. Каля 2200 да н. э. тут узведзены манументальны царскі палац, які мае шмат агульнага з палацам Кноса; адметны 3 брукаванымі дварамі, свяцілішчамі і т.зв. тэатральнай пляцоўкай з прыступкамі-лавамі для 500 гледачоў. Пасля землетрасення (сярэдзіна 18 ст. да н.э.) палац цалкам перабудаваны і пашыраны. Новы палац вызначаўся высокім узроўнем буд. майстэрства: сцены шматлікіх памяшканняў і доўгіх калідораў складзены з чэсаных пліт, выкарыстана фрэскавая размалёўка, меў шмат гасп. памяшканняў і разгалінаваны водаправод. Быў абкружаны калонамі, меў перыстыльны двор. Вакол палацавага ўзгорка размяшчаўся горад. Каля 1470 да н.э. Ф. разбураны землетрасеннем, пасля якога тут знаходзілася невял. паселішча. У 1900—66 даследаваны італьян. археолагамі.

Да арт. Фест. Палац 2000—1500 да н.э.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙНДЛІХ Бруна Артуравіч (10.10.1909, С.-Пецярбург — 9.7.2002),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў тэатр. тэхнікум пры Ленінградскім траме (1934). З 1931 працаваў (з перапынкам) у ленінградскіх т-рах імя Абкома ВЛКСМ, юнага гледача, Вял. драм., з 1948 у Расійскім т-ры драмы імя Пушкіна. Яго мастацтва адметнае майстэрствам сцэнічнага дыялогу, спалучэннем інтэлектуальнага і лірычнага пачатку. Сярод роляў: Старадум («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Глумаў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Барон («На дне» М.​Горкага), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), айцец Серафім («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Баляснікаў («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава) і інш. З 1949 здымаўся ў кіно: «Аляксандр Папоў» (1949), «Розныя лёсы» (1956), «Бацькі і дзеці» (1959), «Мёртвы сезон» (1968), «Чайкоўскі» (1970), «Бег» (1971), «Расія маладая» (тэлефільм, 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУГА́ТА (італьян. fugato літар. — накшталт фугі),

форма поліфанічнай музыкі, блізкая да фугі, але без устойлівай рэпрызы. Звычайна раздзел буйной муз. формы. Для Ф. характэрна выкладанне тэмы па тыпу экспазіцыі фугі або на аснове імітацыйнага ўступлення галасоў, дынамічнае развіццё, паступовае ўшчыльненне поліфанічнай фактуры.

У 18—19 ст. Ф. выкарыстоўвалі як сродак выкладання муз. тэмы і яе развіцця, ва ўступах і заключных частках. У 19 ст. развівалася на аснове класічных традыцый, аднак набыла новую трактоўку і вобразны сэнс (І.​Брамс, М.​Глінка, Ф.​Ліст, С.​Танееў, Ф.​Шуберт і ІНШ.). У 20 ст. пашырана ў творах М.​Мяскоўскага, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, Дз.​Шастаковіча, Р.​Штрауса і інш.

У бел. музыцы выкарыстана ў творах М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, Я.​Глебава і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Фуга.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́РМАН Аляксандр Маркавіч (н. 18.10.1963, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1981). З 1981 саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Творчасці Ф. ўласцівы тонкі артыстызм, унутраны тэмперамент, глыбокае пранікненне ў характар персанажа, шчырасць, пачуццё гумару, тэхнічнасць. Сярод партый: Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), сыны («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Шынкар («Кругаверць» А.​Залётнева), Макбет («Макбет» В.​Кузняцова), Эспада і Гамаш («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Абат («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Драсельмеер, Дэзірэ, Ротбарт, Юнак («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Серэнада» на муз. Чайкоўскага), Бог і Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Меркуцыо, Парыс («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Тарэадор («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына) і інш.

Літ.:

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 90—92.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭМЕ́НТНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вырабе розных відаў цэменту, таксама азбестцэментных лістоў (шыферу) і труб, вапны для буд-ва, грануляванага мелу і інш. Найб. развіта ў ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Германіі, Францыі, Японіі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і інш.

На Беларусі Ц.п. узнікла ў 1914 з уводам у эксплуатацыю Ваўкавыскага цэментнага з-да (гл. «Ваўкавыскцэментнашыфер»; з 2001 наз. «Краснасельскбудматэрыялы», г.п. Краснасельскі, Гродзенская вобл.). З 1933 у г. Крычаў (Магілёўская вобл.) працуе цэментны з-д (гл. «Крычаўцэментнашыфер»), У 1940 выраблялася каля 200 тыс. т цэменту. У 1996 у г. Касцюковічы (Магілёўская вобл.) пабудаваны Касцюковіцкі цэментны завод. Асн. сыравіна — цэментныя карбанатныя і гліністыя пароды з Каменкаўскага радовішча мелу (Крычаўскі р-н), Камунарскага радовішча мергелю і мелу, радовішча Пушча і інш. Вытв-сць цэменту — 1,8 млн. т (2001).

П.​І.​Рогач.

Да арт. Цэментная прамысловасць. Беларускі цэментны завод у г. Касцюковічы.

т. 17, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЕРЫКО́Ў Віталь Паўлавіч (16.8.1933; г. Алматы, Казахстан — 26.8.1983),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчай манеры характэрна імкненне да маст. асэнсавання дакумент. фактаў, эпічнага адлюстравання рэчаіснасці, выкарыстанне экспрэсіўных маст. сродкаў. Зняў дакумент. фільмы «Высокае напружанне» (1964), «Беларуская рапсодыя» (1965), «Пакараны смерцю ў сорак першым» (1967), «Мне хацелася расказаць» (1969) і інш. Стварыў маст. эпічныя фільмы пра падзеі Вял. айч. вайны «Руіны страляюць...» (1971, тэлевізійны) і «Полымя» (1974, гал. прэмія 8-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Кішынёве 1975), у якіх ігравыя эпізоды спалучаны з кадрамі кінахронікі і архіўных дакументаў. Сярод інш. фільмаў: «Саша-Сашачка» (1967), «Час-Не-Чакае» (1976), «Чорная бяроза» (1978), «Паводка» (1981), «Зацішша» (1982, тэлевізійны), «Сад» (1983). Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Л.​М.​Зайцава.

В.П.Чацверыкоў.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЕТАВЕ́Ц Таццяна Рамуальдаўна (н. 1.1.1960, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979, клас І.Савельевай). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца шматграннай адоранасці, аднолькава свабодна валодае тэхнікай класічнага і сучаснага танца, выконвае партыі характарнага плана. Сярод партый у нац. рэпертуары: Нявеста («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Ганна Багранародная («Страсці» А.​Мдывані), Дзяўчына («Кругаверць» А.​Залётнева). З інш. рэпертуару: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Блудніца («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.​Равеля), Мерседэс і сола («Дон Кіхот» і «Пахіта» Л.​Мінкуса), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Мірта («Жызэль» А.​Адана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), сеньёра Капулеці («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), танцы ў операх.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),

эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.​Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.​Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.​Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Пятровіч (14.12.1910, Баку — 27.1.1985),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў муз.-тэатр. студыю ў Харкаве (1930). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1934—37). З 1930 працаваў у т-рах Чарнігава, Кіева, Новакузнецка, з 1952 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў сутнасць характараў, мастацтва пераўвасаблення, тонкі гумар. Найб. значныя ролі ў Брэсцкім т-ры: Дзяржынскі, Траўбе («Брэсцкі мір», «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Дзед, Камендант, дзед Цыбулька («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Галутвін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Пярчыхін («Мяшчане» М.​Горкага), Худзякоў («Характары» паводле В.​Шукшына), Дулітл («Пігмаліён» Б.​Шоу). Здымаўся ў кіно.

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 18, кн. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРО́ЎСКІ (сапр. Саруханаў) Юрый Ільіч

(3.5.1894, Тбілісі — 30.12.1959),

расійскі і латвійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1956). На сцэне з 1914. Працаваў у т-рах Расіі. З 1924 (з перапынкам) акцёр і рэжысёр Рыжскага т-ра рус. драмы, адначасова (да 1934) выступаў і ставіў спектаклі ў Рабочым т-ры (Рыга). Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Макар Дубрава («Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Тэўе («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), кароль Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Паставіў каля 100 спектакляў, у т. л. «Платон Крэчат» Карнейчука (1937), «У агні» Р.​Блаўманіса (1955). Здымаўся ў кіно («Сустрэча на Эльбе», 1949; «Жукоўскі», 1950, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

Літ.:

Вахрушева Е.А. Юрий Юровский Рига, 1957;

Яе ж. Дорога исканий. Рига, 1958.

Ю.І.Юроўскі.

т. 18, кн. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)