старажытны горад на Пд в-ва Крыт, буйны цэнтр крыта-мікенскай культуры. У эпоху неаліту і ранняй бронзы Ф. — невял. паселішча. Каля 2200 да н. э. тут узведзены манументальны царскі палац, які мае шмат агульнага з палацам Кноса; адметны 3 брукаванымі дварамі, свяцілішчамі і т.зв. тэатральнай пляцоўкай з прыступкамі-лавамі для 500 гледачоў. Пасля землетрасення (сярэдзіна 18 ст. да н.э.) палац цалкам перабудаваны і пашыраны. Новы палац вызначаўся высокім узроўнем буд. майстэрства: сцены шматлікіх памяшканняў і доўгіх калідораў складзены з чэсаных пліт, выкарыстана фрэскавая размалёўка, меў шмат гасп. памяшканняў і разгалінаваны водаправод. Быў абкружаны калонамі, меў перыстыльны двор. Вакол палацавага ўзгорка размяшчаўся горад. Каля 1470 да н.э. Ф. разбураны землетрасеннем, пасля якога тут знаходзілася невял. паселішча. У 1900—66 даследаваны італьян. археолагамі.