АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́НЬЕЎ (Віктар Васілевіч) (н. 26.12.1950, Брэст),
бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (1972—86), з 1986 гал. архітэктар Пецярбургскага праектнага ін-та №3. Асн. работы ў Брэсце: будынак рэдакцыі і выдавецтва газ. «Заря» (1980), забудова мікрараёна Усход 3 (1986), аэравакзал (1986; Дзярж. прэмія Беларусі 1988) і інш.
т. 1, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТУКІ́,
вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Рэчыцы, 77 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Рэчыца. 2007 ж., 789 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ КАЛО́ДЗЕЖ,
калодзеж або свідравіна, з якіх атрымліваюць артэзіянскія воды. Артэзіянскі калодзеж звычайна замацоўваюць трубамі, выкарыстоўваюць помпы, у зоне ваданоснага пласта абсталёўваюць фільтрамі. Многія нас. пункты Беларусі бяруць ваду з артэзіянскага калодзежа. Водазабеспячэнне Мінска часткова грунтуецца на сістэмах артэзіянскіх свідравін глыб. у некалькі дзесяткаў метраў, часам больш за 100 м (дэбіт 50—100 м³/гадз).
т. 1, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЖНЯ, Пастовіцкі канал,
рака ў Беларусі, у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і на мяжы Асіповіцкага з Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 176 км. Пачынаецца за 1,8 км на Паўднёвы Захад ад вёскі Дубное Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
т. 2, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Усыса (працякае праз яго), за 1 км на Паўднёвы Захад ад горада Гарадок. Плошча 0,3 км², даўжыня 1 км, найбольшая шырыня 0,4 км. Катлавіна выцягнутая з Захаду на Усход, акаймаваная лесам. Берагі нізкія, паўднёвыя забалочаны. Злучана Усысай з азёрамі Лугавое і Шчарбакоўскае.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у басейне ракі Сэрвач, за 27 км на Усход ад гарадскога пасёлка Мядзел. Плошча 0,22 км², даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,4 км, найбольшая глыбіня 23 м. Плошча вадазбору 21,5 км². Берагі забалочаныя, дно глеістае, у заходняй частцы пясчанае. Злучана меліярацыйным каналам з ракой Патачанка.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА,
вадасховішча ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у пойме ракі Нясета. За 10 км на Захад ад гарадскога пасёлка Клічаў, каля вёскі Арэхаўка. Створана ў 1983 для рыбагадоўлі, арашэння і рэкрэацыі. Плошча 1,02 км², даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,86 км, найбольшая глыбіня 5,5 м. Наліўное. Напаўняецца вадой з ракі Нясета.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ШНІКІ,
вёска ў Беларусі, у Забалоцкім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства «Арэшнікі». За 11 км на ПдЗ ад Смалявіч, 30 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзішча. 492 ж., 163 двары (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЎЦЫ́,
вёска ў Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Драгічын, 124 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Драгічын. 2432 ж., 964 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Курган Памяці. Помнік драўлянага дойлідства — Міхайлаўская царква (1780).
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)