ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова).

А.​І.​Калядэнка.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)