ры́хтык, прысл.

Разм.

1. Якраз, дакладна (таксама, такі самы). Алімпа ўгледзела праз шыбу акна прыплюснуты нос і вушы, рыхтык такія, як у дзядзькі. Сабаленка. Карацей і прасцей кажучы, .. [гаспадар] гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй ніякай магчымасці пазбавіцца ягоных кіпцюроў. Дубоўка.

2. у знач. нязм. прым. Выліты хто‑н., падобны на каго‑н. — У клубе сядзеў дзядзька рыхтык наш Пракоп Кульгавы. Хведаровіч. Яшчэ калі малым быў, аднойчы, на вадохрышча, вылепіў са снегу станавога, але ж рыхтык ён. Гурскі.

[Польск. rychtyk, rychtyg з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сала́та, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства складанакветных, лісты якой сырымі ўжываюцца ў ежу. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч.

2. Страва з лісцяў гэтай расліны з воцатам, смятанай і пад.

3. Халодная страва з нарэзанай кавалачкамі сырой або варанай гародніны, часам рыбы, мяса і пад., палітых якім‑н. соусам. Салата з памідораў. □ Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты, вяндліна і іншае. «Звязда». // Усякая агароднінная прыправа да мясной стравы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самасу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Самачыннае, без ведама ўлад і суда пакаранне чалавека, якога западозрылі ці абвінавацілі ў злачынстве. [Грышка:] — Пакуль не позна — не дайце рабіць самасуду пад сялянамі. Віламі і тапарамі абаран[і]це заўтра тых, каго жандары павесіць захочуць. Мы вам паможам... Чарот. Каб Лясніцкі спазніўся на адну хвілінку, усё было б скончана. Суду не было б чаго рабіць. Але камісар сурова спыніў самасуд. Шамякін. // Асуджэнне самім якіх‑н. сваіх учынкаў, дзеянняў. Як вядома, здольнасць да самага, глыбокага самасуду — яшчэ не прыкмета, глыбокай маральнасці. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да свістаць.

2. каго, каму. Разм. Моцна, з размаху сцебануць, стукнуць. Аж самой балюча станавілася, і дзіця прыціскалася да плота, баючыся, каб каторы [паліцыянт] не пад’ехаў ды не свіснуў па галаве і яе [Ліпачку]. Сабаленка. Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб. Якімовіч.

3. каго-што. Разм. Украсці. Свіснулі гадзіннік. □ [Кудравец:] Табе добрае плацце справім. Грошы знойдуцца. Бачыш? (Паказвае Ніне ашчадную кніжку). Я не хачу тут (паказвае на тумбачку) трымаць, а то яшчэ свіснуць. Кучар.

•••

Калі рак свісне гл. рак ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́рага, прысл.

1. Прысл. да дарагі (у 1 і 3 знач.). Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна. Колас. — Колькі? — спытаў Сімон. — Сто жоўценькіх, — коратка адказаў Гунава. — Дорага! — яшчэ карацей сказаў Сімон. Самуйлёнак. Хто калі перажываў расстанне з роднымі мясцінамі, той ведае, як радасна і дорага ўбачыць іх зноў. Навуменка.

2. перан. Цаной вялікіх намаганняў, цяжкасцей, ахвяр. Хачу я, каб .. [нашчадкі] не забывалі, Што нам свабода дасталася дорага. Свірка. [Фон Адлер] спыніў атакі — надта дорага яны каштавалі. Шамякін.

•••

Дорага б даў (заплаціў) гл. даць.

Дорага заплаціць гл. заплаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.

2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.

Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Выклікаць у кім‑н. моцнае раздражненне, злосць; раз’юшыць. — Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла кветачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Шамякін. Канцавенькага гэта яшчэ больш раз’ятрыла: — От чаму гэтае гумно з хутара не зносяць!.. Арочка.

2. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; растрывожыць, развярэдзіць. Раз’ятрыць рану. // перан. Прычыніць маральныя пакуты. У хатах людзі пабойваліся ўспамінаць пра гэты страшны выпадак, каб не раз’ятрыць сваіх сэрцаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяяса; зак., каго-што.

1. Прывязаць, прымацаваць што‑н. пад чым‑н. Падвязаць званочак. Падвязаць вядро пад воз. // Абвязаўшы, прывязаць да чаго‑н., пазбавіўшы магчымасці падаць, апускацца. Падвязаць памідоры. □ Самы блізкі да вулляў рад маладых яблынек дзяўчаты прапанавалі падвязаць увечары, калі ўгамоняцца пчолы. Дуброўскі.

2. Абвязаць зверху чым‑н. Падвязаць шчаку хусткай. // Разм. Надзець што‑н. зверху, завязаўшы канцы. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

3. Дадаць вязаннем яшчэ крыху; падвязаць. Падвязаць шалік. Падвязаць рукавіцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)