ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл. Рэв. укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр. с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр. с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр. камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.

Тв.:

Рус. пер.: — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—17;

Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);

Честность с собой;

Записки курносого Мефистофеля. М., 1991;

Золотые россыпи Чекисты в Париже. Мн.;

М., 1991.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўці — рэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РЫ́ЛЬСКІ (Максім Тадзеевіч) (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),

украінскі паэт, вучоны. Акад. АН Украіны (1943), акад. АН СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.​Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.​Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.​Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.​Багушэвіча, Броўкі, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Я.​Коласа, А.​Куляшова, Я.​Купалы, В.​Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.​Колас, артыкулы Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, Т.​Кабржыцкая, Р.​Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Броўка, Ю.​Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.​Лужанін, П.​Прыходзька, В.​Рагойша, А.​Русак, Н.​Тарас і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1971.

Тв.:

Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;

Вибране. Київ, 1967;

Сонети. Київ, 1974;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;

Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;

На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.

Літ.:

Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;

Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;

Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Воспоминания о Максиме Рыльском. М., 1984;

Вервес Г. Максим Рыльский в кругу славянских поэтов: Пер. с укр. М., 1981.

К.​Р.​Хромчанка.

М.Т.Рыльскі.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАВАРАДА́ (Рыгор Савіч) (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),

украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.​Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав. рэліг. філасофіі і л-ры.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;

Соч. Т. 1—2. М., 1973;

Соч. Мн., 1999.

Літ.:

Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;

Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;

Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;

Эрн В. Г.​Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;

Г.​Сковорода: Жизнь и учения. Мн.;

М., 2000.

Н.​Г.​Кісялёва.

Р.С.Скаварада.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, ‑о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, ‑о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)