МАСЭ́НКА (Тарэнь) (Цярэнцій Германавіч; 10.11.1903, с. Гладосы Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.8.1970),

украінскі паэт. Скончыў Камуніст. ун-т імя Арцёма ў Харкаве (1930). Друкаваўся з 1926. У кнігах вершаў, балад і паэм «Стэпавая медзь» (1927), «Айчына» (1937), «У стане воінаў» (1944), «Сярэбраная дарога» (1946), «Кіеўскія каштаны» (1954), «Барвовыя вяргіні» (1969), рамане ў вершах «Стэп» (кн. 1—2, 1938—68) і інш. паэтызацыя мірнага і ваен. подзвігу народа, багацце духоўнага свету суайчынніка. На словы М. напісаны шматлікія песні, рамансы, хары. Быў знаёмы з Я.​Купалам і інш. бел. пісьменнікамі. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на ўкр. мову: паэмы «Адвечная песня», «Бандароўна», «Над ракою Арэсай», камедыя «Паўлінка» (разам з П.​Тычынам), шматлікія вершы. Пераклаў асобныя творы А.​Александровіча, М.​Багдановіча, У.​Дубоўкі, А.​Дудара, Я.​Коласа, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Труса. На бел. мову творы М. пераклалі С.​Грахоўскі, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, А.​Зарыцкі, А.​Звонак, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, К.​Кірэенка, Р.​Няхай, Панчанка, П.​Прыходзька.

Тв.:

Вибране. Київ, 1975;

Бел. пер. — Вішнёвыя зоры Украіны. Мн., 1961;

Казка нашага лесу. Мн., 1962.

Літ.:

Нудьга Г. Терень Масенко. Київ, 1965.

В.​А.​Чабаненка.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)