КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.Д.Гескага і К.Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.Бахун, Д.Буйноўскай, Р.Маселбас, Э.Плюцінскай, А.Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.М.Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)