Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pęta ’аковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnen ’прасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец 1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец 2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несудо́мны, несудомы ’надта вялікі, страшны’ (ТС); несудо́мны лес = вялікі, непраходны лес, нетра; несудомны мороз = вялікі, траскучы мароз (мазыр., ул. зал.). Відаць, да суд (гл.), параўн. рус. несудимый ’вельмі моцны, перавышаючы звычайную меру’, не судом (божиим) ’вельмі моцна, у вельмі вялікай колькасці’ (Дзяул. сл.), несудо́м кричать ’крычаць вельмі моцна’ (паўд.-рус., СРНГ), што тлумачыцца зыходным значэннем ’які не падлягае абмеркаванню ці асуджэнню’ (Даль), г. зн. ’надзвычайны’. Аднак для названых слоў нельга выключыць і іншыя версіі ці па меншай меры ўплыў біблейскага імені уласнага Садом, якое пачало ужывацца як апелятыў, паради, судом ’нешта нядобрае, непрыемнае’: Судом ее возьмі, дзе вона дзелася, тая шапка! (ТС), параўн. садомія (содомія) ’вялікае злоўжыванне; моцная разбэшчанасць’ (Нас.) і інш., гл. Някрасава, Диалект, иссл. по рус. яз. M., 1977, 247–250; іншая версія ад *sędoma (паводле Ліуканен, Отглаг. сущ., 131 < Zsędębma ад sъ‑dębiti ’акачанець’), параўн. укр. судо́ма ’міжвольнае скарачэнне мускулаў (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях і г. д.), сутарга’; тады адмоўе ў несудомны можа выконваць функцыю табу; адносна семантычнай мадэлі параўн. халерны, пранцаваты і пад. як экспрэсіўная адмоўная характарыстыка ў адносінах да нежывых прадметаў (халерны холад і пад.). Для спалучэнняў тыпу гушча несудомая можна дапусціць народна-этымалагічнае збліжэнне з сыйці, сходзіць (гушча несы(и)домая?); параўн. несходзімы ’непраходны; вялікі (пра лес)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каля́ прыназоўнік з родн. скл. (прастор., аб’екта, кольк. адносіны) (БРС, ТСБМ) у Гарэц.; віл. Карск., Касп., Кліх ў прасторав. адносінах, у Сл. паўн.-зах. яшчэ і ’для, за’: …ён каля яе стараўся…; цёця каля яго возьмецца… і ’у час’. У форме кале ’каля’ адзначана Кліхам і Сержпутоўскім (Сержп. Грам. — асноўны арэал і з казак, мазыр.). Геаграфія пашыраецца, калі ўлічыць форму каляблізку ’у недалёкай адлегласці’ (КЭС, лаг.) і каляболацце (слаўг., Яшк.). Асноўны матэрыял у ДАБМ, к. 221, Камент., 766–767. Слова сустракаецца на большай частцы тэрыторыі, канцэнтрацыя — на паўночным захадзе. Укр. (у запісах Чубінскага) кіля, польск. крак. kola, славін. kolä. У шэрагу моў сустракаюцца формы, падобныя да бел. кале: польск. kole, kele, kiele, гл. Карл., 2, 406, 407, каш. kuole (і інш.), чэш. kole ’каля’. Паводле паходжання ўтварэнне з kolo (параўн. адносна этымалогіі кола) з традыцыйнай менай галоснага як у формах podlo/podle. ESSJ (SG, I, A, 89) мяркуе і аб магчымасці аднясення бел. каля да старога тыпу kole; пярэчыць гэтаму, на яго думку, рус. калуж. кала, кыла. Адносна апошняга параўн. кала (гл.). Бел. каля хутчэй за ўсё незалежнае ад польск., славін. форм (націск), наяўнасць формы кале, калі (ДАБМ) на беларускай можа сведчыць па карысць паходжання ‑я‑ з канцовак ‑е‑. Параўн. яшчэ ля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́ня ‘драўляная пасудзіна для складвання ці ссыпання, скрынка’, ‘драўляная пасудзіна з вечкам і замком, сундук, куфар’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Булг., Шатал., Бір. дыс., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, Шушк., Жыв. сл.), ‘аконная або дзвярная шуфляда’ (Тарн., Шушк., ТС), ‘драўляная аправа ў жорнах’ (шальч., лід., Сл. ПЗБ), ‘дадатковы зруб на дне калодзежа’ (Некр., Сцяшк., Шатал., Бір. дыс., ТС, Нар. лекс.), ‘вулей’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ), ‘дамавіна з чатырох дошак’ (ТС), ‘шуфляда ў стале’ (Нар. сл.), ‘форткі акна’ (Шушк.), ‘ступка (медная)’ (Мат. Гом.), скры́нка ‘сундук’ (мазыр., Яшк. Мясц.), скры́нка ‘чатырохчленная пасудзіна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Асноўная версія: беларускае, як і ўкр. скри́ня, рус. скрин, скри́ня, скри́нка ‘тс’, запазычаны з польск. skrzynia, skrzynka ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 97) або чаш. skříně ‘тс’ (Фасмер, 3, 657). Крыніца заходнеславянскіх слоў у лац. scrīnum ‘цыліндрычная скрынка для захавання папер’; гл. Махэк₂, 550; Голуб-Копечны, 334–335; Младэнаў, 586; Скок, 3, 270) або з ст.-в.-ням. scrîni ‘шафа’ (Фасмер, там жа, Кіпарскі, Gemeinslav., 264 і наст., Сной₁, 575), якое ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы. Праабражэнскі, 2, 312; Брукнер (498), Шустар-Шэўц (700–701) дапускаюць магчымасць спрадвечнаславянскага паходжання і роднасць з рус. крынка. Гл. яшчэ БЕР, 6, 796.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,

вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс. чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн. дол. зброі і на 51,6 млн. дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал. лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав. Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр. Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.

У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс. чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.​Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.​М.​Гіціс (з 7.7.1919), М.​М.​Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.​І.​Ягораў (10.1—31.12.1920), чл. РВС: Р.​І.​Берзін (10.1—18.12.1920), Х.​Г.​Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.​В.​Сталін (10.1—1.9.1920), С.​І.​Гусеў (29.8—14.10.1920), С.​І.​Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.​Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).

12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс. чал. (камандуючы П.​А.​Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.​М.​Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.

Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс. чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.​Дз.​Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл. Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.

Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв. сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт. Пінская ваенная флатылія).

Літ.:

Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;

Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;

Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел. гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Весялу́ха 1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха 2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха 3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха 1 (гл.).

Весялуха 4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха 1 (гл.).

Весялуха 5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха 6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па 1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па 2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб 2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)