ПАЛО́НСКІ (Якаў Пятровіч) (18.12.1819, г. Разань, Расія — 30.10.1898),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Жыў у Адэсе, Тбілісі. З 1851 у Пецярбургу, рэдагаваў час. «Русское слово» (1859—60), служыў у Камітэце замежнай цэнзуры, у Савеце Гал. ўпраўлення па справах друку (1860—96). Друкаваўся з 1840. Першы зб. вершаў — «Гамы» (1844). Паэзіі П. ўласцівы напружаны драматызм, нар.-песенныя матывы, выкарыстанне сюжэтна-навелістычнай кампазіцыі, казачных і міфал. вобразаў, нар. мовы; зб-кі «Вершы 1845 года» (1846), «Сазандар» (1849; на каўк. матэрыяле), «Адбіткі» (1866), «Снапы» (1871), «Вячэрні звон» (1890) і інш. Аўтар жартоўнай паэмы-казкі «Конік-музыкант» (1859), гіст. паэм «Браты» (1866—70), «Келіёт» (1874), аўтабіягр. рамана ў вершах «Свежае паданне» (1861—62, незавершаны), раманаў «Прызнанні Сяргея Чалыгіна» (1867), «Танны горад» (1879), п’ес у вершах і прозе, у т. л. «Разлад» (1864, пра паўстанне 1863—64), лібрэта оперы «Каваль Вакула» (1872, паст. 1876; паводле аповесці «Ноч перад Калядамі» М.​Гогаля; муз. П.​Чайкоўскага), аповесцей, апавяданняў, нарысаў, мемуараў, публіцыст. артыкулаў і інш. Многія вершы П. пакладзены на музыку А.​Даргамыжскім, С.​Рахманінавым, С.​Танеевым, Чайкоўскім і інш. Нар. песнямі сталі «Песня цыганкі» («Мой касцёр у тумане свеціць...») і «Пустэльніца». На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ф.​Баторын.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1986;

Влюбленный месяц: Стихотворения. М., 1998.

Літ.:

Орлов П.А. Я.​П.​Полонский. Рязань, 1961;

Лагунов А.И. Лирика Я.​Полонского. Ставрополь, 1974;

Тхоржевский С. Высокая лестница // Тхоржевский С. Портреты пером. М., 1986.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ФАЛЬКЛО́Р,

вуснапаэтычныя творы, складзеныя бел. народам на тэрыторыі, акупіраванай ням. фашыстамі ў гады Вял. Айч. вайны. У іх — нянавісць да акупантаў, вера ў перамогу, услаўленне подзвігаў нар. мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў — маст. адлюстраванне подзвігаў рэальных нар. герояў, у т. л. К.​Заслонава, С.​Каўпака, дзе сапраўдныя жыццёвыя факты спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя. Так, у казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб’ядноўваюцца з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам. У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваен. хітрасць легендарных партыз. камандзіраў. Выкарыстоўваліся традыц. фалькл. сюжэты, маст. прыёмы і сродкі, элементы прафес. мастацтва і л-ры. Вял. камічны эфект мелі творы малых форм: анекдоты, жарты, гумарэскі. У іх высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фаш. прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзена сатыр. пісьмо бел. партызан «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Сатыр. накіраванасць уласціва многім прыказкам і прымаўкам. Бязлітасная сатыра на фаш. захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала Думкам і настроям людзей, якія ў акупацыі не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу.

Публ.: Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Ми., 1961; Паэзія барацьбы. Мн 1985.

Літ.:

Гусев В.Е. Славянские партизанские песни. Л., 1979;

Фядосік А.С. Народная паэзія барацьбы. Мн., 1981.

А.​С.​Фядосік.

т. 12, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Багаты́р 1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р 2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).

Багаты́р 2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дуніца ’дзень памінання продкаў’ (Скарбы; гом., Талстая, Полес.), радуніца: да абеда плачуць, а па абедзе скачуць (Сержп. Казкі), ра́дунішта (ра́дашна) нядзеля ’тыдзень пасля Вялікадня’ (Мат. Гом.), ра́данец ’тс’ ’радаўніца’ (КЭС), параўн. рус. ра́дуница ’тс’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’. Гл. радаўніца. Паводле Анікіна (Опыт, 261), названыя формы з’яўляюцца больш раннімі, чым формы са слядамі дыфтонга au, якім прыпісваецца балтыйскае паходжанне (Лаучутэ, Балтизмы, 127–129) і якія могуць адлюстроўваць збліжэнне з радавацца (гл.). На гэтай падставе нельга не пагадзіцца з Жураўлёвым (Язык и миф, 393), што з’ява можа мець дахрысціянскія вытокі і славянскія карані, параўн. балг. редуни́ца ’рад, шэраг’ (Сб. НУ, 38, 138), изре́ждам ’прычытаць, пералічаць’, редо́вна неде́ля ’другі тыдзень перад Сырапустным або трэці перад Вялікім постам’, редовна́ неде́ля ’тыдзень ад Мясаеда да Сырапустнага тыдня’ (узводзіцца да ред ’рад’, БЕР, 3, 201) і жытом. ра́довый дэнь ’радаўніца’ (Талстая, Полес., 205).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тар ’наймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́рмін 1 ‘пэўны прамежак, канец устаноўленага часу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Сержп. Казкі, Касп.), ст.-бел. терминъ, тэрминъ, терменъ ‘тс’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана праз ст.-польск. termin ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. terminus ‘мяжа, канец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192), або непасрэдна адаптаванага з лацінскай тэрміналогіі, што шырока ўжывалася ў судовай практыцы ВКЛ, параўн. termini indiciarii terrestres = рокі судовые земские ад ст.-бел. рок ‘акрэслены, прызначаны час’ (Жлутка, 332). Сюды ж тэрміно́ва ‘ў хуткім часе’ (Варл.), тэрміно́вы ‘які не церпіць адкладу’, тэрмінава́ць ‘прызначыць тэрмін’ (Ласт.).

Тэ́рмін 2 ‘абазначэнне, назва пэўнага паняцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Сюды ж, магчыма, ст.-бел. термина, тармена ‘кароткі спіс, нататка’ (1574 г.), термината ‘тс’ (ГСБМ), ‘копія, прабел старонкі’ (Ст.-бел. лексікон), што звязаны з с.-лац. terminus ‘слова ў строга вызначаным сэнсе’, гл. ЕСУМ, 5, 554; Арол, 5, 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.

2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.

3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.

4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (1832, С.-Пецярбург — 26.5.1873),

рускі і бел. этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, пасля дырэктар гімназіі ў Навагрудку. Першы дырэктар (1867—73) Гродзенскай дырэкцыі нар. вучылішчаў. Чл. Рус. геагр. т-ва. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел. народа, запісваў бел. фальклор. Зрабіў апісанне шматлікіх нар. абрадаў і звычаяў, побыту («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861, «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», 1867, «Норавы і звычаі заходнярускага народа», 1868, і інш.). Бел. казкі дасылаў рус. фалькларысту А.М.Афанасьеву, які публікаваў іх па-беларуску ў сваіх «Народных рускіх казках». Запісваў бел. тапанімічныя і міфалагічныя легенды («Возера Свіцязь», 1860, «Паданне пра Лоўчыцы», 1861). У зб. «Спроба збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) апубл. урывак з твора Я.​Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», бел. ананімны верш «Кінуў-рынуў паўстанне». У «Зборы песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869) змясціў 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, нар. гульняў, забаў, танцаў. Частка рукапіснай спадчыны Дз. зберагаецца ў архівах Геагр. т-ва і Б-кі Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтр. гіст. архіве Літвы (Вільнюс).

Тв.:

Несколько слов краткого исторического обозрения русско-литовского Новогрудка... // Вестн. имп. Рус. геогр. об-ва. 1858. Ч 24;

Собрание дальнейших исторических сведений о Новогрудке со смерти Свенторога (1270) // Там жа. 1859. Ч. 26;

Обряды и обычаи западнорусских крестьян // Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г Гродно, 1869;

Воскресные школы в Гродненской губернии // Циркуляр по Московскому Учебному округу. 1868. № 12.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)