Ра́каўка ’ракаўстойлівы гатунак бульбы’ (брагін., Мат. Гом.), рако́ўка (ПСл), ра́кавы ’акрэсленне да гатунку бульбы’ (Мат. Гом.). Імаверна, назва створана ад ракаўстойлівы гатунак (бульбы) шляхам сцяжэння ў адно слова пры дапамозе суф. ‑оўка/‑аўка, як паштоўка < паштовая картка, або з-за вузлаватасці клубняў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свіршч ‘дзірачка, якая праточана чарвяком’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад свірашчэ́ць ‘выдаваць рэзкі прарэзлівы голас’ (Ласт.), параўн. свісту́н ‘пусты арэх з дзірачкай’ (Нас., Касп.). Параўн. таксама іншае ўтварэнне ад таго ж дзеяслова — свіраст (свіра́ст) ‘рэзкі прарэзлівы гук’ (Ласт.). Гл. свірчэць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тава́ранка ’назва грыба’ (Нар. Гом.), тава́рынка, тава́ранак ’грыб малачай звычайны, Lactarius trivialis Fr.’ (мазыр., рагач., Сярж.–Яшк.). Да тавар 1 (гл.), параўн. таварачы; відаць, з-за малочнага соку, які выдзяляецца на зломе, параўн. іншыя назвы гэтага віду грыбоў: кароўка, кароўнік і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч. М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
т. 12, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гу́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Дзелавая або сардэчная размова. Пачалася гутарка людзей, што не бачыліся можа толькі адзін дзень, але ў якіх сабралася за гэты дзень шмат навін. Шахавец.
2. Лекцыя, даклад, паведамленне, разлічаныя на абмен думкамі прысутных. Часопіс пачынае друкаваць цыкл гутарак аб камунізме. «Звязда». Урокі работы над тэкстам часцей за ўсё праводзяцца ў форме гутаркі. Барсток.
3. Літаратурны твор, пабудаваны ў форме дыялогу. Гутаркі і з явіліся найбольш, падыходзячым жанрам літаратурных твораў, зручным для прапагандысцкай работы. Пшыркоў.
4. Гаворка, чутка. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адко́с 1, ‑у, м.
1. Нахільная паверхня гары, узгорка і пад.; адхон. Трыма крокамі .. [Пархвен] перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Чорны. // Бакавая пакатая паверхня дарожнага палатна, насыпу і пад. Берагавы адкос. □ На адкосах дарог густа цвіце блакітны падарожнік. Брыль. [Тры чалавечыя фігуры] падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосе на палатно.. і доўга пазіралі ў той бок, дзе за тэлеграфным слупам стаяў з карабінам у руках Грышка. Чарот. Раслі масты, высокія адкосы, і рэйкі струнамі віліся ўдаль. Машара.
2. Спец. Нахільная паверхня, якая ідзе пад вуглом; старана чаго‑н. (якога‑н. будынка, збудавання).
адко́с 2, ‑у, м.
Адработ касьбой за паслугу, пазыку і пад. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.
1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.
2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.
3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.
4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.
5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.
2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.
3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Разм. Успамінаць. [«Буржуй»:] — Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. Лынькоў. Па мястэчку — Гвардыян ведае — часта памінаюць яго імя. Зарэцкі.
2. Маліцца за ўпакой памёршых. Поп скорагаворкай памінаў імёны забітых. Мікуліч.
3. Спраўляць памінкі, удзельнічаць у памінках. Але гэты наш першы хлеб, Хлеб, з якім паміналі братоў, Сустракалі з няволі сясцёр... Не забудзецца век. Танк.
•••
Не памінай (не памінайце) ліхам — не ўспамінаць блага. [Ніна:] — Бывайце здаровы, не памінайце ліхам. Лобан.
Памінай як звалі — уцячы, збегчы, знікнуць бясследна. За восень у балота так наліло, што ў поцемках можна шуснуцца ў прорву — і памінай як звалі. Дуброўскі.
Памінаць (успамінаць) добрым словам — успамінаючы, добра адзывацца аб кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́мысел, ‑слу, м.
1. Здабыванне звяроў, птушак і пад. лоўляй, паляваннем. Промысел собаля. □ Мой дзед ездзіў на ловы ўжо з беркутам, а бацька, удасканаліўшы промысел продкаў, акрамя беркута, меў ганчака. Васілёнак.
2. Які‑н. занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання. Ганчарны промысел. Кавальскі промысел. □ Уперад некаторыя з лугінаўцаў займаліся промысламі: рабілі ц[а]бры, падушкі, колы, выраблялі рагожы ды вазілі за дваццаць вёрст у горад на продаж. Каваль. // Разм. Здабыванне чаго‑н. (часцей крадзяжом, ашуканствам і пад.). У Познані, дзе мянялася паравозная брыгада, Станіслаў хадзіў на «промысел», каб дастаць хлеба. Гурскі.
3. Месца, дзе займаюцца здабычай чаго‑н.; прамысловае прадпрыемства. Нафтавыя промыслы. Саляныя промыслы.
•••
Адыходны промысел (гіст.) — часовая, сезонная работа сялян за межамі сваёй вёскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)