Апо́на ’завеса, пакрыццё’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. устар., укр. опона ’тс’. Польск. устар., чэш., славац., славен. opona ’тс’, серб.-харв. опо̀на ’перапонка’; опона ’завеса’ вядома ўжо ў ст.-слав., а таксама ў старарускіх помніках з XII ст. і помніках старабеларускай мовы (Гіст. мовы, 1, 156) у блізкім значэнні. Праславянскае ўтварэнне ад кораня, прадстаўленага ў словах пяць2 (гл.), апінаць. Нельга прыняць тэзіс аб запазычанні з гоц. fana ’сцяг’, што прапанаваў Гірт, РВВ, 23, 336, супраць чаго Фасмер, 3, 146; наўрад ці апраўдана думка Мейе (Études, 255) аб калькіраваным характары славянскага ўтварэння: прэфікс о‑ не адпавядае тым элементам, з якіх быццам адбывалася калькіраванне (грэч. καταπέσμα ці гоц. faurhah), а ўтварэнні з іншымі прэфіксамі і тым жа коранем (попона, запон(ък)а, перепон(ък)а і пад.) паказваюць, што гэта мадэль была прадуктыўнай у славянскіх мовах. Іншую літаратуру прыводзіць Праабражэнскі. Недакладна Голуб-Копечны аб выключна чэшскім характары слова. Як праславянскае разглядае Брукнер. Зэльв. апона ’пакрышка’ (веласіпедная і г. д.) (Сцяц.) з польскай. Глуск. апоня ’шырокае, не дастасаванае да стану адзенне’ (Янк. III) — адгалінаванне разглядаемага слова; магчыма, тут адбылася катамінацыя з апанча (гл.), таксама як у значэнні апоня ’чалавек, які носіць шырокае адзенне’ (там жа), трэба ўлічваць магчымасць кантамінацыі з народным апонец < японец (КТС). Апон ’кашара’ (ДАБМ, 784), магчыма, трэба разумець як ’месца, якое апінаецца’ (г. зн. абмяжоўваецца); ст.-рус., ст.-бел. прѣпона, бел. перапона таксама абазначаюць месца. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дзіць ’палохаць, спуджваць, прымушаць бегчы’ (Нас.), ’страшыць, палохаць’ (Гарэц., Яруш., Шпіл., Шат., Янк. 2, ТСБМ), pudzić ’страшыць жывёлу’ (Варл.), пу́дыты ’гнаць, разганяць, распуджваць; рэзаць (размашыста)’ (Клім.), пу́дзіцца ’палохацца, імчацца ад перапалоху’ (Нас.), пу́дзіцца ’палохацца, баяцца (пераважна пра жывёлу)’ (Гарэц., Яруш., Мал., ТС); укр. пу́дити ’гнаць’, рус. пу́дить ’палохаць, гнаць’, польск. pędzić ’гнаць’, чэш. puditi ’пабуджаць, падбухторваць’, славац. pudiť ’гнаць’, славен. poditi, серб.-харв. púditi, балг. пъ́дя, макед. пади, ст.-слав. пѫдити ’тс’. Прасл. *pǫditi параўноўваюць з грэч. σπευδω ’спяшацца, старацца; падганяць, прыспешваць’, літ. spáusti, spáudýti ’цясніць, гнясці’, spándyti ’нацягваць’ і інш. Коген (Запіскі, 2, 239), следам за Петарсанам (Vergl., 32), узводзіць названыя формы да і.-е. *(s)peud‑ (з “s mobile”), пры гэтым бел. пудзіць, укр. пудити і пад. адлюстроўваюць, паводле яго, ніжэйшую ступень кораня *speud‑, менавіта, *(s)pud‑ з інфіксам ‑n‑, што дазваляе вытлумачыць фанетычную неадпаведнасць некаторых формаў (насавы галосны ў польскай і славенскай пры чакаемым u), якую Махэк₂ (467) звязвае з экспрэсіўным узмацненнем. Далейшая сувязь з пяць, пну (гл.), пу́та і інш. (параўн. Скок, 3, 68; Сной, 459) здаецца праблематычнай перш за ўсё з семантычнага боку, аднак фармальна мажлівай пры ўзвядзенні да і.-е. *(s)pen‑d < *(s)pen‑ ’цягнуць, расцягваць’ (Глухак, 511). Яшчэ менш пэўная сувязь з пя́дзя (гл.) пры ўзвядзенні да і.-е. *pondh‑/*pendh‑, параўн. лац. pendēre ’вісець’ (Банькоўскі, 2, 537 і інш.). Гл. таксама Фасмер, 3, 402; ЕСУМ, 4, 627.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαι ‘імкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfio ‘рухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57–64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑ ’церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)