Нагаловіч ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (браг., Шатал.), ’верхні брус над акном’ (рэч., Мат. Гом.), сюды ж на́галавень ’вушак над варотамі’, ’брус над дзвярамі’ (маст., Шатал.), нагловень ’тс’ (браг., Шатал.). Да галави на аснове метафары («галава дзвярэй»), параўн. іншую назву рэаліі — шапка; цікавую паралель даюць польск. nagłówek, nagłówka ’архітэктурная дэталь; пліта, якая накрывае капітэль’, н.-луж. nagłowk ’верхні брус над дзвярамі’ і інш., якія могуць мець і першаснае значэнне ’шапка, шалом’ (’тое, што знаходзіцца на галаве’, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 982); адсутнасць апошяга значэння ў бел. слова, таксама як і арыгінальнае словаўтварэнне, не дае падстаў адносіць яго да запазычанняў, хаця яны характэрны для народнай тэрміналогіі цяслярства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заве́я ’мяцеліца’. Рус. дыял. заве́я ’тс’, ’месца дзе кружыць вецер’, укр. заві́я ’мяцеліца’, польск. zawieja ’тс’; параўн. чэш., славац. závěj, славен. zavèj ’сумёт’. Аддзеяслоўны наз. на а‑ ўтвораны ў паўн.-слав. мовах на базе прэфіксальнага *za‑vě‑ja‑ti (гл. веяць). Бел., укр. і польск., а таксама рус. дыял. прыбалт. факты магчыма трактаваць як звязаныя паміж сабой. Перм., арханг., урал. завея ’месца, захаванае ад ветру’ магло ўзнікнуць самастойна. Крыніцай польск. і зах., усх.-слав. з’явы можа быць як польск., так і «крэсовая» форма (чаму не пярэчыць ужыванне Міцкевічам); для высвятлення гэтага патрэбны звесткі аб пашырэнні слова ў народных гаворках, што для слова, замацаванага ў літ. мове, ускладнена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плошчадзь, плошчадь ’плоскае, роўнае месца’ (стаўб., Прышч. дыс.; шальч., кобр., беласт., Сл. ПЗБ). З рус. площадь, якое з прасл. *plosk‑ědь (Фасмер, 3, 287); Пізані (Этимология–1956, 69) лічыць слова выключна ст.-слав., адкуль яно трапіла ў ст.-рус., утвораным ад плоскъ на аснове суадносін паміж ст.-грэч. πλατεῖα < πλατύς ’шырокі, плоскі’, г. зн. адносна позняй слав. калькай, што, на яго думку, пацвярджаецца і адносна рэдкім і ’непадыходзячым” суфіксам ‑ę-dь насуперак яму Аткупшчыкоў (Из истории, 161–163) падкрэслівае славянскасць словаўтваральнай мадэлі на *-ę-dь. Хутчэй за ўсё, праславянскі дыялектызм ад *ploskъ (гл. плоскі), утвораны пры дапамозе прадуктыўнага суфікса -ědь, траўм, роўнядзь і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяко́лак ’прымурак, выступ у печы’ (ТСБМ; паст., смарг., астрав., Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; Мат. Маг.), ’пячурка ў сцяне печы’ (Бяльк.; мядз., Нар. словатв.; круп., Нар. сл.), ’прыпечак; ніша збоку прыпечка, куды зграбаюць вуголле’ (ТСБМ, лаг., трак., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Ян.; Нас.: “у Магілёўскай і Віцебскай губерніях”), ’камінак’ (Сцяшк.; Нас.: “у Мінскай і Гродненскай губерніях”), пяко́лка ’гзымс, карніз зверху печы’ (Бяльк.), ’ямка для заграбання жару на прыпечку’ (Арх. Федар.). Утворана ад пе́кла разм. ’вельмі моцная гарачыня’, магчыма, пад уплывам польск. piekiełek ’запечак, месца паміж печчу і сцяной’, piekiełko ’прыпечак, прымурак перад уваходам у печ’, паводле Банькоўскага (2, 549), з першаснага *piekłek/*pkiełka, памянш. ад ст.-польск. pkieł ’пекла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,

бой паміж партыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.​А.​Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.​А.​Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.​К.​Панамарэнкі (С.​А.​Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЧЫНЯ́ ў матэматыцы,

колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),

манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.

В.​С.​Пазднякоў.

Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),

гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 × 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.

Быхаўская сінагога.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)