СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб.пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш.), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,
штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм.Крышталізацыя з расплаву — найб.пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш.Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш.Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДЗЕНЬ,
складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.
Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.Пахера ў царкве г. Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.П.Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст.пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш.).
На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).
Да арт.Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРО́НЕВЫЯ КО́ЛЬЦЫ,
жаночыя ўпрыгожанні з. каляровых металаў (радзей з серабра), якія насілі каля скроняў. С.к. падтрымлівалі прычоску, іх упляталі ў валасы па некалькі штук з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка; магчыма, у некат. выпадках мацавалі ў мочцы вуха.
Паявіліся ў бронзавым веку. Лічыліся спецыфічным упрыгожаннем зах. славян 8—9 ст. У сярэдневякоўі былі пашыраны ў Візантыі і Зах. Еўропе. Ва ўсх. славян С.к. набылі асаблівую папулярнасць у 11—12 ст.; былі ўпрыгожаннем сялянак і гараджанак. На Беларусі самыя стараж. С.к. належалі сярэднедняпроўскай культуры, у жал. веку — мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры, штрыхаванай керамікі культуры. С.к. класіфікуюць паводле знешняга выгляду і тэхналагічных адзнак. Вылучаюць драцяныя, пацеркавыя, шчытковыя, прамянёвыя і блізкія да іх лопасцевыя. Прынята лічыць, што С.к. нясуць этнавызначальныя функцыі, што дае магчымасць удакладніць карту рассялення плямён (гл. ў арт.Вяцічы, Дрыгавічы, Крывічы, Радзімічы).
Літ.:
Левашова В.П. Височные кольца // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. М., 1967.
Скроневыя кольцы з курганнага могільніка Каласы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 11—12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ВА (Prunus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 30 відаў (паводле інш. звестак каля 400). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — С. калючая, або цёрн. занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзлесках, у драбналессі і хмызняках прырэчных тэрас на Пд рэспублікі. Культывуецца некалькі відаў пладовых культур С.: алыча; амерыканская (P. americana); дамашняя (P. domestica) — натуральны гібрыд скрыжавання цёрну з алычой, вядома больш за 3 тыс. гадоў; кітайская (P. salicina); цярновая (P. insititia).
Лістападныя кусты або дрэвы выш. 3—12 м. Лісце суцэльнае, зубчастае, эліпсоіднае, з кароткім чаранком. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках. белыя, радзей зеленаватыя, ружовыя Плод — сакаўная касцянка з бакавой баразёнкай, бледна-зялёная, жоўтая, чырв., фіялетавая, чорна-сіняя, з васковым налётам. Плады спажываюцца ў ежу, з іх гатуюць сокі, кампоты, марынады, варэнне, глазураваныя фрукты, з высокацукровых сартоў — чарнасліў. Харч., меданосныя, дэкар., лек., тэхн. (драўніна і камедзь) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЯНЫ́Я КІСЛО́ТЫ,
прыродныя карбонавыя к-ты, якія прадуцыруюцца раслінамі хвойных парод; асн. кампанент жывіцы (62—65%), талавага масла (30—45%) і прадукту іх перапрацоўкі каніфолі (60—92%).
Сярод С.к. найб.пашыраны ненасычаныя трыцыклічныя карбонавыя к-ты агульнай ф-лы C19H29COOH, якія адрозніваюцца пазіцыяй падвойных сувязей у малекулах, а таксама іх дыгідра-, тэтрагідра- і дэгідравытворныя (C19H31COOH, C19H33COOH і C19H27COOH адпаведна). У жывіцы хвойных дрэў пераважаюць к-ты абіяцінавая (у жывіцы піхты яе 46—52%, кедра 32% па масе) і левапімаравая (27—36% у жывіцы хвоі). Індывід С.к. — бясколерныя крышталі без паху, добра раствараюцца ў ацэтоне, бензоле, дыэтылавым эфіры, не раствараюцца ў вадзе. Для С.к. характэрныя рэакцыі з удзелам карбаксільнай групы (утвараюцца солі і эфіры) і па падвойных сувязях. С.к. са спалучанымі падвойнымі сувязямі лёгка акісляюцца ў паветры і ізамерызуюцца адна ў другую (першасны кампанент жывіцы — левапімаравая к-та лёгка пераходзіць у абіяцінавую). У прам-сці атрымліваюць і выкарыстоўваюць у выглядзе каніфолі.
Я.Г.Міляшкевіч.
Структурныя формулы смаляных кіслот: а — абіяцінавай; б — левапімаравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМОЛАКУРЭ́ННЕ,
вытворчасць смалы спосабам сухой перагонкі асмолу. Вядома з даўніх часоў, у т. л.ўсх. славянам. Смалу выкарыстоўвалі для прасмолкі марскіх і рачных суднаў, канатаў, рыбацкіх невадоў і інш. На Беларусі ў 13 ст. ажыўлены гандаль смалою з Ганзай праз Рыжскі порт вёў Полацк. Вытворчасць і экспарт смалы павялічыліся ў 16 ст., асабліва ў 18—1-й пал. 19 ст. Памешчыкі, уладальнікі лясных угоддзяў развівалі смалакурны промысел для павелічэння таварнасці сваіх гаспадарак. З канца 18 ст. гандаль смалой ішоў праз паўд. парты Херсон, Адэсу. Смалакурны промысел быў найб.пашыраны на Падняпроўі і Палессі (Магілёўская і Мінская губ.). У 1804—10 на смалакурнях Мінскай губ. штогод выраблялі да 40 тыс., у Магілёўскай губ. да 20 тыс. бочак смалы. Смалу гналі ў асноўным прыгонныя сяляне, а пасля адмены прыгоннага права — сяляне-саматужнікі і купцы-лесапрамыслоўцы. Традыц. спосабы С. — ямны, майданны і ў смалакурных печах. К канцу 20 ст. саматужнае С. заняпала. Да 1980-х г. вытворчасцю смалы займаліся некаторыя леспрамгасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОКАЛАПАДО́БНЫЯ, дзённыя драпежныя птушкі (Falconiformes),
атрад птушак. 5 сям., 79 родаў, 290 відаў. Паўвывадкавыя птушкі. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і невял. акіянічных астравоў. На Беларусі 22 віды, з якіх 14 у Чырв. кнізе: арлан-белахвост, арол-карлік, беркут, дзербнік, змеяед, падворлікі вялікі і малы, пустальга, сапсан, скапа, сокал-каршачок, шулёнак, або шулячок, каршун чырвоны (гл.Каршуны), мышалоў стэпавы (гл.Мышаловы). У Чырв. кнізе МСАП 16 відаў і 15 падвідаў. Вядуць пераважна дзённы спосаб жыцця (адсюль другая назва).
Даўж. цела 14—120 см, размах крылаў да 3 м, маса ад 35 г да 12 кг. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў. Апярэнне шчыльнае, шорсткае, бураватае ці шэрае са стракацінамі. Крылы вострыя і вузкія ў сокалаў і шырокія, тупыя ў ястрабаў. Дзюба моцная, вострая, кручкападобная, каля асновы пакрыта голай, гладкай скурай — васкавіцай. Ногі моцныя. Кіпцюры вострыя (у грыфаў тупыя), загнутыя. Манагамы. Драпежныя, часта ўсёедныя. У кладцы ў буйных відаў 1—2 яйцы, у дробных да 7. Гл. таксама Арлы, Асаед звычайны, Канюкі, Крэчат, Перапёлачнік, Сіпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЎКІ, начніцы (Noctuidae),
сямейства матылёў. Больш за 30 тыс. відаў; пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 300 відаў. Начныя жывёлы, дарослыя жывяцца нектарам кветак, сокам раслін. Шкоднікі культ. раслін: азімая соўка, клічная, выдатная, гарохавая, агародная, капусная, лугавая, хваёвая, С.-гама, С.-коска, зерневая, баваўняная і інш. Вылучаюць С. падгрызаючых (вусені жывуць у паверхневым слоі глебы, падгрызаюць расліны каля каранёвай шыйкі) і лісцегрызучых (вусені жывуць на раслінах, кормяцца надземнымі ч. раслін).
Размах крылаў 1—11 см. Цела масіўнае, шчыльна ўкрытае валаскамі. Агульная афарбоўка цёмная, пярэднія крылы вузкія з характэрным малюнкам (3 плямы), заднія белаватыя ці шараватыя, цямнейшыя па вонкавым краі. У С. добра развіта мімікрыя (колер і малюнак крылаў адпавядаюць колеру паверхні, на якой яны сядзяць). Вельмі пладавітыя. Вусені шаравата-бурыя, карычневыя або зялёныя з прадаўгаватымі палоскамі, пераважна голыя. Кукалка жаўтавата-бурая, карычневая, без кокана, звычайна ў глебе.
Соўкі і іх вусені: 1 — капусная; 2 — звычайная зерневая; 3 — паўднёвая сцябловая; 4 — бавоўнавая; 5 — соўка-гама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ДЧЫННЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы чалавека, абумоўленыя мутацыямі. Падзяляюцца на храмасомныя хваробы, генныя і мультыфактарыяльныя. Храмасомныя хваробы (храмасомныя сіндромы) характарызуюцца мутацыямі храмасом, генныя (манагенныя) — генаў. Найб.пашыраны мультыфактарыяльныя (мутацыі аднаго або некалькіх генаў, якія ствараюць павышаную адчувальнасць да ўздзеяння на арганізм шкодных фактараў). Вядомы таксама генет. хваробы, звязаныя са зменамі генных структур саматычных клетак (праяўляюцца некат. злаякаснымі пухлінамі, радзей — прыроджанымі заганамі развіцця).
Для большасці С.х. (практычна ўсе храмасомныя хваробы і да 1/3 манагенных) характэрна ранняе праяўленне — унутрывантробна або ў дзіцячым узросце. Часта яны працякаюць хранічна з рэцыдывамі (біяхім. і малекулярныя хваробы), адначасова пашкоджваюцца многія органы (храмасомныя і манагенныя сіндромы), цяжка паддаюцца лячэнню. Для дыягностыкі С.х. прымяняюць біяхім. і малекулярныя метады, праводзяць цытагенет. і малекулярна-цытагенет. даследаванні. Важнае значэнне ў прафілактыцы С.х., іх ранняй дыягностыцы. своечасовым лячэнні мае медыка-генетычнае кансультаванне. Лячэнне сімптаматычнае, патагенетычнае, накіраванае на карэкцыю абмену рэчываў (дыетхарчаванне, харч. дабаўкі, увядзенне ферменту, якога не хапае). На Беларусі пытаннямі С.х. займаецца НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў.