СМОЛАКУРЭ́ННЕ,
вытворчасць смалы спосабам сухой перагонкі асмолу. Вядома з даўніх часоў, у т. л. ўсх. славянам. Смалу выкарыстоўвалі для прасмолкі марскіх і рачных суднаў, канатаў, рыбацкіх невадоў і інш. На Беларусі ў 13 ст. ажыўлены гандаль смалою з Ганзай праз Рыжскі порт вёў Полацк. Вытворчасць і экспарт смалы павялічыліся ў 16 ст., асабліва ў 18—1-й пал. 19 ст. Памешчыкі, уладальнікі лясных угоддзяў развівалі смалакурны промысел для павелічэння таварнасці сваіх гаспадарак. З канца 18 ст. гандаль смалой ішоў праз паўд. парты Херсон, Адэсу. Смалакурны промысел быў найб. пашыраны на Падняпроўі і Палессі (Магілёўская і Мінская губ.). У 1804—10 на смалакурнях Мінскай губ. штогод выраблялі да 40 тыс., у Магілёўскай губ. да 20 тыс. бочак смалы. Смалу гналі ў асноўным прыгонныя сяляне, а пасля адмены прыгоннага права — сяляне-саматужнікі і купцы-лесапрамыслоўцы. Традыц. спосабы С. — ямны, майданны і ў смалакурных печах. К канцу 20 ст. саматужнае С. заняпала. Да 1980-х г. вытворчасцю смалы займаліся некаторыя леспрамгасы.
Н.І.Буракоўская.
т. 15, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)