СОКАЛАПАДО́БНЫЯ, дзённыя драпежныя птушкі (Falconiformes),
атрад птушак. 5 сям., 79 родаў, 290 відаў. Паўвывадкавыя птушкі. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і невял. акіянічных астравоў. На Беларусі 22 віды, з якіх 14 у Чырв. кнізе: арлан-белахвост, арол-карлік, беркут, дзербнік, змеяед, падворлікі вялікі і малы, пустальга, сапсан, скапа, сокал-каршачок, шулёнак, або шулячок, каршун чырвоны (гл. Каршуны), мышалоў стэпавы (гл. Мышаловы). У Чырв. кнізе МСАП 16 відаў і 15 падвідаў. Вядуць пераважна дзённы спосаб жыцця (адсюль другая назва).
Даўж. цела 14—120 см, размах крылаў да 3 м, маса ад 35 г да 12 кг. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў. Апярэнне шчыльнае, шорсткае, бураватае ці шэрае са стракацінамі. Крылы вострыя і вузкія ў сокалаў і шырокія, тупыя ў ястрабаў. Дзюба моцная, вострая, кручкападобная, каля асновы пакрыта голай, гладкай скурай — васкавіцай. Ногі моцныя. Кіпцюры вострыя (у грыфаў тупыя), загнутыя. Манагамы. Драпежныя, часта ўсёедныя. У кладцы ў буйных відаў 1—2 яйцы, у дробных да 7. Гл. таксама Арлы, Асаед звычайны, Канюкі, Крэчат, Перапёлачнік, Сіпы.
т. 15, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)