Мане́ж ’памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і да т. п., ’месца верхавой язды’, ’арэна цырка’, ’пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць’, ’поле, дзе абучаюцца вайскоўцы’ (ТСБМ, П. С., Хрэст. дыял., Сцяшк., Смул., Шат., Сцяц.; дзярж., ганц., ДАБМ, к. 238). Запазычана з польск. maneż, якое з франц. manège < італ. maneggio ’кіраванне коньмі’ < італ. mano < лац. manus ’рука’ (SWO, 450; Голуб-Ліер, 301). Рус. мане́ж ’тс’ таксама з франц. мовы самастойным шляхам (Фасмер, 2, 568). Сюды ж мане́жыць ’аб’яжджаць каня паводле правіл манежнай язды’, ’мучыць, таміць’ (ТСБМ, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марш ’спосаб мернай рытмічнай хадзьбы ў страі’, ’паход войска’, ’загад пайсці, пачаць рух’, машырава́ць, маршырава́ць ’ісці маршам’, маршыроўка ’хадзьба маршам’ (ТСБМ, Яруш.), ст.-бел. маршъ ’марш’ (XVI ст.) запазычана, магчыма, праз польскую мову з франц. marche ’ідзі!’, ’марш’ (Булыка, Лекс. запазыч., 67) < marcher ’ісці’ < гала.-раманск. *marcare ’біць малатком’, ’таптаць, давіць’. Форма без ‑р‑ паходзіць з польск. maszerować ’маршыраваць’. Праз польскую мову прыйшло марш ’музычны твор’ (ТСБМ), з якога ма́ршы ’ігра музыкантаў для ўдзельнікаў вяселля за плату’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Новае запазычанне з рус. мовы — марш ’частка лесвіцы паміж дзвюма лесвічнымі пляцоўкамі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ламаві́к 1 ’зборшчык утыльсыравіны, металалому’ (Сцяшк.) — новае ўтварэнне. Параўн. рус. ломовое железо ’металалом’. Ламавік ’перавозчык цяжкіх грузаў’, ’конь для перавозкі цяжкіх грузаў’ (ТСБМ), відавочна, запазычана з рус. мовы (параўн. Даль₃, 2, 686). Гл. ламавік 2.

Ламавік 2, лъмаві́к, лымаві́к, лымаві́на ’здаравяка’ (міёр., З нар. сл., Яўс.), рус. ломовик ’асілак, здаравяка’, лом ’моцны, фізічна здаровы чалавек’, ломовина ’тс’, ’няўклюда, нязграбны ў рухах’. Да лама́ць (гл.). Утворана ад ⁺ламавы, рус. ломовой ’цяжкі, бялізны, нязграбны’. Параўн. семантычна блізкае літ. āp‑lamas ’нязграбны, нязручны’. Чэш. і славац. lomový фармальна да ⁺ламавы, але адрозніваецца семантыкай (’які колецца ў кар’еры’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дырэ́ктар ’дырэктар’ (БРС). Рус. дире́ктор, укр. дире́ктор. Лічыцца ў рус. мове запазычаннем з ням. Direktor або польск. dyrektor (першакрыніца — лац. director). Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127 У бел. мову, магчыма, прыйшло з рус. Ст.-бел. директоръ ’духоўны настаўнік’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) < польск.; яно не звязана традыцыяй з дырэ́ктар у сучасным значэнні. Бел. дырэ́кцыя, рус. дире́кция, укр. дире́кція запазычаны з польск. мовы (dyrekcja; параўн. і Булыка, Запазыч.), але ў сучасным значэнні слова, відаць, узята з рус. Параўн. Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́балка ’вяроўка’ (КСТ, у слоўніку адсутнічае, вузкі цяслярскі тэрмін). Укр. дыял. кабалка, кабелка ’тонкая прасмоленая вяровачка, якая ўжываецца пры пакрыцці дахаў чаротам’, рус. ка(о)белки ’надвязкі на паплаўкі і грузіла невада’, каболка ’пяньковая ніць для віцця вяровак (марскі тэрмін)’. Фанетыка ўкр. і рус. слоў не супярэчыць этымалогіі Мёлена (гл. Фасмер, 2, 151), які сцвярджае, што рус. каболка ’кабельная ніць’ паходзіць ад гал. kabelgaren ’тс’, як рус. шкимушка ’канат у двайную ніць’ < гал. schiemansgaren. Вандроўны тэрмін; тураў. кабалка, як паказвае значэнне, з украінскай мовы, аднак шлях пранікнення няясны, паколькі яно зафіксавана толькі на поўдні Украіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахле́бства ’ліславасць’ (Яруш.), пахлёбствываць ’дагаджаць’ (Грыг.), ст.-бел. пахлебча ’ліслівец’ (1517) запазычаны са ст.-польск. pochlebca (Булыка, Лекс. запазыч., 125); дзеяслоў, відаць, запазычаны з рус. мовы, параўн. похлёбствовать ’ліслівіць, дагаджаць’, хаця ст.-бел. падглебавага ’ліслівіць’ (1517), паводле Булыкі (там жа, 134), са ст.-польск. pochlebować. Аднак, калі ўлічыць укр. похлібувати, рус. похлебить, чэш. pochlebovati, pochlebia ’тс’, славац. pochlebovať і шмат вытворных, можна меркаваць пра паўн.-слав. poxlibovati, якое ўзнікла з выразу po xlĕbĕ iti ’ісці за сваім хлебам, за сваёй выгодай’ (Міклашыч, 424; Брукнер, 179; Фасмер, 3, 347). Махэк₂ (468) крыніцай слова лічыць chalbat ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прарадзі́ма ’самае старажытнае, першапачатковае месца пражывання таго ці іншага племені, народа, той ці іншай пароды жывёл і пад.’ (ТСБМ). Рус. праро́дина, польск. praojczyzna ’тс’ і да т. п. З пра- і радзіма. Паводле Борыся (Prefiks., 86), словы гэтага словаўтваральнага тыпу з’явіліся ў XIX ст. у якасці навуковых тэрмінаў першапачаткова ў польскай і чэшскай мовах як калькі ням. слоў з прыст. ur‑ (напр., Urheimat ’прарадзіма’, Urwald ’пралес, старажытны запаведны лес’), а потым распаўсюдзіліся ва ўсходнеславянскія мовы. Борысь (там жа) нават бачыць тут новую функцыю славянскай прыстаўкі *pra‑ пад уплывам ням. ur‑ і лац. prae‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)