Касцю́м ’касцюм’ (ТСБМ, БРС). Гэта слова сустракаецца і ў гаворках, куды яно патрапіла з літаратурнай мовы (параўн., напр., касцю́м, кусцю́м ’тс’ у Сл. паўн.-зах., 2, 435). Непасрэднай крыніцай запазычання для бел. літаратурнага касцюм трэба лічыць рус. костюм ’тс’. У рус. мову гэта слова трапіла, відаць, у канцы XVIII ст. прама з франц. costume (якое, акрамя ’касцюм’, мела таксама значэнне ’звычай, звычка’). Крыніцай франц. слова з’яўляецца італ. costume ’касцюм’, ’звычка’ (і, далей, лац. consuetudo ’звычка, звычай’). Як культурнае слова гэта лексема вядома ў многіх еўрапейскіх мовах. Гл. коратка ў Фасмера, 2, 349; падрабязна ў Шанскага, 2, К, 355. Параўн. яшчэ Слаўскі, 2, 529–530.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)