асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл.Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл.Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл.Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІФІКА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця вытв-сці на аснове выкарыстання новай тэхнікі і тэхналогій, удасканалення арганізацыі вытв-сці, што забяспечвае рост прыбытку прадпрыемстваў. У адрозненне ад экстэнсіўнага шляху развіцця, для якога характэрна павелічэнне колькасці работнікаў, сродкаў вытв-сці на ранейшай тэхн. аснове, І.в. прадугледжвае якаснае абнаўленне вытв-сці, больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, паліўна-энергет., прац. рэсурсаў і капіталу на аснове апошніх навук.-тэхн. дасягненняў. І.в. патрабуе паскоранага развіцця фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў, навукаёмістых галін, структурнай перабудовы нар. гаспадаркі і ўдасканалення інвестыцыйнай палітыкі. Канкрэтныя формы І.в. залежаць ад асаблівасцей галіны нар. гаспадаркі. Адрозніваюць капіталаёмкую і капіталазберагальную формы інтэнсіўнага развіцця вытв-сці. Першая забяспечвае рост прадукцыйнасці працы за кошт павелічэння капіталу ў разліку на адзінку прадукцыі, другая — яго эканомію, што вызваляе дадатковыя сродкі вытв-сці на паскарэнне тэмпаў развіцця эканомікі. І в. выяўляецца ў паскораным абнаўленні вытв. патэнцыялу, павышэнні тэхніка-эканам.ўзроўню вытв-сці шляхам тэхн. пераўзбраення, рэканструкцыі, развіцця вытв-сці і арг-цыі выпуску новых, якасных, канкурэнтаздольных відаў прадукцыі, што патрабуе сканцэнтравання капіталу на развіцці больш хуткімі тэмпамі галін, якія забяспечваюць навук.-тэхн. прагрэс і рацыянальнае выкарыстанне вытв. рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт.ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ.ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.