першыя ўсх.-слав. святыя, малодшыя сыны кіеўскага кн.Уладзіміра Святаславіча і балгарыні Мілалікі. Відаць, Уладзімір планаваў пакінуць Барысу княжанне ў Кіеве, што парушала родавыя звычаі Рурыкавічаў і правы старэйшых братоў. Паводле розных гіст. крыніц, Б. і Г. забіты неўзабаве пасля смерці Уладзіміра старэйшым з братоў — Святаполкам Яраполчычам, за што яму нададзена мянушка «Акаянны». Магчыма, забойцаў падаслаў трэці сын Уладзіміра Яраслаў Мудры, які віну за гэтае злачынства ўсклаў на Святаполка. Відаць, Святаполк выклікаў на Русі агульную нянавісць з-за таго, што абапіраўся на дапамогу цесця, польскага караля Баляслава. Пасля смерці Уладзіміра Святаполк планаваў скасаваць хрысціянства і аднавіць на ўсх.-слав. землях язычніцкае веравызнанне або паставіць Кіеўскую мітраполію ў залежнасць ад рымскага папы. Гэта давала магчымасць Яраславу выступіць супраць Святаполка пад заклікамі помсты за братоў і абароны Русі, а дзеячам царквы прадставіць Б. і Г. не толькі як ахвяр феад. барацьбы, але і як пакутнікаў за веру. Магчыма, Глеб зусім не ўдзельнічаў ва ўсобіцы, а загінуў каля Смаленска ў ходзе язычніцкіх бунтаў, што пачаліся пасля смерці Уладзіміра. Шанаванне (відаць, толькі Глеба) пачалося не раней за 1038, афіц. кананізацыя Б. і Г. адбылася не раней за 1071 пры Ізяславе Яраславічу. На працягу стагоддзяў склаўся корпус прысвечаных святым літ. твораў, якія аб’ядноўваюцца ў т.зв. Барысаглебскі цыкл (чытанне, жыціе, пахавальныя словы, тэксты царк. службаў, летапісная аповесць, пралажныя і парамійныя казанні, старабел. «Слова пра манаха Марціна» і інш.). Найб.маст. дакладнасцю вылучаецца «Сказанне пра Барыса і Глеба». Пераважная большасць помнікаў Барысаглебскага цыкла мае бел. рэгіянальныя варыянты або бел. рэдакцыі пазнейшага часу, створаныя як правасл., так і уніяцкімі кніжнікамі, таму што на бел. землях Б. і Г. заўсёды ўспрымаліся як нац. святыя. Прысвечаныя Б. і Г. літ. творы асуджалі братазабойчыя міжусобныя войны і неслі патрыят. і гуманіст. ідэі. У 12 ст. Барысаглебскія цэрквы былі пабудаваны ў Гродне, Полацку, Тураве, Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж.Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК (Gołąbek) Юзаф (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬШЧЫНА,
від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад 1/4 да 2/3 ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч.патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл.Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж.Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РСК,
старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗГО́І,
1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.
2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),
царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл.Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),
рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб.стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.
Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.