САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст.гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)