О́НДРЖЫЧАК (Ondríćek) Францішак (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),

чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.​Ж.​Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.​Э.​Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.​Паганіні, І.​Брамса, В.​А.​Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.​Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).

Літ.:

Ших Б. Ф.​Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;

Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;

Bratislava, 1970.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЫГМА́ТЫКА,

1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.

2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.

Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).

Літ.:

Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Paszkiewicz) Генрык (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),

польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал. нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц. культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.

Літ.:

Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;

Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.

С.​А.​Кузняева.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПАНЦЭ́ВІЧ Калерыя Іосіфаўна (н. 21.3.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. музыказнавец, педагог. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1982). Праф. (1982). Скончыла Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1953). З 1945 выкладчык муз. навуч. устаноў у Горкім і Маскве, з 1957 — Бел. акадэміі музыкі (у 1963—86 прарэктар, заг. кафедры, з 1987 праф.). Даследуе праблемы муз. выхавання і адукацыі, выканальніцтва, творчасць рус. і бел. кампазітараў. Аўтар прац: «Варыяцыйнасць у опернай творчасці М.​І.​Глінкі» (1966), «Новыя тэндэнцыі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва: (Канец 50-х — першая палова 70-х гг.)» (1981). Сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыі беларускай музыкі» (М., 1976) і інш. Складальнік кн. «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 1932—1992» (2002), складальнік і рэдактар н.-д. зб-каў «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Даследаванні пра музыку» (1985), метадычных дапаможнікаў, праграм для дзіцячых муз. школ, ВНУ.

М.​Р.​Солапаў.

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШЫ́НСКІ (Tyszyński) Аляксандр (21.5.1811, С.-Пецярбург — 5.11.1880),

польскі літаратуразнавец, крытык, празаік. Чл. АН у Кракаве (з 1873). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829—38 жыў у в. Мясата (Маладзечанскі р-н) і Мінску. Адзін з заснавальнікаў (1841) і вядучых аўтараў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). У 1866—69 выкладчык Гал. школы ў Варшаве. Апошнія гады жыцця правёў у Мясаце. Развіваў тэорыю рэгіянальных, у т. л. бел., школ у польскай л-ры. Упершыню яе абгрунтаваў у даследаванні «Пра школы ў польскай паэзіі», уключыў у яго свой раман у лістах «Амерыканка ў Польшчы» (1837). Матэрыялы пра літ. жыццё Беларусі ў асн. яго працах: «Даследаванні і крытыка» (т. 1—3, 1854), «Польскія вобразы» (1875), «Крытычныя працы» (т. 1—2, 1904). Аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян» (1841), «Дзённіка за 1829—1878 гг.», дзе падрабязна расказаў пра гады жыцця на Беларусі (лёс рукапісу невядомы).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЖАНЦАЎ Юрый Парыгоравіч (24.2.1928, г. Табольск, Расія — 10.11.1979),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1953). З 1955 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1958 выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1965 гал. рэжысёр Бел. філармоніі. Сярод пастановак: оперы «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1956), «Манон» (1958) і «Вертэр» (1959) Ж.​Маснэ, «Калючая ружа» Ю.​Семянякі (з В.​Броўкіным, 1960), «Церам-церамок» І.​Польскага (1961), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (з Дз.​Смолічам, 1962), «Рафаэль» А.​Арэнскага (1963), «Трубадур» (1964) і «Рыгалета» (1968) Дж.​Вердзі, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Андрэй Касценя» М.​Аладава (з А.​Маралёвым, 1970); аперэты «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1.959) і «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1960); у опернай студыі Бел. кансерваторыі — «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта, «Травіята» Вердзі, «Павел Карчагін» П.​Падкавырава.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАНТУ́РЫЯ Уладзімір Аляксандравіч (28.6.1923, Баку — 28.11.1988),

бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Д-р архітэктуры (1965), праф. (1968). Скончыў Азербайджанскі індустр. ін-т (1947). У 1947—49 у ін-це «Белдзяржпраект» у Мінску, з 1953 выкладчык БПІ (з 1969 заг. кафедры). Аўтар праектаў дэталёвай планіроўкі гіст. цэнтраў Гродна (1970) і Віцебска (1972, абодва ў сааўт.). Пад яго кіраўніцтвам праведзены абмеры помнікаў бел. дойлідства (1954—70) і абследаванне гіст. забудовы бел. гарадоў (1971—82). Працы па гісторыі бел. архітэктуры: «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX ст.» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1983;

История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Мн., 1986 (у сааўт.).

Літ.:

Воинов А.П., Воинов А.А. Устремленность // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1983. № 3.

У.А.Чантурыя.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НІЧ Валерый Антонавіч (н. 17.9.1949, в. Благадаць Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР (1979). Працаваў у органах унутр. спраў, з 1983 выкладчык, з 1988 заг. кафедры, з 1994 праф. Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю міліцыі Беларусі з 2-й пал. 20 ст. да сучаснасці, злачыннасць і яе папярэджанне ў Рэспубліцы Беларусь. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў па праблемах барацьбы са злачыннасцю.

Тв.:

Органы милиции и общественность Белорусской ССР на страже правопорядка, 1971—1985 гг. Мн., 1990;

Деятельность милиции и общественности в Белорусской ССР по борьбе с преступностью, 1971—1985 гг. Мн., 1990;

Организация работы с кадрами милиции в Белоруссии (1971—1985). Мн., 1992;

Милиция и общественность на страже правопорядка: На примере Беларуси, 1968—1992 гг. Мн., 1993;

Предупреждение преступности: зарубежный опыт, международное сотрудничество. Мн., 2000 (разам з І.​М.​Серабраковай).

т. 18, кн. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ Уладзімір Сяргеевіч (н. 10.12.1927, в. Каралі Віцебскага р-на),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1953), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1964). У Вял. Айч. вайну партызан у Віцебскай вобл. З 1944 пам. машыніста, з 1949 на прафс., камсамольскай і парт. рабоце ў Віцебску. З 1964 кіраўнік лектарскай групы, у 1969—74 сакратар Мінскага абкома КПБ. У 1965—69 выкладчык, дэкан завочнага ф-та, у 1974—91 прарэктар БДУ. Даследаваў праблемы гісторыі КПСС. Адзін з аўтараў «Курса лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1—2, 1971).

Тв.:

Партийные организации Белоруссии в борьбе за укрепление дисциплины труда в промышленности. Мн., 1976;

Партийное руководство внедрением передового опыта в промышленности (1959—63 гг.) // Из практики партийного руководства хозяйством. М., 1964;

Укрепление социалистической дисциплины труда // Деятельность партийных организаций Белоруссии по идейно-политическому воспитанию трудящихся. Мн., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)