НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,
форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г.Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
адно з гарадскіх паўстанняў у Расіі ў сярэдзіне 17 ст. Адбывалася ў г. Ноўгарад адначасова з Пскоўскім паўстаннем 1650. Выклікана абвастрэннем сац. напружанасці ў рас. грамадстве пасля выдання Саборнага ўлажэння 1649. Падставай для Н.п. стала перадача ўрадам хлебных запасаў Швецыі на пагашэнне дзярж. доўгу, што прывяло да павышэння цэн на хлеб. Удзельнікі — стральцы (адыгрывалі рашаючую ролю), рамеснікі і бедната Ноўгарада, сяляне навакольных вёсак. Пачалося 25 сакавіка. Паўстанцы збілі дацкага пасла І.Граба, 26 сак. адхілілі ад улады ваяводу Ф.А.Хілкова, разграмілі двары некалькіх купцоў, выбралі земскіх старастаў і паставілі на чале гар. самакіравання (земскай ізбы) мітрапаліцкага прыказнага І.Жаглова. 27 сак. мітрапаліт Нікан пракляў кіраўнікоў паўстання, за што 29 сак. быў збіты натоўпам. Паўстанцы беспаспяхова спрабавалі наладзіць сувязь з кіраўніцтвам Пскоўскага паўстання, накіравалі да цара Аляксея Міхайлавіча чалабітную грамату са скаргай на Хілкова і просьбай не пасылаць хлеб у Швецыю. Царскага пасла двараніна Салаўцова яны некалькі дзён пратрымалі пад арыштам. Унутр. барацьба сярод паўстанцаў, цвёрдая пазіцыя мітрапаліта Нікана прывялі Н.п. да паражэння. 23.4.1650 паўстанцы без бою здаліся войску царскага ваяводы кн. І.М.Хаванскага, які абяцаў ім памілаванне. Паводле царскага загаду 5 кіраўнікоў паўстання, у т. л. Жаглоў, пакараны смерцю, іншыя — бізунамі і сасланы ў аддаленыя раёны краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,
«Опера С.І.Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал.рэж.т-ра (з 1907) П.Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.
У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.Бачароў, В.Дамаеў, М.Данец, Ю.Кіпарэнка-Даманскі, В.Пятрова-Званцава, М.Спяранскі, А.Цвяткова, Н.Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.Іваноўскі, Ф.Камісаржэўскі, А.Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.Іпалітаў-Іванаў, М.Багрыноўскі, Э.Купер, А.Пазоўскі, І.Паліцын, Я.Плотнікаў, Ю.Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.Білібін, А.Васняцоў, А.Галавін, П.Канчалоўскі, С.Малюцін, В.Паленаў, М.Рэрых. В.Сяроў, Ф.Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, М.Батыстыні, Дж.Ансельмі, М.Гай, Л.Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.Кшасінская і інш. З 1917 дзярж.т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-рмуз. драмы, у 1922—24 акц.т-ва «Першая свабодная опера С.І.Зіміна»).
Літ.:
Боровский В. Московская опера С.И.Зимина. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ (ад стараж.-рус. погостити — пабываць у гасцях),
пашыраны ў стараж.-рус., рас. і бел. крыніцах тэрмін, які на працягу 10—20 ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова П. называлі сельскія абшчыны на перыферыі Кіеўскай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе часова спыняліся князі з дружынамі і вялася «гасцьба» (гандаль). Першае ўпамінанне адносіцца да 947, калі кн.Вольга «устави погосты» ў Наўгародскай зямлі. Паступова П. сталі называць адм.-тэр. адзінкі, якія складаліся з некалькіх паселішчаў, а таксама цэнтр. паселішча гэтай акругі. На чале П. ставілі спец. службовых асоб, што адказвалі за рэгулярны збор даніны. З пашырэннем на Русі хрысціянства ў П. будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У Рас. дзяржаве падзел на 11. даўжэй за ўсё (да 1775) захоўваўся на ПнЗ краіны. У 15—16 ст. у цэнтр. паветах Расіі П. называлі невял. паселішчы з царквой і могілкамі На Беларусі П. у гэтым значэнні існавалі да пач. 16 ст., потым ператварыліся ў вёскі і мястэчкі, многія з якіх захавалі ў назвах слова «П.» (напр., вёскі Пагост ў Аршанскім, Бярэзінскім, Вілейскім і інш. раёнах, Пагост-Загародскі Пінскага р-на і інш.). У 19—20 ст. слова «П.» ужывалася ў значэнні сельскага прыхода, участка шляху і асабліва часта могілак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ АРХЕАЛО́ГІЯ, гідраархеалогія,
галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем стараж. аб’ектаў, затопленых вадой. Узнікла ў сярэдневякоўі з мэтай пошуку затанулых караблёў. Першыя ў Расіі даследаванні па П.а. праведзены ў 1905 у бухце г. Феадосія ў Чорным моры. У 1930 пад кіраўніцтвам праф. К.Э.Грыневіча вадалазы даследавалі рэшткі пабудоў стараж./v-abbr>-грэч./v-abbr> калоніі Херсанес. З 1937 пад кіраўніцтвам акад. Р.А.Арбелі вяліся даследаванні антычнага г. Ольвія. Далейшае развіццё П.а. звязана з вынаходствам у 1943 франц. даследчыкам Ж.А.Кусто і Э.Ганьянам акваланга, што дало магчымасць свабодна працаваць на глыбінях да 50 м. На Беларусі больш за 100 гідраархеал. помнікаў: капішчы, стараж. масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны і інш. У 1907 у р. Ясельда каля в. Жабер Драгічынскага р-на вёўся пошук гармат, затопленых у 17 ст. (знойдзена 8 гармат). У 1920-я г. падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка Барысаўскага р-на. Планавыя падводныя пошукі археал. помнікаў пачаліся ў 1979. Археал. даследаванні праводзіліся каля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Зах. Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў, у р. Свіслач у Мінску, у р. Лукомка каля в. Лукомль, у воз. Іказнь каля сцен замка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл.Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЕГІ́РЫК [ад грэч. panēgyrikos (logos) урачыстая прамова],
хвалебная прамова (у гонар якога-н. горада, героя, бога, імператара і г.д.); даўні літ. жанр.
У еўрап. л-ры ўзнік у Грэцыі ў 5 ст. да н.э. Класічную форму набыў у перс. л-ры. У Расіі расквітнеў у 17—18 ст. (оды В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава).
Адзін з першых помнікаў бел. панегірычнай прозы — «Пахвала Вітаўту» (1420-я г.). У 16—17 ст. пашыраны жанр П. — эпікграма, П. на герб пэўнай знатнай асобы (А.Рымшы на гербы Л.Сапегі і Ф.Скуміна; Л.Мамоніча на герб Сапегі; невядомага аўтара на герб Б.Агінскага і інш.). З сярэдзіны 17 ст. на Беларусі і Украіне пашырылася дэкламацыя (дэкламацыі Ф.Утчыцкага, І.Іяўлевіча, Сімяона Полацкага «Метры», «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку, што ўзяты Дэрпт»), У шырокім сэнсе П. — любы літ. твор хвалебнага характару (напр., П. князям Радзівілам С.Буднага з нагоды пачатку выдання ў Нясвіжскай друкарні бел. кніг — у яго «Катэхізісе», 1562; верш беларуса Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лациною...», 1621, прысвечаны роднаму слову). У 19 ст. ў выніку агульнай дэмакратызацыі л-ры П. як жанр знік. Слова «П.» стала ўжывацца пераважна ў іранічным сэнсе.
Літ.:
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992.
руская артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1899, педагог П.Герт). З 1899 у Марыінскім т-ры, з 1909 удзельнічала ў Рускіх сезонах С.Дзягілева, з 1910 гастраліравала з уласнай трупай (у 1913—14 у Расіі). Яе творчасць адметная музыкальнасцю і псіхал. змястоўнасцю, эмац. дзейснасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Сцвярджала класічныя традыцыі рус.танц. школы. Адыграла важную ролю ў рэформах М.Фокіна як першая выканальніца цэнтр. партый пастаўленых ім балетаў «Вінаградная лаза» А.Рубінштэйна, «Павільён Арміды» М.Чарапніна, «Егіпецкія ночы» А.Арэнскага, «Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна, харэагр. эцюда «Лебедзь» на муз. К.Сен-Санса. Сярод інш. партый: Адэта («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Бінт Анта і Аспічы («Дачка фараона» Ц.Пуні), а таксама характарныя танцы, канцэртныя нумары і мініяцюры («Сірыйскі танец» на муз. Сен-Санса). Знялася ў маст. фільме «Нямая з Портычы». Ёй прысвечаны балет Р.Пці «Мая Паўлава» на зборную муз., маст. і дакумент. фільмы «Ганна Паўлава» (адпаведна 1983, 1985). Аўтар успамінаў «Некалькі старонак з майго жыцця» (1912).
Літ.:
Красовская В.М. А.Павлова. 2 изд. Л.;
М., 1965;
Аркина Н.Е. А.Павлова. М., 1981;
Носова В.А.Павлова // Носова В. Балерины. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Якаў Савельевіч) (20.6.1940, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.12.1996),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1984). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ (заг. сектара), з 1976 у Мінскай ВПШ (заг. кафедры). З 1991 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, кіраўнік групы па вывучэнні паліт. рэпрэсій на Беларусі ў 1920 — пач. 1950-х г. З 1993 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы (заг. аддзела). Даследаваў гісторыю рэвалюцыі 1905—07, грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 у Расіі і Беларусі, падп. і партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ваен.буд-ва і паліт. рэпрэсій у 1920—40-х г., праблемы метадалогіі і гістарыяграфіі Вял.Айч. вайны. Адзін з аўтараў прац «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
Тв.:
В.И.Ленин и партизанское движение. Мн., 1975;
Комиссар Бумажков. Мн., 1978;
Народная война в тылу интервентов и белогвардейцев. Мн., 1983;
В суровом сорок первом. Мн., 1985;
У истоков победы. М., 1986;
Драматычны лёс польскіх асаднікаў // Бел. мінуўшчына. 1994. № 4;