МАО́Р (сапр. Арлоў) Дзмітрый Стахіевіч

(3.11.1883, г. Новачаркаск, Расія — 24.10.1946),

расійскі графік, адзін з заснавальнікаў сав. паліт. плаката. Засл. дз. маст. Расіі (1932). Прафес. адукацыі не атрымаў. Выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (з 1922), паліграф. (1930—32) і маст. (1939—43) ін-тах у Маскве. Чл. аб’яднання «Кастрычнік» (з 1928). Выконваў сатыр. малюнкі для газ. «Известия», «Правда», час. «Будильник», «Крокодил» і інш. Творчасці ўласцівы экспрэсіўны, часам гратэскны контурны малюнак, які рэзка абрысоўвае плоскасную колеравую пляму. Найб. вядомыя плакаты «Савецкая рэпка» (1919), «Ты запісаўся добраахвотнікам?», «Урангель яшчэ жывы, дабі яго без літасці» (абодва 1920), «Дапамажы!» (1921—22), «Ты чым дапамог фронту?» (1941). Аўтар ілюстрацый да рамана А.​Барбюса «Агонь» (1938), паэмы У.​Маякоўскага «Добра!» (1940), «Слова аб палку Ігаравым» (1944). Аўтар кн. «Я — бальшавік!» (1967).

Літ.:

Халаминский Ю. Я. Д.​Моор. М., 1961.

Дз.Маор. Плакат «Ты запісаўся добраахвотнікам?». 1920.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)