ЛАНКА́СТЭР (Lancaster) Джозеф
(25.11.1778, Лондан — 24.10.1838),
англійскі педагог, адзін са стваральнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Далучыўшыся да руху квакераў, адкрыў бясплатную школу (1798), дзе вучыў малодшых вучняў з дапамогай старэйшых і найб. падрыхтаваных. Свой вопыт «таннай школы» абагульніў і выклаў у кн. «Удасканаленне навучання...» (1803). Ідэю ўзаемнага навучання развіў у працы «Брытанская сістэма навучання» (1810). Сістэма Л., створаная незалежна ад Э.Бела, вызначалася дэталёвай рэгламентацыяй заняткаў, выкарыстаннем сістэмы заахвочвання і пакарання. У школы Л. прымаліся дзеці рознага веравызнання, а рэліг. навучанне, у адрозненне ад школ Бела, не было асноўным. Для падтрымкі школ у 1808 засн. Каралеўскае ланкастэрскае т-ва, якое садзейнічала іх пашырэнню ў Вялікабрытаніі і інш. краінах, у т.л. Расіі. З 1812 Л. імкнуўся ўкараніць сваю сістэму ў сярэднюю школу, аднак пацярпеў няўдачу (школы Л. былі раскрытыкаваны за механіцызм у навучанні і недастатковасць ведаў, якія яны давалі). У 1818 Л. выехаў у ЗША.
т. 9, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)