ПАНА́МА (Panamá), Рэспубліка Панама (República de Panamá),
краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял.значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,
найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).
П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля 3/5сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, 2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П. еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П. Японія. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.
2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл.вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).
Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.
У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.
На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш.), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г.БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял.Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім.прам-сць, асабліва вытв-сцьмінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл.«Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл.Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл.Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.
З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац.АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).
Літ.:
Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Слуцкага р-на Мінскай вобл., на р. Случ. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск, аўтадарог на Бабруйск, Мінск, Салігорск. За 105 км на Пд ад Мінска. 63,4 тыс.ж. (2001).
С. (летапісны Случеск) упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116, як адзін з гарадоў Тураўскай зямлі. З 1160 цэнтр удзельнага Слуцкага княства. З 1320—30-х г. у складзе ВКЛ. З 1395 уласнасць Алелькавічаў, пазней — Радзівілаў, Л.П.Вітгенштэйна, з 1847 дзярж. ўласнасць. У 15 ст. буйны феад. горад, меў Верхні, Ніжні і Новы замкі (гл. Слуцкія замкі). У 1433 цэнтр выступлення бел. феадалаў супраць вял.кн. Жыгімонта Кейстутавіча. У 1441 атрымаў гар. самакіраванне і магдэбургскае права. У пач. 16 ст. ў выніку нападаў крымскіх татараў разбураны, страціў самакіраванне. З 1507 у Навагрудскім пав. З 1586 дзейнічала правасл. брацтва пры Праабражэнскім манастыры, з 17 ст. — Успенскае брацтва. У 1593 каля 7 тыс.ж., каля 1100 двароў. У ліст. 1595 быў захоплены казакамі С.Налівайкі. У 1630—40 кн. Багуслаў Радзівіл ператварыў С. у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» М.Стрыйкоўскі. У час антыфеад. вайны 1648—51 у жн. 1648 горад вытрымаў асаду казацка-сял. атрада. 27.8.1652 зноў нададзена (спачатку часткова, 9.9.1700 канчаткова) магдэбургскае права, герб «Пагоньчык». З пач. 17 ст. працавалі школы кальвінісцкая, для гараджан, з 1624 гімназія, з 1689 — Слуцкі езуіцкі калегіум і інш. З 1672 дзейнічала Слуцкая друкарня. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С. у 1655 — адзіны буйны горад Беларусі, што вытрымаў аблогу рас. і казацкіх войск. Таму 7.5.1656 Б.Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці С. з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1683 каля 9 тыс.ж., у 1777 працавалі 18 рамесных цэхаў, папяровая ф-ка, суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, арганізавана Слуцкая канфедэрацыя 1767. У 1785 у С. рэзідэнцыя епіскапа В.Садкоўскага, у 1785 адчынена правасл. духоўная школа. Да канца 18 ст. горад паступова страчваў эканам.значэнне, колькасць насельніцтва скарацілася да 5,5 тыс.чал. З 1791 цэнтр Случарэцкага павета Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Слуцкага павета Мінскай губ. У 1897 у С. 14 349 ж., 3 заводы. У 1-ю сусв. вайну павет стаў прыфрантавым, таму ў 1915 для забеспячэння фронту да С. пракладзена чыгунка з Асіповічаў. У лютым 1918 заняты корпусам Ю.Доўбар-Мусніцкага і герм. войскамі. У 1918 дзейнічаў Бел.нац.к-т, Слуцкая беларуская гімназія, культ.-асв.арг-цыя «Папараць-кветка». З 1.1.1919 у БССР, з 27.2.1919 у Літ.-Бел. ССР. З 10.8.1919 да 15.7.1920 заняты польск. войскамі. Дзейнічалі падп. к-ты кампартыі Літвы і Беларусі, падп. група партыі бел. эсэраў, партыз. атрады бальшавікоў і эсэраў, аднавілася дзейнасць Бел.нац.к-та, для самаабароны ўтворана нар. міліцыя. У ліст.—снеж. адбылося Слуцкае паўстанне 1920. У 1924—27 і 1935—38 цэнтр Слуцкай акругі, з 17.7.1924 Слуцкага раёна. У 1939 21 947 ж. У Вял.Айч. вайну 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 25 584 чал., стварылі ў С. З лагеры смерці, дзе загубілі каля 20 тыс.чал.; дзейнічала Слуцкае патрыятычнае падполле, партыз. злучэнне Слуцкай зоны. Горад вызвалены 30.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1970—35,6 тыс. жыхароў.
Працуюць Слуцкі кансервавы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, Слуцкі мясакамбінат, сыраробчы і хлебапрадуктовы камбінаты, хлебазавод, піваварны з-д, макаронная ф-ка, Слуцкае прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», ільнозавод, тэкстыльная і па пашыве адзення ф-кі, з-ды «Эмальпосуд», жалезабетонных вырабаў і інш. Дзейнічаюць 12 сярэдніх, спарт., муз., маст. школы, гімназія, цэнтр тэхн. і прыкладной творчасці, станцыі юных натуралістаў і турыстаў, спарткомплекс «Дэльфін»; Дом культуры, Дом моладзі, Слуцкі краязнаўчы музей, кінатэатр «Беларусь»; бальніца; 2 царквы, 2 капліцы, касцёл.
Стары горад — найб.стараж.ч. горада з замкамі на правым беразе Случы. Напачатку развіваўся ва ўсх. напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандл. плошча, у 1419 тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы 15 ст. С. пачаў расці ў зах. напрамку, расшырыўся і на Пн, фарміраваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай. Новы горад — левабярэжжа, паўд.ч. горада, забудоўвалася пазней, у 16 ст. тут склалася прамавугольная сетка вуліц з вял. кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі. Абедзве ч. горада злучаліся паміж сабой мостам, на якім размяшчаліся млыны. Прадмесце С. — Востраў — знаходзілася за гар. ўмацаваннямі на ПнУ ад горада. Уніз па цячэнні Случы, на яе правым беразе, было прадмесце Трайчаны — пасяленне вакол Слуцкага Троіцкага манастыра. Пры Радзівілах пабудаваны новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага горада. У 1630—40-я г. С. ператвораны ў горад-крэпасць, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Уваходы ў горад былі праз Віленскую, Капыльскую і Астроўскую мураваныя брамы з пад’ёмнымі мастамі, а таксама драўляную Навамейскую браму. У канцы 17—18 ст. пабудаваны касцёлы езуітаў (не захаваліся) і Слуцкі езуіцкі калегіум, ратуша. У 1840-я г. ў сувязі з буд-вам шашы парушана гіст. планіроўка горада. С. стаў развівацца на З і У, уздоўж шашы ўзводзіліся асн. мураваныя будынкі — паштовая станцыя, будынак дваранскага сходу (абодва класіцызм) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ў С. існавалі 8 правасл. цэркваў, у т. л. Слуцкая Міхайлаўская царква, цэрквы Троіцкая, Вазнясенская (пабудавана ў 1782), саборная Успенская Мікалаеўская (пабудавана ў 1819 на месцы б. замкавай Прасвятой Багародзіцы 1509), Слуцкі касцёл і кляштар бернардзінцаў, 2 каталіцкія капліцы, 2 кальвінісцкія царквы (у 1617 пабудавана драўляная ў Новым горадзе Я.Радзівілам, у 1852 на яе месцы — мураваная, не захавалася), 2 сінагогі. Існавалі Слуцкі Ільінскі манастыр і Праабражэнскі мужчынскі манастыр. У канцы 18 ст. пабудаваны мураваны касцёл (не захаваўся). Паводле плана забудовы С. (1823) горад фарміраваўся з 2 частак, падзеленых ракой — яго кампазіцыйнай воссю. План прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, буд-ва новых мураваных дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 20 ст. С. забудоўваўся паводле генпланаў 1940, 1947 (арх. Г.Парсаданаў), 1962 (арх. В.Сушчыц, Н.Вайбовіч, А.Сідзельнікаў; усе ін-т «Белдзяржпраект», карэкціроўка апошняга ў 1971 у Мінскім філіяле ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Р.Шэліхава, Т.Купрэева), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. М.Мызнікаў, Шэліхава, Купрэева), праекта дэталёвай планіроўкі 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. П.Алфімава, А.Кракалёва), генплана 1987 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Мусіенка, А.Байрачная). З 1990-х г. пашыраюцца гар. тэрыторыі, перавага аддаецца забудове сядзібнага тыпу. Зона адпачынку — берагі р. Случ, гар. парк культуры і адпачынку, вадасховішча Рудня.
У 1751—60 у С. дзейнічаў Слуцкі тэатр Радзівіла. паказы якога суправаджала Слуцкая капэла Радзівіла, працавалі таксама Слуцкая балетная школа, Слуцкая музычная школа. У 1936—41 працаваў калг.-саўг. т-р (маст. кіраўнік С.Тураў). Сярод пастановак: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Позняе каханне», «Без віны вінаватыя» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Забаўны выпадак» К.Гальдоні і інш. У С. працуюць народныя т-р драмы і камедыі імя У.Галубка гар. Дома культуры (з 1961), маладзёжны т-р эстрады Слуцкага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкома (з 1990). узорныя т-р лялек «Усмешка» Цэнтра дзіцячай творчасці (з 1993), тэатр. студыя «Мельпамена» пры Цэнтры дзіцячай творчасці (з 1995) і інш. У С. брацкая магіла партызан грамадз. вайны, брацкія магілы сав. воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызваліцелям, у гонар 50-годдзя сав. улады, Соф’і Слуцкай (скульпт. М.Інькоў, 2000). Помнік археалогіі — гарадзішча стараж. С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́Й Леў Мікалаевіч (9.9.1828; Ясная Паляна Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 20.11.1910),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1844—47). У 1851—54 на вайск. службе на Каўказе. Дэбютаваў аповесцямі «Дзяцінства» (1852), «Гады падлетка» (1854), «Юнацтва» (1857) і ваен. апавяданнямі «Набег», «Высечка лесу». У 1854—55 удзельнічаў у абароне Севастопаля (маст. нарысы «Севастопаль у снежні месяцы», «Севастопаль у маі», «Севастопаль у жніўні 1855 г.», 1855—56). У 1859 адкрыў у Яснай Паляне школу для сял. дзяцей, выдаваў пед.час. «Ясная Паляна» (1862—63), пазней напісаў «Азбуку» (1872), «Новую азбуку» (1875). У аповесці «Казакі» (1863, не завершана) асэнсаванне ролі казацтва ў гіст. лёсе Расіі і ўсх. славянства. Раман-эпапея «Вайна і мір» (1863—69) — нябачаная ў л-ры новага часу з’ява паводле жанру, багацця і шырыні паказу нар. жыцця і гіст. падзей, па псіхал. распрацаванасці характараў; у ім выявілася тэндэнцыя пераходу ад пункту гледжання народа ва ўсім, з чаго складаецца жыццё чалавека, у форме гарманізацыі свету, збліжэння пачаткаў жыцця праз маральны, эстэт. рух дзеяння да нар. праўды, прастаты, шчырасці, Трагічныя старонкі еўрап. гісторыі, вайны, дыпламат. і прыдворнай маны, чалавечых смерцяў і няшчасцяў у ім ураўнаважваюцца старонкамі нар. гераізму, чалавечай любові, самаахвярнасці. У рамане «Ганна Карэніна» (1875—77) асэнсаваны шматлікія пласты паслярэформеннага жыцця, калі «ўсё перавярнулася і пачынае ўкладвацца». У пач. 1880-х г. пасля працяглай і складанай эвалюцыі светапогляду Т. адкрыта абвясціў пра разрыў з афіц. царкоўнай дактрынай як пануючай ідэалагічнай сістэмай і пра пераход на пазіцыі «простага працоўнага народа». Ён напісаў шэраг філас.-публіцыст. трактатаў) («Споведзь», 1879—80; «Даследаванне дагматычнага багаслоўя», 1879—84; «У чым мая вера?», 1883—84; «Дык што ж нам рабіць?», 1885—86, і інш.), у якіх абвінаваціў афіц. царкву ў падтрымцы і апраўданні вайны і насілля. У трактаце «Царства божае ўнутры вас» (1893, на франц. мове; у Расіі забаронена, апубл. 1906) гал. аб’ектамі выкрывання сталі ваеншчына, мілітарызм, сац.-паліт. сілы, занятыя маральнай і эканам. падрыхтоўкай крывавых канфліктаў і сусв. вайны. Панарама жыцця з яго вечнымі пытаннямі дабра і зла, любові і нянавісці, смерці і бяссмерця прадстаўлена ў шматлікіх маст. празаічных («Халстамер», «Смерць Івана Ільіча», абодва 1886; «Крэйцэрава саната», 1891; «Айцец Сергій», 1911, і інш.) і драматычных («Улада цемры», 1886; «Плады асветы», 1890) творах. Складаныя пытанні мастацтва ў трактаце «Што такое мастацтва?» (1897—98). У канцы 19 ст. стварыў уласную арыгінальную тэорыю, у аснове якой ідэя ненасілля — своеасаблівая «праграма міру» з універсальным комплексам маральных і сац.-этычных патрабаванняў. Найвышэйшую мэту ён бачыў у яднанні людзей і іх самаўдасканаленні праз адмаўленне служыць злу насілля. У рамане «Уваскрэсенне» (1899) праз лёс гал. герояў, праз іх блуканне па «кругах» чалавечай чысціні, падзенняў, пакут, духоўнага ўваскрэсення, па «кругах» жорсткай і бязлітаснай бюракратычнай машыны Т. паказаў праўдзівую і кантрастную карціну розных бакоў жыцця тагачаснай Расіі. У 1901 Сінод адлучыў Т. ад царквы. У творах апошніх дзесяцігоддзяў — драме «Жывы труп», аповесцях «Пасля балю» (абедзве апубл. 1911), «Хаджы-Мурат» (апубл. 1912), т.зв. нар. апавяданнях — дасягнуў незвычайнага майстэрства лаканічнага пісьма: тонкасць і глыбіня псіхал. аналізу суседнічаюць у іх з адкрытай пропаведдзю супраць антыгуманных, жорсткіх праяў грамадскага жыцця. Усё большае месца ў яго творчасці займала публіцыстыка, ён адгукаўся на балючыя і вострыя пытанні сучаснасці («Рабства нашага часу», «Не забі», абодва 1900; «Не магу маўчаць!», «Корань зла», абодва 1908, і інш.). Сусв. рэзананс атрымала яго антываен. публіцыстыка («Салдацкая памятка», «Афіцэрская памятка», абодва 1901; «Адумайцеся!», 1905). 10.11.1910 Т. пакінуў Ясную Паляну, па дарозе цяжка захварэў і на ст. Астапава (цяпер Леў Талстой Ліпецкай вобл.) памёр. Творчасць Т., якая вырасла на класічных традыцыях, стала эпохай свядомасці чалавецтва. Велізарнае ўздзеянне маст. адкрыццяў Т. на сусв. л-ру, у т. л. беларускую. Для стваральнікаў сучаснай бел. л-ры Я.Купалы і Я.Коласа асаблівае значэнне меў талстоўскі пафас сцвярджэння і абароны мужыцкай праўды ў л-ры, нар. этыкі і мовы як вышэйшай нормы. Для ваен. прозы М.Гарэцкага Т. быў узорам мужнай, бязлітаснай шчырасці і праўды ў паказе вайны і чалавека на вайне, паслядоўнага антымілітарызму. Побач з Ф.Дастаеўскім і А.Бальзакам для К.Чорнага Т. з яго шырокім, эпічным поглядам на жыццё народа быў той мерай сталасці сучаснага рамана, якую бел. пісьменнік імкнуўся зрабіць нормай, традыцыяй і для бел. прозы. Талстоўскае сцвярджэнне праўды як гал. і нязменнага героя яго твораў арганічна ўласціва маст. талентам Я.Брыля і В.Быкава, І.Навуменкі і І.Шамякіна. Кожны з іх па-свойму ўспрыняў і працягвае талстоўскую традыцыю. І.Мележ у «Палескай хроніцы» апіраўся ў сваіх жанравых і маст. пошуках на эпічную традыцыю Т. Талстоўская мера шчырасці, спавядальнасці і бязлітаснай праўды ўплывае на таленты, найб. чулыя да рэальнага жыцця народа. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апубл. ў газ. «Наша ніва» (10.3.1911, апавяданне «Воўк і сабака»). Газ. «Минское эхо» (8.7.1908), апубл. памфлет Т. «Не магу маўчаць!», газ. «Белорусский вестник» — урывак «Барадзіно» з рамана «Вайна і мір». Артыкул «Пра Л.М.Талстога і пралетарыят» Я.Окуня надрукавала газ. «Могилевский голос» (11.2.1906). Пра Т. і яго творы друкавалі матэрыялы газ. «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский голос», «Минский курьер». «Гомельская мысль» і інш. Творы Т. на бел. мову перакладалі А.Астрэйка, Я.Брыль, Э.Валасевіч, В.Вітка, Ю.Гаўрук, М.Клімковіч, М.Лужанін, У.Ляўданскі, Л.Салавей, Я.Скрыган, А.Якімовіч і інш. Творчасць Т. даследавалі бел.літ.-знаўцы А.Адамовіч, Ф.Куляшоў, У.Сабаленка. даследуюць А.Несцярэнка, С.Чубакоў. Творы Т. ставілі т-ры Беларусі: «Улада цемры» Гродзенскі абл.драм.т-р (1959), Дзярж.рус.драм.т-р (1960), Бел.т-р імя Я.Коласа (1969), «Жывы труп» т-р імя Я.Коласа, Брэсцкі абл.драм.т-р (абодва 1951), Бел.т-р імя Я.Купалы (1961); «Ганна Карэніна» рус.драм.т-р (1938), Брэсцкі абл.драм.т-р (1950, 1961), т-р імя Я.Купалы (1951); «Уваскрэсенне» т-р імя Я.Купалы (1960); балет «Пасля балю» Г.Вагнера Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі (1972).
Тв.:
Полн. собр. соч. Т 1—90. М., 1928—58;
Собр. соч.Т. 1—22. М., 1978—85;
Севастопольские рассказы. Мн., 1984;
Детство. Отрочество. Юность. Мн., 1985;
Бел.пер. — Ці шмат чалавеку трэба зямлі і др. апавяданьні. Вільня, 1928;
Ад чаго зло на сьвеце. Вільня, 1929;
Хаджы-Мурат. Мн., 1931;
Васкрэсенне. Мн., 1937;
Палікушка. Пасля бала. Мн., 1937;
Севастопальскія апавяданні. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1941;
Апавяданні для дзяцей. Мн., 1946;
Аповесці і апавяданні. Мн., 1954; Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак. Мн., 1977.
Літ.:
Гусев Н.Н. Л.Н.Толстой: Материалы к биогр. М., 1954—70;
Гудзий Н.К. Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;
Шифман А.И. Лев Толстой и Восток. М., 1960;
Вересаев В.В. Живая жизнь: О Достоевском и Л.Толстом ... М., 1991;
Арденс Н.Н. Творческий путь Л.Н.Толстого. М., 1962;
Яго ж. Достоевский и Толстой. М., 1970;
Толстой и зарубежный мир. Т. 1—2. М., 1965;
Бунин И.А. Освобождение Толстого // Собр. соч.М., 1967. Т. 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Створаны ў 1955 у Мінску як Бел.рэсп.т-р юнага гледача з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Л.Мазалеўскай) і акцёраў інш. т-раў, у т. л. даваен. Тэатра юнага гледача БССР. У 1970—92 — імя 50-годдзя камсамола Беларусі. З 1991 наз. Т.ю.г.Б., з 2000 зноў Бел.рэсп.т-р юнага гледача. Адкрыўся 8.4.1956 урыўкамі са спектакляў «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, казкі «Горад майстроў» Т.Габэ, сучаснай драмы «Каханне Ані Бярозка» У.Пісталенкі. У станаўленні т-равял. роля належала Мазалеўскай і дырэктару У.Стэльмаху, якія вызначылі яго пастановачныя і пед. прынцыпы. Важнае значэнне надавалася стварэнню нац. рэпертуару. У 1957—58 пастаўлены п’есы бел. аўтараў «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава, «Юныя мсціўцы» А.Гутковіча і В.Хазанскага, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля і інш. Асаблівае месца належала п’есам І.Козела «Папараць-кветка» (1957), якая стала этапнай у творчасці т-ра, і «Над хвалямі Серабранкі» (1961). За гады існавання т-р паставіў больш за 50 бел. п’ес, з іх больш за 40 — новых. Папулярнасцю карысталіся казкі «Прыгоды Чыпаліна» з музыкай Я.Глебава (1957), «Казачны домік» М.Стэгліка (1960), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1964), «Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога (1966), «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968), «Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.Ліндгрэн (1969) і п’есы маральна-этычнай праблематыкі «У пошуках радасці» В.Розава (1958), «Учора ў Касаткіне» А.Зака і І.Кузняцова (1959), «Тры салаўі, дом 17» Д.Дабрычаніна (1959); класічныя творы: «Не ўсё кату масленіца» (1957) і «Свае людзі — паладзім» (1964) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1960), «Клоп» У.Маякоўскага (1962; упершыню пастаўлена на бел. сцэне), п’есы У.Шэкспіра, П.Кальдэрона. У спектаклях для падлеткаў пераважала рамант.-прыгодніцкая і рэв.-гераічная тэма: «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч і «Чырвоныя чарцяняты» П.Бляхіна, А.Палявога і А.Талбузіна (1961), «Бітва ў космасе» М.Гамолкі (1963) і інш., а таксама спектаклі, у якіх узнімаліся вострыя праблемы школьнага жыцця: «Усё гэта не так проста...» паводле Л.Ісаравай (1962), «Пузыркі» А.Хмеліка і «Яны і мы» Н.Далінінай (1965). Гіст. асобам прысвечаны спектаклі «Марат Казей» (1964) і «Юнацтва рыцара» (1970) В.Зуба, «Чырвоны губернатар» (1967) і «Палёт» (1969) У.Мехава, «Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна (1967). Спектаклі 1970-х г. набывалі ўсё больш яркую і выразную форму: «Зялёная птушка» паводле К.Гоцы, «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле М.Чарота і Я.Купалы, «Я спяшаюся за летам» В.Пальчынскайтэ, «Чалавек, падобны на сябе самога» (Міхаіл Святлоў) З.Папернага, «Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, «Сіні снег» Я.Шабана, «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова, «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Чатыры кроплі» Розава, «Дванаццатая ноч» Шэкспіра, «Драма праз лірыку» Г Палонскага і «Пойдзем у кіно?» А.Алексіна. У 1980-я г. вызначальнымі былі спектаклі «Як гартавалася сталь» паводле інсцэніроўкі А.Дударава, «Асоль» паводле А.Грына, «Падонкі» Я.Главацкага, «Калыска чатырох чараўніц» У.Караткевіча, «Марутка» С.Алексіевіч. Спектаклі 1980—90-х г. — пераважна муз.-драм. паказы. відовішчныя, дынамічныя, насычаныя музыкай, спевамі, сучаснымі мелодыямі і рытмамі: «Кот у ботах» паводле Ш.Перо, «Петэр Мунк і яго каменнае сэрца» паводле В.Гаўфа, «Анчутка» Б.Мятальнікава, «Ноч на Івана Купалу» Ю Куліка і інш.Т-р даў сцэн жыццё паэме «Песня пра Зубра» Міколы Гусоўскага (1994). Сярод лепшых пастановак для старэйшых школьнікаў — «Банкрут» («Свае людзі — паладзім») А.Астроўскага, «Стваральніца цуду» У.Гібсана. Творчым пошукам пазначаны пастаноўкі «Пінская шляхта» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (1995), «Антыгона» (1998) і «Шляхі цароў» (2002) паводле Ж.Ануя і Сафокла. Выразная форма, пластыка, музычнасць, сцэнаграфія ў спалучэнні з дакладна выяўленым глыбокім маральным зместам у лепшых спектаклях: «Кошчын дом» (гуляем у оперу) С.Маршака з музыкай Р.Уласюка, муз. трагікамедыя «Шчаслівыя жабракі» паводле Гоцы, драма «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.Бёрнет, трагічная легенда «Палачанка» Дударава, казкі «Сястра мая Русалачка» Л.Разумоўскай, «Дарога на Віфлеем» С.Кавалёва і «Рыцар Сонца» П.Васючэнкі. З інш. пастановак: «Ніхто не паверыць» паводле Я.Экхольма, «Палёт у краіну мрояў» М.Варфаламеева, «Парася, якое спявае» С.Казлова, «Сярэбраная табакерка» М Матукоўскага. У 2-й пал. 1970—пач. 1990-х г. у т-ры дзейнічала т.зв. малая сцэна (спектаклі «Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна, «Эдзіт Піяф» В.Легентава, «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» паводле Ж.Амаду і інш.). У 1991 створаны тэатр-ліцэй, на спектаклях-уроках якога школьнікі спасцігалі асновы тэатр. мастацтва, знаёміліся з жыццём і творчасцю дзеячаў нац. культуры. У 1994 на базе т-ра адбылася міжнар.навук.-практычная канферэнцыя «Псіхалагічная рэабілітацыя дзяцей сродкамі тэатральнага мастацтва» і трыенале «Тэатр — дзецям». У 2-й пал. 1990-х г. наладжваліся «Дні сям’і ў тэатры», праводзіўся конкурс «Любім тэатр з дзяцінства». У 2002 мюзіклам «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» А.Еранькова адкрылася эксперыментальная сцэна.
У фарміраванні маст. аблічча т-ра адметную ролю адыгралі акцёры У.Говар-Бандарэнка, П.Дубашынскі, В.Лебедзеў, Р.Маленчанка, В.Окалаў, А.Ротар, Л.Цімафеева; рэжысёры В.Пацехін, Ю.Міроненка; мастак В.Кляшчэўскі; кампазітар Я.Глебаў; драматург А.Вольскі, Макаль, Дудараў. Значны ўклад зрабілі акцёры Э.Аўчыннікава, Л.Барташэвіч, А.Бяляеў, Э.Зайцава, К.Каралёва. Ю.Кухаронак, У.Мартынаў, С.Мацюкевіч, К.Мізгайла, Л.Міхайлаў, Ю.Палосіна, З.Паўлоўская, К.Пельтцар, Б.Піскун, Г.Раеўская, К.Сянкевіч, Ю.Фляйто і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры В.Тарасаў, А.Кашкер, І.Дабралюбаў, Э.Гарачы, М.Трухан, С.Журавель, В.Філатаў, мастакі Д.Сычоў, Б.Казакоў, В.Тарасаў. Гал. рэжысёры: Мазалеўская (1956—61, 1963—64), Б.Дакутовіч (1962—63), У.Маланкін (1965—67), Б.Ганага (1967—71), М.Шыйко (1972—74), Р.Баравік (1974—78). І.Папоў (1978—79), В.Анісенка (1979—80), В.Рыжы (1980—83), У.Караткевіч (1983—88), В.Глубокава (1989—90), М.Абрамаў (1991—95), з 1995 — А.Андросік; гал. мастакі: А.Марыкс (1956), І.Пешкур (з 1962), Ю.Тур (з 1970), У.Гардзеенка (1973—78), Л.Герлаван (1983—91), з 1992 — Л.Рулёва. У складзе трупы (2002): нар.арт. Беларусі М.Пятроў; засл. артысты Беларусі Б.Барысёнак, Л.Горцава, А.Жук, В.Кавалерава, Л.Улашчанка; акцёры Р.Астрадзінава. В.Бранкевіч, Н.Гарбаценка, Ж.Друцкая. К.Доўнар, Т.Жданава, Ю.Жыгамонт, В.Казлоў, А.Каламіец, Л.Катковіч, А.Курловіч, Г.Кухальская, М.Лявонцьеў, М.Лявончык, С.Ніканчык, А.Палазкоў, А.Паплаўская, А.Сідорчык, І.Ушакевіч, А.Шабад, І.Шрубейка, Н.Якаўлева і інш.; рэжысёр Н.Башава.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (арх. А.П.Воінаў, Л.Усава) у працэсе рэканструкцыі відовішчнай групы памяшканняў Палаца піянераў і школьнікаў, з якім утварае адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Мае сім. планіровачную схему: на гал. восі знаходзяцца вестыбюль, глядзельная зала на 455 месцаў (з партэрам, амфітэатрам, 2 бакавымі ложамі), кулуары. Гал. ўваход вылучаны парадным 6-калонным порцікам карынфскага ордэра. У б. ёлачнай зале абсталявана эксперым. сцэна на 96 месцаў.
Літ.:
Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 1957;
Стэльмах У. Тэатр і час: Зап. дырэктара тэатра. Мн., 1973;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;
Тэатру юнага гледача Рэспублікі Беларусь — 40 гадоў // Тэатр. творчасць. 1996. № 2;
Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 2000.
Дз.У.Стэльмах.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Горад майстроў» Т.Габэ.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Клоп» У.Маякоўскага.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Рыцар Сонца» П.Васючэнкі.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Шчаслівыя жабракі» К.Гоцы.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.Бёрнет.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Палачанка» А.Дударава.Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Папараць-кветка» І.Козела. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНА́ЎСТВА,
навука, якая вывучае тэатр як самастойны від мастацтва, яго паходжанне і развіццё, месца і ролю ў грамадстве, маст. і тэхнал. структуру, працэсы творчасці і ўспрымання; галіна мастацтвазнаўства. Зыходзячы з таго, што т-р складаецца з драматургіі, сцэн. мастацтва і гледача, то кожная з гэтых галін з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведных раздзелаў Т. Яго асн. структурныя часткі: агульная тэорыя і гісторыя т-ра, тэатр. крытыка, сацыялогія т-ра, тэорыя драмы, рэжысура, акцёрскае мастацтва, псіхалогія і фізіялогія творчасці і глядацкага ўспрымання, сцэнаграфія, муз. афармленне спектакляў, тэатр. адукацыя і педагогіка, тэхніка сцэны, эканоміка і арг-цыятэатр. справы, крыніцазнаўства, бібліяграфія і інш. Звязана з гісторыяй культуры і побыту, філасофіяй, сацыялогіяй, эстэтыкай, псіхалогіяй, фалькларыстыкай, літ.-знаўствам, усімі мастацтвазнаўчымі навукамі.
Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Першыя тэатразнаўчыя творы паявіліся ў 16 ст. ў Францыі, Англіі, Германіі. З 17 ст. пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра. У Расіі Т. ўзнікла ў 18 ст. Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі творы А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, артыкулы В.Бялінскага, А.Грыгор’ева і інш.Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі працы К.Станіслаўскага, У.Неміровіча-Данчанкі, У.Меерхольда, У.Усеваладскага-Гернгроса, М.Марозава, П.Маркава, С.Данілава, Г.Гаяна і інш. тэарэтыкаў і практыкаў т-ра.
На Беларусі першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама пра спектаклі Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл у 1720—61 занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага». У 17—18 ст. першыя спробы асэнсаваць тэатр. працэсы зроблены ў працах М.К.Сарбеўскага («Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый»), Я.Фалькоўскага («Збор розных твораў», т. 3), Г.Каніскага («Правілы паэтычнага мастацтва») і Ф.Галянскага («Пра красамоўства і паэзію»). У 19 ст. на Беларусі і за яе межамі з’явіліся друкаваныя працы на польскай мове, у якіх разглядалася дзейнасць Гродзенскага і Нясвіжскага т-раў, змяшчаліся звесткі пра тэатралізаваныя дыялогі, якія праводзіліся ў езуіцкіх школах Гродна, Нясвіжа, Пінска, Полацка, Слоніма і Свіслачы, бел. інтэрмедыі 17 ст. і інш.Вял.значэнне для вывучэння гісторыі і практыкі бел.т-ра мелі запісы яго нар. форм, зробленыя ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. Е.Раманавым, П.Шэйнам, К.Гукоўскім, Я.Карскім, Дз.Даўгялам, К.Харламповічам, А.Кіркорам і інш. У публікацыях канца 19 ст. ў гіст. плане асвятлялася жыццё, у т. л. і тэатр., Мінска, Віцебска і Гродна. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац.т-р (арт. М.Гарэцкага «Наш тэатр», 1913). Шмат увагі ідэі яго стварэння, асвятленню яго нар. і прафес. форм аддавалі газеты «Наша ніва» (1906—15), «Гоман» (1916—18), «Беларусь» (1919—20) і інш. У пачатку 20 ст. Т. вылучылася ў самастойную галіну навукі. Паяўленне прафес.дзярж. т-раў на Беларусі і шырокае развіццё аматарскай творчасці вызначылі задачы бел. Т. на новым этапе, асн. з якіх было вывучэнне гісторыі нац.сцэн. культуры: Ф.Аляхновіч «Беларускі тэатр» (1924), С.Грынкевіч «Аб тэатры» (1927), А.Некрашэвіч «Беларускі першы Дзяржаўны тэатр, 1920—1930» (1930) і інш. Значная ўвага ў канцы 1920-х — 1930-я г. аддавалася аналізу бел. драматургіі. У зб. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны крытычныя выступленні па праблемах драматургіі пісьменнікаў Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, І.Гурскага, Я.Рамановіча і інш. Сярод інш. прац па гэтай праблеме: «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934), «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935), якія, аднак, не пазбеглі суб’ектывізму ў ацэнках з’яў мастацтва. У пасляваен. перыяд бел. Т. прадоўжыла распрацоўку праблем сцэн. мастацтва і драматургіі. З арганізацыяй у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ў 1957 сектара т-ра і кіно (з 1977 сектар, з 1986 аддзел т-ра) пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных працэсаў развіцця бел.т-ра. Гэтыя праблемы распрацоўваліся ў працах У.Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» і «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965), калектыўнай «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанка (2002). У шэрагу тэарэт. прац разглядаюцца праблемы драматургічнага канфлікту («Роздум пра драматычны канфлікт» Няфёда, 1970); сцэн. інтэрпрэтацыі прозы («Радок, прачытаны тэатрам» У.Халіпа, 1973); узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне тэатр. культур розных народаў («Шляхі беларускага тэатра» У.Стэльмаха, 1964; «Беларуская драматургія ў тэатрах народаў СССР» А.Сабалеўскага, 1972, і інш.); эвалюцыі канцэпцыі гераічнага ў бел.тэатр. мастацтве («На сцэне — бессмяротнасць подзвігу», 1982; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80 гг.», 1987, Смольскага); сучаснай бел. рэжысуры («Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» Смольскага, 1984; «Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000) і інш.
У манаграфіях тэатразнаўчага і літаратуразнаўчага характару аналізуецца творчасць драматургаў: Я.Купалы (М.Ярош, У.Карпаў, П.Васючэнка), К.Крапівы (Я.Усікаў, А.Макарэвіч, У.Карабан, С.Лаўшук, Сабалеўскі), Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Усікаў), вывучаецца драматургія і праблемы яе развіцця, аналізуецца сцэн. ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў. Выдадзены манаграфіі, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: «Першы тэатр» Рамановіча (1946), «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» (1970) і «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа» (1976) Няфёда, «Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.)» Пятровіча (1983), «На тэатральных скрыжаваннях» Б.Бур’яна і Ліснеўскага (1967, пра Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі), «Лёс аднаго тэатра» Г.Герштэйн (2000, пра Дзярж.яўр.т-рБССР), «Тэатр лялек» Ан.Ляляўскага (1974) і інш.Нар. формы тэатр. мастацтва, дзейнасць прафес. і аматарскіх калектываў у гіст. і сучасных аспектах даследуюцца ў працах Г.Барышава, У.Іскрыка, М.Каладзінскага, Ю.Пашкіна, Ю.Сохара, А.Лабовіча, А.Есакова, А.Асташова, Пятровіча і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі для студэнтаў тэатр. факультэтаў ВНУ, для школьных і дашкольных устаноў: «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (склад. Сабалеўскі, т. 1—2, 1975; т. 1—3, 2-е выд. 1997—2000), «Гісторыя беларускага тэатра» Няфёда (1982), «Лялечны тэатр у школе» Ан. Ляляўскага (1967), «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.» С.Міско (2000) і інш. Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатр. дзеячаў асвятляецца ў крытыка-бібліягр. нарысах. З 2-й пал. 1960-х г. выдаюцца працы мемуарнага характару: «Нататкі акцёра» Ц.Сяргейчыка, «Тэатр і час» Стэльмаха (абедзве 1973), «Тэатр — жыццё маё» П.Малчанава (1984), «Паўстагоддзя на сцэне» Г.Абуховіч (1987), «І кожны вечар у час прызначаны...: Паводле ўспамінаў З.І.Браварскай» І.Кірылюк (2001) і інш.Бел. Т. папулярызуе мастацтва т-ра: кнігі-альбомы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» (1958), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), «Тэатры Беларусі» (1998, на бел. і англ. мовах) і буклеты пра асобныя т-ры. Аб нараджэнні новых раздзелаў Т. сведчаць працы «Тэатральны эксперымент: праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі і «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: (Сацыялагічны замер)» Г.Юдчыц (1998) і інш., у якіх разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, планавання творчага працэсу, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар, спажывецкі рынак і інш. Пэўную каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва, бібліягр. даведнікі па драматургіі, рэжысуры і інш.Бел. Т. эвалюцыяніравала ад матэрыялаў пераважна апісальных і інфарм. да прац абагульняльнага характару, тэарэт. асэнсавання творчых працэсаў нац.сцэн. мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа. Вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі мастацтваў і інш.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки, 1917—1941. М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАЛОГІЯ
На Беларусі этналагічная навука развіваецца з пач. 19 ст. Першую праграму для збірання этналагічных матэрыялаў склаў Г.Калантай (1810). Распрацоўку методыкі збірання такіх матэрыялаў у 19 ст. вёў Віленскі ун-т. Збіралі і друкавалі этналагічныя матэрыялы М.Чарноўская, А.Рыпінскі, Я.Чачот, З.Даленга-Хадакоўскі. Яны належалі да міфалагічнага кірунку ў бел. этналогіі і найб. ўвагу звярталі на духоўную культуру — песні, паданні, абрады, разглядалі іх як рэшткі стараж. светапогляду, ідэалізавалі міфалогію. Міфалагічны кірунак быў характэрны і для бел. этналогіі 1850—70-х г., калі значную ролю ў этналагічным вывучэнні Беларусі адыгрывала Рускае геаграфічнае таварыства, у прыватнасці яго аддзяленне этнаграфіі. У яго выданнях «Этнографический сборник» і «Записки Русского географического общества по отделению этнографии» надрукаваны працы М.Анімеле «Побыт беларускіх сялян» (1854), А.Г.Кіркора «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1858), П.В.Шэйна «Беларускія песні» (1873). У 1860—70-я г.Рус.геагр.т-ва арганізавала этналагічныя экспедыцыі С.В.Максімава і П.П.Чубінскага, якія сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйнай культуры бел. народа. У гэты час актыўна працаваў Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (1867—75).
Значных поспехаў дасягнулі энтузіясты бел. этналогіі, якія працавалі асобна. Навук.значэнне ў гэтай галіне маюць працы П.М.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—1855) і інш. і У.Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.
У 1880—90-я г. ў этналагічным вывучэнні Беларусі актыўна ўдзельнічала Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. На сродкі т-ва ажыццёўлены этналагічныя экспедыцыі па Беларусі М.Я.Янчука (1886) і М.В.Доўнар-Запольскага (1890—1891). У выданнях т-ва «Этнографическое обозрение» і «Труды этнографического отдела Общества любителей природоведения, антропологии и этнографии» апублікавана шмат прац бел. даследчыкаў.
У 1910—15 працаваў адноўлены Паўн.-зах. аддзел Рус.геагр.т-ва. Ён арганізаваў этналагічныя экспедыцыі Е.Р.Раманава і І.А.Сербава. Сабраныя матэрыялы Раманаў апублікаваў у працы «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), а Сербаў у кн. «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914). На сродкі гэтага т-ва выдадзены «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.М.Дабравольскага (вып. 1—4, 1891—1903). У этналагічным вывучэнні Беларусі ўдзельнічаў этнаграфічны аддзел Рус. музея ў С.-Пецярбургу, супрацоўнік якога А.К.Сержпутоўскі напісаў этналагічныя працы «Нарысы Беларусі» (1907—09), «Бортніцтва на Беларусі» (1910), «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся» (1910). Велізарны матэрыял пра бел. этнас надрукаваны ў працах П.В.Шэйна, Раманава, М.Я.Нікіфароўскага, А.Я.Багдановіча.
У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. з’явіліся абагульняльныя працы пра бел. этнас М.В.Доўнар-Запольскага «Беларусы» (1905), Янчука «Этнаграфічны нарыс Беларусі» (1918—1920), Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22).
Духоўную, матэрыяльную і сац. культуру бел. народа вывучалі Дабравольскі, Доўнар-Запольскі, Карскі, Нікіфароўскі, Раманаў, Сербаў, Сержпутоўскі, якія належалі да эвалюцыйнага кірунку і паказвалі яе развіццё ад простых форм да больш складаных. Многія з іх усебакова абгрунтоўвалі погляд на беларусаў як асобную і самастойную этнічную супольнасць. Карскі заклаў фундамент навук. вывучэння этнагенезу беларусаў.
У 1920-я г. значную ролю ў этналагічным вывучэнні беларусаў адыграў Інстытут беларускай культуры. Ён арганізаваў шмат этналагічных экспедыцый па Беларусі, удзельнікі якіх сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйных відах гасп. дзейнасці і духоўнай культуры беларусаў.
У 1930—1-й пал. 1950-х г. этналагічныя даследаванні ажыццяўляў Ін-т гісторыі АН Беларусі, яго сектар этнаграфіі і фальклору. Ён арганізаваў шэраг этналагічных экспедыцый па Беларусі, зроблены крокі па ўдасканаленні эвалюцыйнага метаду. У ліку найб. значных этналагічных прац, выдадзеных ін-там, былі манаграфіі М.М.Нікольскага. «Міфалогія і абраднасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства» (1933), «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» (1956).
З 1957 этналагічныя даследаванні ў сістэме АН Беларусі ажыццяўляе Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы, яго аддзел этнаграфіі (з 1995 аддзел этналогіі). У выніку сістэматычнай экспедыцыйнай работы абследаваны ўсе рэгіёны Беларусі. Ім удасканалены метады аналізу этналагічных матэрыялаў. Этналагічныя даследаванні набылі сістэмны характар. Ін-т распрацаваў шэраг важных этналагічных праблем. В.К.Бандарчык паслядоўна даследаваў гістарыяграфічную спадчыну бел. этналогіі («Беларусы», т. 3, 1999). Апублікаваны шэраг фундаментальных прац пра паходжанне і этнічную гісторыю бел. народа, у іх ліку «Беларусы» М.Я.Грынблата (1968), «Этнаграфія беларусаў» І.У.Чаквіна, Бандарчыка, П.У.Церашковіча, Г.І.Каспяровіч (1985), «Узнікненне Беларусі» М.Ф.Піліпенкі (1991), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» Піліпенкі, Чаквіна, Каспяровіч і інш. (2001). Матэрыялы пра асобныя прамысл. і рамесныя заняткі абагульнены ў навук. працах В.С.Цітова «Дрэваапрацоўчыя промыслы Беларусі» (1976), І.М.Браіма «Рыбалоўства ў Беларусі» (1976), Г.М.Курыловіч «Беларускае народнае ткацтва» (1981), С.А.Мілючэнкава «Беларускае народнае ганчарства» (1984), У.С.Гуркова, С.Ф.Цярохіна «Занятак спрадвеку высакародны» (пра пчалярства, 1987), В.Я.Фадзеевай «Беларуская народная вышыўка» (1991). Калектыў аўтараў (Н.І.Буракоўская, Я.М.Сахута, Цітоў і інш.) апублікаваў абагульняльную працу аб промыслах і рамёствах беларусаў («Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі», 1995). А.І.Лакотка падрыхтаваў працы «Беларусы. Т. 2. «Дойлідства» (1997), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999). Л.І.Маленка прасачыла эвалюцыю бел. народнага строю ў працы «Беларускі народны касцюм» (2001). Рэгіянальныя асаблівасці земляробчай тэхнікі, жылых і гасп. пабудоў, прадметаў адзення беларусаў разгледжаны ў працах: «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968) Л.А.Малчанавай, «Беларускае народнае жыллё» (1973) У.С.Гуркова, Э.Р.Сабаленка і інш., «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974) І.П.Корзуна, Л.І.Мінько і інш., «Беларускае народнае адзенне» (1975) Бялявінай, Курыловіч і інш., «Гістарычна-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў» (1983) Цітова. Высновы пра рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай культуры беларусаў, гіст.-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі сталі навук. базай для стварэння Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Супрацоўнікі ін-та даследавалі сац. культуру бел. этнасу: Т.І.Кухаронак «Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў» (2001) і «Радзінныя звычаі і абрады беларусаў» (1993), Л.В.Ракавай «Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы» (2000). Абагульняльную працу пра грамадскія традыцыі выдалі В.Ф.Бацяеў, В.М.Бялявіна, А.В.Гурко, Чаквін і інш. («Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі», 2002), пра сям’ю — Курыловіч, Кухаронак, Ракава і інш. («Беларусы. Т. 5. Сям’я», 2001).
Найб. грунтоўна вывучана паэтычная творчасць беларусаў — выдадзена 45 тамоў серыі «Беларуская народная творчасць» (1970—2003), «Беларускі фальклор: Жанры. Віды. Паэтыка» (кн. 1—6, 2001—04). Нар. музычнаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву беларусаў прысвечаны працы З.Я.Мажэйка «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), Сахуты «Народнае мастацтва Беларусі» (1997). Абагульняльная этналагічная праца пра бел. народ «Беларусы», выдадзеная ў 1998 у Маскве ў міжнар. серыі «Народы і культуры».
У наш час этналагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (Церашковіч, Т.А.Навагродскі, А.А.Кілбас, І.С.Махоўская, У.І.Мядзянік), у Рэспубліканскім ін-це вышэйшай школы пры БДУ (І.І.Калачова), Бел.пед. ун-це імя М.Танка (І.Б.Канапацкі, У.В.Тугай, Цітоў), у Гомельскім дзярж. ун-це імя Ф.Скарыны (А.Р.Яшчанка), у Полацкім дзярж. ун-це (У.А.Лобач), у Бел. ун-це культуры (Т.М.Мікуліч).
Літ.:
Бандарчык В.К. Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999;
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. Мн., 1997;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Піліпенка М.Ф., Цягака Л.І. Этнаграфія і антрапалогія ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1998. №4. Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНАЎСТВА
Першыя звесткі краязнаўчага характару пра Беларусь вядомы з 15—17 ст. Яны маюцца ў летапісах і хроніках, у т. л. ў Хроніцы Быхаўца (16 ст.), «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582), «Баркулабаўскай хроніцы» (пач. 17 ст.). Каштоўнымі краязнаўчымі крыніцамі з’яўляюцца паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618). Звесткі апісальнага характару ёсць у шматлікіх дзённіках (дыярыушах), у мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. Больш грунтоўнае вывучэнне краю пачалося ў канцы 18—19 ст., калі выкарыстоўваліся багатыя зборы бібліятэк, архіваў, карцінных галерэй, нумізматычных, мінералагічных і інш. калекцый, якія меліся ў рэзідэнцыях магнатаў, пры некаторых манастырах і навуч. установах. Пры Гродзенскай урачэбнай акадэміі былі батанічны сад (першы ва Усх. Еўропе) і заалагічны музей з калекцыяй у 10 тыс. экспанатаў. У 1786 А.Меер склаў «Апісанне Крычаўскага графства або былога староства». Краязнаўчая інфармацыя ёсць у «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, у працы М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П. і Я.П.Тышкевічаў у Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей. У Паставах К.Тызенгаўз арганізаваў арніталагічны музей. У канцы 18 ст. Віленскі ун-т праводзіў на тэр. Беларусі батанічна-заалагічныя даследаванні. У 19 ст. разам з археалагічнымі, этнаграфічнымі і фальклорнымі даследаваннямі публікаваліся і краязнаўчыя матэрыялы. Прыкметную ролю ў станаўленні краязнаўства ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім ун-це, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Бел. вольнае эканамічнае т-ва ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. сабраны багатыя гербарыі раслін Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай губ. З сярэдзіны 19 ст. вяліся кліматычныя, гідралагічныя і феналагічныя назіранні. Іх праводзілі ў Маладзечанскай і Нясвіжскай настаўніцкіх семінарыях, у многіх гімназіях. У Віцебску і Полацку былі адкрыты музеі лясной гаспадаркі. Своеасаблівымі краязнаўчымі даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы тагачасных паэтаў і пісьменнікаў. Вынікі краязнаўчых даследаванняў друкавалі Віленская археалагічная і археаграфічная камісіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва «Віленскі фармацэўтычны часопіс», «Памятныя кнігі губерняў», шматлікія календары. К.А.Буйніцкі склаў апісанне Зах. Дзвіны. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба». Выйшла серыя прац Г.К.Крэера па геабатанічным даследаванні лугоў Магілёўшчыны. У працы бел. урачоў А.А.Бекарэвіча, П.А.Грацыянава, В.В.Кошалева і інш. змешчаны медыка-геагр. характарыстыкі Бабруйска, Барысава, Магілёва, Мазыра, Мінска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы, Слуцка і асобных паветаў. У 1901 М.М.Арнольд апублікаваў «Каталог насякомых Магілёўскай губерні».
У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та, у 1912 — Мінскае т-ва аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся шматлікія тэматычныя зборнікі. Матэрыялы краязнаўчага характару друкаваліся ў «Записках. Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». Краязнаўчыя студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі існавалі пры многіх ВНУ Расіі, у т. л.Бел. навукова-літ. гурток (1912) пры Пецярбургскім ун-це. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася плеяда бел. краязнаўцаў: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У Беларускай ССР у 1920-я г. краязнаўчыя аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Бел. вольна-эканамічнае т-ва (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Ін тбел. культуры, пры якім існавала Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК). У лістападзе 1924 адбылася 1-я Усебел. краязнаўчая канферэнцыя, у лютым 1926—1-ы Усебел. краязнаўчы з’езд. З кастрычніка 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясцовыя неперыядычныя зборнікі «Віцебшчына», «Полаччына» і інш. Удзел у краязнаўчым руху прымалі бел. пісьменнікі і вучоныя З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках. Вялікае значэнне краязнаўцы надавалі вывучэнню прыродных рэсурсаў Беларусі. Краязнаўчыя таварыствы рыхтавалі і выдавалі працы па краязнаўчым апісанні асобных раёнаў і акруг Беларусі: «Віцебшчына. Неперыядычны зборнік Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства» (Віцебск, т. 1—2, 1925—28), «Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства» (Слуцк, 1930). Да гэтага часу адносяцца працы бел. краязнаўцаў М.В.Азбукіна, М.А.Грамыкі, М.І.Збіткоўскага, В.М.Палянскай, П.А.Самцэвіча і інш.
Развівалася краязнаўства і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязнаўчага т-ва, мясцовыя краязнаўчыя аб’яднанні, ствараліся краязнаўчыя музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922; Пінскі, 1924; Баранавіцкі і Слонімскі, 1929). Геабатанічныя назіранні праводзілі навучэнцы бел. гімназій. Вывучэннем заходнебел. краю займаліся Бел.навук.т-ва, Бел.ін-т гаспадаркі і культуры, Бел. музей імя І.Луцкевіча, Бел. навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У ліку актыўных краязнаўцаў Зах. Беларусі былі навукоўцы, мастакі, грамадскія дзеячы: Я.Булгак, Л.І.Вітан-Дубейкоўскі, Я.Н.Драздовіч, А.І.Луцкевіч, М.Манцэвіч, В.Мароз, П.Прадуха, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, М.Тулейка, М.Якімец і інш.
У пасляваенныя гады ўвага краязнаўцаў скіроўвалася пераважна на пошукавую працу: даследаванні падзей гісторыі Вял.Айч. вайны, партыз. руху на Беларусі. Адкрыты шэраг краязнаўчых музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей нар. творчасці (1978) і інш. У наш час краязнаўствам займаюцца Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Бел. фонд культуры, Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны і інш. Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Акрамя краязнаўчых музеяў краязнаўчыя матэрыялы збіраюць, апрацоўваюць, захоўваюць і прапагандуюць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя, аэралагічныя станцыі, гідраметэаралагічныя абсерваторыі, аграметэаралагічныя пасты, сельскагаспадарчыя доследныя станцыі, архівы, мясц. ведамствы і ўстановы па каранціне сельскагаспадарчых раслін і інш.Найб. масавым з’яўляецца школьны краязнаўчы рух. Пры школах працуюць краязнаўчыя гурткі, атрады следапытаў, «зялёныя» і «блакітныя» патрулі, школьныя лясніцтвы, прыродазнаўчыя музеі. Існуюць краязнаўчыя аддзелы пры некаторых бібліятэках. Вынікі краязнаўчых даследаванняў надрукаваны ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86), «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у шматтомнай серыі кніг «Памяць». Праблемы краязнаўства асвятляюцца ў перыяд. выданнях: часопісах «Родная прырода» (з 1972), «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993), «Беларуская мінуўшчына» (з 1993), «Беларускі гістарычны агляд» (з 1994), «Падарожнік» (у ім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1989 час. «Спадчына»), у альманахах «Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш., у рэсп. («Краязнаўчая газета», з 2003), абл. і раённых газетах, у навукова-краязнаўчых зборніках і інш. Уклад у краязнаўства пасляваен. перыяду зрабілі А.М.Белакоз, А.П.Грыцкевіч, В.П.Грыцкевіч, Л.У.Дучыц, М.І.Ермаловіч, Э.М.Загарульскі, У.Ф.Ісаенка, Л.Р.Казлоў, У.А.Калеснік, А.К.Каўка, Г.А.Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, Ю.А.Лабынцаў, А.І.Мальдзіс, М.Ф.Мельнікаў, В.Л.Насевіч, В.У.Скалабан, М.А.Ткачоў, М.М.Улашчык, Ю.А.Якімовіч і інш.Гл. таксама Краязнаўства.
Літ.:
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шчыт, ‑а, м.
1. Ручная ахоўная зброя старажытнай воіна ў выглядзе прамавугольніка, круга, эліпса з дрэва, металу і пад., якая служыла для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Ішла дружына на дружыну, схаваўшы грудзі за шчыты.А. Вольскі.// Выпукласць, упрыгожанне на чым‑н., якое сваім выглядам нагадвае такі прадмет. У цэнтры гравюры на геральдычных шчытах намаляваны ўмоўныя знакі, значэнне якіх не расшыфравана дагэтуль.«Помнікі».//перан. Пра каго‑, што‑н., што з’яўляецца аховай, служыць для аховы. Армія наша — гордасць краіны, Сіла надзейная, шчыт.Колас.Радзіма прышэльцаў карала, Няроўны прымаючы бой, І шчыт непрабойны Урала Высока нясла над сабой.Гаўрусёў.//перан. Пра тое, што прыкрывае, хавае што‑н. сапраўднае. — Зноў канспірацыя... — незадаволена прабурчаў Рогаў. — Шчыт для баязліўцаў.Новікаў.//перан. Тое, што аддзяляе каго‑н. ад каго‑, чаго‑н., робіць чужым і пад. Але словы былі сказаны, і яны сталі шчытом паміж мною і ўсімі, хто быў у палаце...Савіцкі.
2. Прыстасаванне ў выглядзе металічнага ліста, збітых дошак і пад. для засцярогі ад чаго‑н. Нясе На паварот круты Дарога счэп вагонаў. Тут [на Запалярнай чыгунцы] супрацьснежныя шчыты — Як войска ў абароне.Калачынскі.Так не праходзіць дня без страты новай, Шчыт кулямёта ў драпінах увесь.Зарыцкі.[Старшыня:] — Добра яшчэ, што своечасова агледзеліся і перагарадзілі ім [сухавеям] дарогу шчытамі.Паслядовіч.// Вялікі прамавугольны ліст, збіты, сплецены з якога‑н. матэрыялу, які служыць для насцілу, апалубкі і пад. — Назаўтра прыйдуць [рабочыя], а на аб’екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены.Грахоўскі.// Гатовая частка сцяны, перакрыцця, перагародкі і пад., якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве зборных збудаванняў. Шчыты збор нага дома. □ Побач з імі [школай і клубам] — адзіная драўляная будыніна са шчытоў — маладзёжны інтэрнат.Беразняк.// У баскетболе — высока паднятая шырокая дошка на краі баскетбольнага поля, да якой прымацаваны жалезны круг. // У гідратэхніцы — затвор для закрыцця адтулін гідразбудаванняў. //Спец. Прыстасаванне, якое захоўвае ад абвалаў пры праходжанні тунеля, а таксама для выканання работ пры праходцы тунеля. Мантаж шчыта метро.
3. Франтон двухскатнага даху. Міхей... Што Міхею. У яго хата крыта гонтай, з фігурным шчытом, з зялёнымі аканіцамі.Ермаловіч.Без шчыта яна [хата], наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны.Брыль.// Верх, макаўка чаго‑н. (звычайна дрэва і пад.). І голас вашай [камсамольскай] песні звонкай Лавіў прастор нябёс, зямлі, І ціш балот, і шчыт сасонкі.Колас.
4. Вертыкальна ўстаноўленая дошка або ліст, на які змяшчаецца што‑н. для паказу, агляду і пад. Абапал алеі, па якой яны [рабочыя] ішлі ў людскім патоку, стаялі чырвоныя шчыты з лозунгамі, дыяграмамі, з партрэтамі перадавікоў.Карпаў.Каля шчыта, дзе звычайна прыклейвалі аб’явы, стаяў майстар Будзішэўскі і нешта чытаў.Даніленка.//Спец. Вялікая мішэнь для стральбы артылерыі на моры. //Спец. Сукупнасць разнастайных прыбораў, сігнальных апаратаў, кнопак кіравання і пад., змешчаных на адной панелі, дошцы, пульце. Размеркавальны шчыт. □ Лёнька перавёў рычажок — на пярэднім шчыце загарэлася кантрольная лямпачка.Гамолка.Электронная апаратура .. пастаянна паказвае сваю дзейнасць праз дзесяткі ўстаноўленых на вялікім шчыце прыбораў.«Беларусь».
5. У геалогіі — найбольш старая частка сушы, для якой уласцівы выхад на паверхню зямлі старажытных складкавых крышталічных народ.
6. У біялогіі — цвёрдае ўтварэнне ў розных жывёл для аховы іх мяккіх тканак.
7. Экватарыяльнае сузор’е, у якім знаходзіцца адно з найярчэйшых месц Млечнага шляху. Хлопцы селі, памаўчалі, Паглядаючы ў блакіт: Мо’ яшчэ раз вывучалі Таямнічы зорны шчыт?Кірэенка.
•••
Са шчытом — з перамогай, з поспехам (вяртацца, прыходзіць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр.усх.-палес.калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус.наўг., валаг., ярасл.калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр.калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск.kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш.koláček ’круглы чапец’, серб.-харв.ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен.koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл.kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.
Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр.усх.-палес.калач ’баранак’, укр.калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял.колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус.калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск.kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж.kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж.kołač ’круглае печыва’, чэш.koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен.koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв.ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед.колач ’абрадавы хлеб’, балг.колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл.kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш.дыял.kolo, балг.дыял.коло, рус.дыял.колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл.kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен.дыял.kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.
Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг.калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр.мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус.дыял.калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр.палки, палочник, бел.дыял.калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел.таўкачык ’назва хвашчу’, а бел.дыял.калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус.дыял.колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел.дыял.калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус.смал., росл.качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.