шчыт, ‑а, м.
1. Ручная ахоўная зброя старажытнай воіна ў выглядзе прамавугольніка, круга, эліпса з дрэва, металу і пад., якая служыла для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Ішла дружына на дружыну, схаваўшы грудзі за шчыты. А. Вольскі. // Выпукласць, упрыгожанне на чым‑н., якое сваім выглядам нагадвае такі прадмет. У цэнтры гравюры на геральдычных шчытах намаляваны ўмоўныя знакі, значэнне якіх не расшыфравана дагэтуль. «Помнікі». // перан. Пра каго‑, што‑н., што з’яўляецца аховай, служыць для аховы. Армія наша — гордасць краіны, Сіла надзейная, шчыт. Колас. Радзіма прышэльцаў карала, Няроўны прымаючы бой, І шчыт непрабойны Урала Высока нясла над сабой. Гаўрусёў. // перан. Пра тое, што прыкрывае, хавае што‑н. сапраўднае. — Зноў канспірацыя... — незадаволена прабурчаў Рогаў. — Шчыт для баязліўцаў. Новікаў. // перан. Тое, што аддзяляе каго‑н. ад каго‑, чаго‑н., робіць чужым і пад. Але словы былі сказаны, і яны сталі шчытом паміж мною і ўсімі, хто быў у палаце... Савіцкі.
2. Прыстасаванне ў выглядзе металічнага ліста, збітых дошак і пад. для засцярогі ад чаго‑н. Нясе На паварот круты Дарога счэп вагонаў. Тут [на Запалярнай чыгунцы] супрацьснежныя шчыты — Як войска ў абароне. Калачынскі. Так не праходзіць дня без страты новай, Шчыт кулямёта ў драпінах увесь. Зарыцкі. [Старшыня:] — Добра яшчэ, што своечасова агледзеліся і перагарадзілі ім [сухавеям] дарогу шчытамі. Паслядовіч. // Вялікі прамавугольны ліст, збіты, сплецены з якога‑н. матэрыялу, які служыць для насцілу, апалубкі і пад. — Назаўтра прыйдуць [рабочыя], а на аб’екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены. Грахоўскі. // Гатовая частка сцяны, перакрыцця, перагародкі і пад., якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве зборных збудаванняў. Шчыты збор нага дома. ▪ Побач з імі [школай і клубам] — адзіная драўляная будыніна са шчытоў — маладзёжны інтэрнат. Беразняк. // У баскетболе — высока паднятая шырокая дошка на краі баскетбольнага поля, да якой прымацаваны жалезны круг. // У гідратэхніцы — затвор для закрыцця адтулін гідразбудаванняў. // Спец. Прыстасаванне, якое захоўвае ад абвалаў пры праходжанні тунеля, а таксама для выканання работ пры праходцы тунеля. Мантаж шчыта метро.
3. Франтон двухскатнага даху. Міхей... Што Міхею. У яго хата крыта гонтай, з фігурным шчытом, з зялёнымі аканіцамі. Ермаловіч. Без шчыта яна [хата], наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Брыль. // Верх, макаўка чаго‑н. (звычайна дрэва і пад.). І голас вашай [камсамольскай] песні звонкай Лавіў прастор нябёс, зямлі, І ціш балот, і шчыт сасонкі. Колас.
4. Вертыкальна ўстаноўленая дошка або ліст, на які змяшчаецца што‑н. для паказу, агляду і пад. Абапал алеі, па якой яны [рабочыя] ішлі ў людскім патоку, стаялі чырвоныя шчыты з лозунгамі, дыяграмамі, з партрэтамі перадавікоў. Карпаў. Каля шчыта, дзе звычайна прыклейвалі аб’явы, стаяў майстар Будзішэўскі і нешта чытаў. Даніленка. // Спец. Вялікая мішэнь для стральбы артылерыі на моры. // Спец. Сукупнасць разнастайных прыбораў, сігнальных апаратаў, кнопак кіравання і пад., змешчаных на адной панелі, дошцы, пульце. Размеркавальны шчыт. ▪ Лёнька перавёў рычажок — на пярэднім шчыце загарэлася кантрольная лямпачка. Гамолка. Электронная апаратура .. пастаянна паказвае сваю дзейнасць праз дзесяткі ўстаноўленых на вялікім шчыце прыбораў. «Беларусь».
5. У геалогіі — найбольш старая частка сушы, для якой уласцівы выхад на паверхню зямлі старажытных складкавых крышталічных народ.
6. У біялогіі — цвёрдае ўтварэнне ў розных жывёл для аховы іх мяккіх тканак.
7. Экватарыяльнае сузор’е, у якім знаходзіцца адно з найярчэйшых месц Млечнага шляху. Хлопцы селі, памаўчалі, Паглядаючы ў блакіт: Мо' яшчэ раз вывучалі Таямнічы зорны шчыт? Кірэенка.
•••
Са шчытом — з перамогай, з поспехам (вяртацца, прыходзіць і пад.).