Жэнь ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ельск., Анох.), ’прыстасаванне для гэтага ж’ (КСТ). Рус. жень ’прыстасаванне (вяровачная лесвіца) для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Даль), ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ніжнегар., кастрам.), укр. жень (Грынч.), палес. же̂нь, жінь, жинь (Ніканчук, Матеріали до лексичного атласу укр. мови. Київ, 1979, с. 214–215) ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’, ст.-чэш. žině ’грубая нітка, матуз з воўны’ (Махэк), славац. žínka ’матуз’, славен. žínjica ’конскі волас, матуз з конскіх валасоў’, серб.-харв. žińica ’кайма’ (RJA). Рэканструкцыя прасл. формы выклікае пэўныя цяжкасці: галосны мог бы быць *ě (укр. дыялекты ведаюць на яго месцы не толькі i, але і e; славен. дыялекты ведаюць i). Гэтаму не пярэчыць і балт. ei ў роднасных утварэннях: літ. geinỹs, лат. dzeinis ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’. Аднак *ē > *ě > *a (пасля *ž), а калі *ě < *oi, перад ім не ўзнікае *ž, а *dz > *z. Гэтаму адпавядае польск. dzieńić ’карыстацца дрэвам у бортніцтве’ (SJP, 2, 582: пад dzień II), dzianek ’дрэва, якім карыстаюцца бортнікі’, дыял. dzianka ’борць у старой сасне’ (Карловіч). У форме *žěnь, што адлюстравалася ў бел., рус., укр., чэш., славац., славен., *ž узнікла, магчыма, пад уздзеяннем *žica; польск. dzień уступала ва ўзаемадзеянне з dziać (< *děti) ’рабіць’ (у тым ліку вуллі ў дрэве), што садзейнічала захаванню dz у dziany, якое страчвала сувязь з dzień і атрымлівала з dziać (гл. Bartnictwo ў Глогера, Encyklopedia staropolska, І, 121). На сувязь балт. слоў з рус. указана ўжо ў Мюленбаха–Эндзеліна (1, 540), а Махэк₂ (728) адзначыў роднаснасць ст.-чэш. і славац. з балт. і лац. funis ’канат, матуз’ (дзе можа быць з *oi, Эрну-Мейе, 262). Тады жэнь роднаснае жычка (гл.), прычым можа ўзыходзіць да і.-е. кораня *g​u̯hei̯: g​u̯hī (Покарны, 1, 489) і рэканструявацца як *g​u̯hoi̯n‑i‑s. Гл. яшчэ жыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Vórstellung f -, -en

1) азнаямле́нне, прадстаўле́нне (каго-н.);

die ~ des Kandidáten знаёмства з кандыда́там (перад выбарамі)

2) уяўле́нне (von D – аб чым-н.), разуме́нне (чаго-н.);

sich (D) éine ~ von etw. (D) máchen атрыма́ць уяўле́нне аб чым-н.;

j-m éine ~ von etw. (D) vermítteln даць каму́-н. уяўле́нне аб чым-н.

3) тэатр. пака́з, спекта́кль, сеа́нс (кіно)

4) хада́йніцтва, зая́ва

5) пярэ́чанне; pl тс. вымо́ва, напамі́нак;

~en erhében* выстаўля́ць пярэ́чанні каму́-н.;

j-m ~en máchen рабі́ць вымо́ву [заўва́гу] каму́-н.

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

не часц.

1. nicht; kein (перад наз.);

я не пайду́ дамо́ў ich géhe nicht nach Háuse;

гэ́та зусі́м не ціка́вая кні́га das ist kein interessántes Buch;

зусі́м не durcháus nicht; gar nicht; kéineswégs;

ён, а не ты nicht er, sóndern du;

не то́лькі…, але́ і… nicht nur…, sóndern auch…;

не бяда́ nicht so schlimm; macht [tut] nichts; kein Únglück;

2. у спалучэнні з дзеепрыслоўем перадаецца інфінітывам з óhne zu;

не ка́жучы ні сло́ва óhne ein Wort (zu ságen);

3. двайное адмоўе – сцвярджальнае значэнне я не мог не заўва́жыць ich kónnte nicht umhín zu bemérken, ich músste bemérken;

не́льга не пагадзі́цца man muss éinwilligen [zúgeben*];

4. (у самастойным значэнні) nein;

не, я там не быў nein, ich war dort nicht;

не і яшчэ раз не! Nein und ábermals nein!;

дык не ж! áber nein!; nicht doch!

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

дрыжа́ць несов.

1. дрожа́ть; (изредка) подра́гивать; (сильно) сотряса́ться, содрога́ться;

д. шы́бы — дрожа́т (подра́гивают) стёкла;

зямля́ ~жы́ць — земля́ дрожи́т (содрога́ется);

2. (неровно звучать) дрожа́ть;

го́лас ~жы́ць — го́лос дрожи́т;

3. (испытывать дрожь) трясти́сь, трепета́ть, дрожа́ть;

д. ад стра́ху — трясти́сь (трепета́ть, дрожа́ть) от стра́ха;

4. перен. (мелькать, мерцать) трепета́ть;

аге́ньчыкі д. — огоньки́ трепе́щут;

5. (за каго, што, над кім, чым) перен. (тревожиться; беречь что-л.) дрожа́ть (за кого, что, над кем, чем); трясти́сь (над кем, чем);

д. за дзяце́й — дрожа́ть за дете́й;

д. над дзі́цем — дрожа́ть (трясти́сь) над ребёнком;

д. над граша́мі — дрожа́ть (трясти́сь) над деньга́ми;

6. (перад кім, чым) тру́сить (перед кем, чем), трепета́ть;

◊ лы́ткі д. — поджи́лки трясу́тся;

д. за сваю́ шку́ру — дрожа́ть за свою́ шку́ру;

д. як асі́навы ліст — дрожа́ть как оси́новый лист

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

са́мы (род. са́мага, дат. са́маму, вин. са́мы, са́мага, твор., предл. са́мым; ж. са́мая, ср. са́мае; мн. са́мыя) мест. опред., м., в разн. знач. са́мый;

той с. лес — тот са́мый лес;

ля са́май сцяны́ — у са́мой стены́;

у с. разга́р рабо́ты — в са́мый разга́р рабо́ты;

с. сумле́нны — са́мый че́стный;

с. смак — са́мое вку́сное;

са́мая гу́шча — са́мая гу́ща;

у са́мую бе́здараж — в са́мую распу́тицу;

◊ на са́май спра́ве — в са́мом де́ле;

па са́мыя ву́шы — по са́мые у́ши, по у́ши;

пе́рад са́мым но́сам — пе́ред са́мым но́сом;

с. раз — в са́мый раз;

с. час (са́мая пара́) — са́мое вре́мя;

у с. час — в са́мое вре́мя, во́время;

с. той! — ирон. не на того́ напа́ли;

с.-с. — са́мый-са́мый;

па (пад) са́мую завя́зку — по са́мую завя́зку, под завя́зку

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок. Стары Казімір спыніўся перад сынам, які сядзеў ў канцы .. стала, і так доўга глядзеў на яго, што сын аж адвярнуў галаву да акна. Пестрак. Калі аднаго разу .. [Зося] ішла па вуліцы і дала «дзень добры» Грамабоісе.., дык тая толькі нос у другі бок адвярнула, плюнула і моцна скляла Зосю. Крапіва. // перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.). Цяпер іншыя справы адвярнулі ўвагу ад дому, ад сям’і, што, здавалася, іначай і не павінна быць. Пестрак.

2. Варочаючы, адсунуць. Адвярнулі [браты], камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. Якімовіч. Кузьма падбег к барознам і рукамі адвярнуў скібы раллі, каб паказаць старую мяжу. Нікановіч. // Паставіць на месца што‑н. перавернутае, абернутае. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне. Колас.

3. Адагнаць, накіраваць у другі бок (жывёлу). [Міхалка:] — Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі. Чорны.

4. Адагнуць край чаго‑н. Чудзін жахнуўся, умомант адвярнуў халявы і азірнуўся навокал. Карпюк. Васіль адвярнуў каўнер кажушка. Колас.

5. безас. Разм. Аб пачуцці непрыязні, агіды, да каго‑, чаго‑н. З таго часу і адвярнула.. [Яўхіма] ад пчол. Кулакоўскі.

•••

Нос адвярнуць — выказаць сваё незадавальненне чым‑н., паставіцца да чаго‑н. з пагардай, выявіць незадавальненне чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.

1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно! Купала. Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Лынькоў. Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз. Пестрак. // Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны. Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі. Лужанін.

2. перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год. Бядуля. // Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі. Васілевіч. // Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. [Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну. Лобан. Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі. Дамашэвіч. // Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

краса́, ‑ы, ж.

1. Тое, што робіць каго‑, што‑н. прывабным; хараство, прыгажосць. Белыя пралескі на прагалінах убіралі зямлю сонечнай красой вясковай. Лынькоў. Запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ў красе асенняга золата. Краўчанка.

2. Пра што‑н. прыгожае, цудоўнае. Дзе столькі ласкі, красы і прывету, як на Савецкай шчаслівай зямлі! Машара. Я шчаслівы, Што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі, Дзе такія густыя лясы І такія спакойныя рэкі, Дзе вясной непаўторна штораз Зелянеюць разлогі-палі, Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы — Ты, народ мой, на вечныя векі! Гілевіч.

3. Прыгожы, прывабны выгляд. Хто бачыў яе, той забыць век не мог Красы яе светлай, дзявочай. Танк. Прабачце мне, цудоўныя палацы, Не вашай любаваўся я красой. Панчанка.

4. Упрыгожанне, слава чаго‑н. Зноў адновім сталіцу Радзімы, Беларусі Савецкай красу. Астрэйка. Заўсёды ў паходзе маё пакаленне Нап’ецца з твае жыватворнае нашы Празрыстых, як неба, як сонца, струменяў, О Нарач! Краса беларуская наша. Хведаровіч.

5. Пылок на цвітучых злакавых раслінах.

•••

Ва ўсёй (сваёй) красе — а) у харастве, раскошы. Тады Мазыр ва ўсёй красе раскінуўся перад вачыма. Дубоўка; б) (іран.) з усімі недахопамі. Адным словам, уся «тэхналогія» так званага дысертанта раскрывалася ва ўсёй сваёй красе. «ЛіМ».

Для (дзеля) красы — у якасці ўпрыгожання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)