МАНЦУ́ (Manzù) Джакома (24.12.1908, г. Бергама, Італія — 1991),
італьянскі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў акадэміі Чэканьяні ў Вероне (1927). Зазнаў уплыў М.Роса. З 1941 выкладаў у АМ у Мілане, з 1955 — у летняй Міжнар.АМ у Зальцбургу. Творы вызначаюцца абвостранай дынамікай, кампазіцыйнымі кантрастамі, спалучэннем тонкай мадэліроўкі паверхні і нервова-рэзкіх ліній: серыі рэльефаў «Варыяцыі на тую ж тэму» (1939—45), «Хрыстос — чалавек сярод людзей» (1947—57), серыі скульптур «Кардыналы» (1936—69), «Танцоўшчыцы» (1951—64), «Стрыптыз» (1964—67), «Каханкі» (1965—68), прасторава-дэкар. кампазіцыі «Пасля танца» (1970-я г.) і інш. Аўтар помніка Супраціўленню ў Бергама (1978), манум.бронз. брам з рэльефамі для сабора св. Пятра ў Рыме («Брама Смерці», 1947—64), сабора ў Зальцбургу (1955—58), царквы Сінт-Лаўрэнскерк у Ротэрдаме («Брама Міру і Вайны», 1966—68). Майстар лірычнага партрэта: «Сусанна» (1937), «Галава Інге» (1958, 1960), «Дзяўчынка ў крэсле» (1955), «Партрэт Майкла Парка» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУР (Moore) Генры (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),
англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж.мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).
Літ.:
Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.
С.І.Пракоп’ева.
Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА (Padovano) Джавані (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЭ́ЛІ (Rastrelli) Барталамео Карла (1675, г. Фларэнцыя, Італія —29.11.1744),
італьянскі скульптар, прадстаўнік барока. Каля 1700 пасяліўся ў Парыжы, працаваў у манум. скульптуры, якая вызначалася павышанай дэкаратыўнасцю (надмагілле маркіза дэ Пампон у царкве Сен-Мэры, 1703—06, не захавалася). У 1716 па запрашэнні Пятра I прыехаў у Пецярбург для выканання скульпт. і арх. работ, стварэння садоў, фантанаў, тэатр. механізмаў, дэкарацый і навучання гэтаму рус. майстроў. Фактычна працаваў у галіне скульптуры. Барочную параднасць і пышнасць, імкненне перадаць фактуру матэрыялу спалучаў з праўдзівасцю і пераканаўчасцю характарыстыкі мадэлі: партрэты А.Д.Меншыкава (1716—17), Пятра I (1723), невядомага (магчыма, аўтапартрэт, 1732), Ганны Іаанаўны з арапчонкам (1733—41). Аўтар коннай статуі Пятра I у Пецярбургу (1743—44, устаноўлена ў 1800 перад Інжынерным замкам). Удзельнічаў у афармленні Вял. каскада ў Пецяргофе (маскароны і інш., 1721—23), у стварэнні мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўн. вайны (пачаты ў 1721).
Літ.:
Архипов Н.И., Раскин А.Г. Бартоломео Карло Растрелли, 1675—1744. Л.;
М., 1964;
Петинова Е.Ф. Бартоломео Карло Растрелли. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЫЙ (Pheidias; пач. 5 ст. да н.э. — каля 432—431 да н.э.),
старажытнагрэчаскі архітэктар, скульптар і жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў мастацтва высокай класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Платэях. Яго творы вядомы паводле апісанняў стараж. аўтараў і рым. копій. У эпоху Перыкла (444 429 да н.э.) кіраваў буд-вам Афінскага акропаля. Сярод скульпт. работ найб. славутыя бронз. статуя Афіны Прамахас (каля 460 да н.э.), грандыёзныя статуі ў тэхніцы хрысаэлефантынавай скульптуры — Зеўса ў храме Зеўса ў Алімпіі (каля 430 да н.э.; адно з сямі дзівосаў свету) і Афіны Парфенас у храме Парфенон у Афінах (432 да н.э.). Найб. ўяўленне пра творчасць Ф. дае скульпт. ўбранне Парфенона (438—432 да н.э.; фрагменты захоўваюцца ў Брыт. музеі ў Лондане, Луўры і Музеі Акропаля ў Афінах), выкананае пад яго кіраўніцтвам і, магчыма, пры яго ўдзеле. Скульптура Парфенона ў спалучэнні з архітэктурай храма з’яўляецца адным з самых высокіх узораў сінтэзу мастацтваў, адметная багаццем рытмаў і кампазіцыйных прыёмаў, мяккай мадэліроўкай.
Літ.:
Сидорова Н. Жизнь и творчество Фидия // Искусство. 1970. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗГУ́Р Заір Ісакавіч (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),
бел.скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл.АМСССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял.Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.І.Грыцаўцу, Я.Купалу і Ф.Э.Дзяржынскаму ў Мінску, В.І.Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.М.Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Э.А.Петэрсон.
З.І.Азгур.З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.
бел.скульптар, педагог. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1958). З 1958 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1961 — Бел.АМ. Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы вызначаюцца пластычнай выразнасцю, псіхалагізмам унутр. зместу. Сярод станковых работ кампазіцыі «Вясна» (1959), «Рамонак» (1962), «Квітней, Беларусь!» (1972), партрэты М.Багдановіча (1957), І.Лучанка (1970), М.Керзіна (1973), В.Быкава (1975), І.Мележа (1977), А.Куляшова (1980), З.Азгура (1981), А.Паслядовіч (1985), Я.Чамадурава (1995), В.Шаранговіча (2000) і інш. Аўтар помнікаў К.Заслонаву ў Оршы (1965), падпольшчыкам Асінторфа непадалёку ад р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. (1966, абодва з В.Занковічам і Л.Левіным), Маршалу Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскаму ў Гродне (1973), вызваліцелям Полацка (1981, абодва з В.Аладавым), вызваліцелям Віцебска (1984, з А.Заспіцкім, М.Рыжанковым, А.Тарасянам), Я.Купалу ў філіяле «Акопы» літ. музея Я.Купалы ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. (1991, з Заспіцкім) і інш., мемар. дошак М.Чуркіну, І.Мележу ў Мінску. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКУ́РАЎ Сяргей Дзмітрыевіч (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),
расійскі скульптар-манументаліст. Нар.маст.СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.Г.Шаўмяна (1929), статуя У.Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр.Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МЕНШНАЙДЭР (Riemenschneider) Тыльман (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),
нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.
Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.