рускі драматург. Скончыў Маскоўскі горны ін-т (1956). Друкуецца з 1952. У публіцыст. п’есах «Шостага ліпеня» (паст. 1964; аднайм. фільм, 1968), «Трыццатае жніўня. Бальшавікі» (1968), «Сінія коні на чырвонай траве» (1979), «Так пераможам!» (паст. 1982; Дзярж. прэмія СССР 1983) спроба адысці ад спрошчана-схематычнай трактоўкі рэв. падзей 1917, адкрыць «новага» Леніна, які ў канцы жыцця асэнсаваў сваю гіст. памылку (п’еса «Далей... далей... далей!», 1988), адмаўленне ад карыкатурнага паказу апанентаў бальшавікоў. Аўтар публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, рэцэнзій і інш. П’есы Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Імем рэвалюцыі» — Бел.т-р імя Я Коласа (1960); «Шостага ліпеня» — Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі (1966), Бел.т-р імя Я.Коласа (1967); «Дзень цішыні» — Брэсцкі абл.драм.т-р (1966); «Конь Пржавальскага» — рус.драм.т-р, Магілёўскі абл.драм.т-р (абодва 1973); «Дождж ліў як з вядра» — Бел.рэсп.т-р юнага гледача (1974, з А.Хмелікам), «Мае надзеі» — Гродзенскі і Брэсцкі абл.драм. т-ры (абодва 1978); «Сінія коні на чырвонай траве» — рус.драм.т-р (1979), Брэсцкі т-р (пад назвай «Рэвалюцыйны эцюд»), т-р імя Я.Коласа (абодва 1980), «Далей... далей... далей!» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫПІ́Д (Euripidēs; каля 485 ці 480 да н.э., в-аў Саламін, Грэцыя — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў у драм. спаборніцтвах у 455 (перамагаў 5 разоў, апошні раз пасмяротна). Падвяргаўся крытыцы за погляды, блізкія натурфілосафам і сафістам. З 408 жыў у Македоніі. Напісаў 92 п’есы, з якіх захаваліся 17 трагедый, сатыраўская драма «Кіклоп» і больш за тысячу фрагментаў. Адлюстраваў супярэчнасці афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі, якія паглыбіліся ў час Пелапанескай вайны. У трагедыях «Геракліды» (каля 430), «Гекуба» (каля 424), «Прасіцелькі» (каля 422), «Траянкі» (415), «Фінікіянкі» (каля 410) ідэі патрыятызму, антываен. і антыспартанскія тэндэнцыі. Вял. знаўцам чалавечай душы выступіў у трагедыях «Медэя» (431), «Іпаліт» (428), гераіні якіх пакутуюць з прычыны сваіх нястрыманых страсцей і супярэчлівых імкненняў. Узор патэтычнай трагедыі — «Іфігенія ў Аўлідзе» (406). У быт. драмах «Алкестыда» (438), «Алена» (412), «Іон» (каля 413 ці 409) інтрыга, прыгоды, шчаслівы канец. Яго творчасць вызначаецца пераасэнсаваннем міфаў, пільнай увагай да ўнутр. свету чалавека («Электра», 413; «Арэст», 408). адыходам ад нарматыўных прынцыпаў класічнай трагедыі, мовай, блізкай да гутарковай. У 1926 БДТ-2 паставіў п’есу Э. «Вакханкі».
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Гончарова Т. Еврипид. М., 1984;
Ярхо В.Н. Античная драма: Технология мастерства. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА Алесь (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРХЛІ́ЦКІ (Vrchlický) Яраслаў [сапр.Фрыда
(Frída) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),
«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.Бруна, Г.Галілей, Я.Гус, Я.Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.Таса, Л.Арыёста, Дж.Байрана, Ф.Шылера, І.В.Гётэ, А.Міцкевіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ Іван Пятровіч (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус.пер. — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ (Machiavelli) Нікало ды Бернарда (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць усё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл.Макіявелізм).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗО́Н Аркадзь (сапр.Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),
бел.драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус.драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).
рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). Першая п’еса — «Мара мая... Індыя» (1960). П’есы на сучасныя тэмы «104 старонкі пра каханне» (паст. 1964, другая назва «Яшчэ раз пра каханне», экранізавана 1968), «Турбаза» (паст. 1974), «Спартыўныя сцэны 1981 года» (1986), «Я стаю каля рэстарана...» (1987), «Наш Дэкамерон» (1989), гіст. «Размовы з Сакратам» (паст. 1975), «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» (1982), «Апошняя ноч апошняга цара» (1997). Мастацка-гіст. даследаванне «Божа..., выратуй і ўціхамір Расію». Мікалай II: жыццё і смерць» (1993) засн. на раней малавядомых фактах. Аўтар зб-каў прозы «Загадкі гісторыі» (1996), «Загадкі кахання» (1997), аповесцей «Маналог пра шлюб» (1970), «Некалькі сустрэч з нябожчыкам панам Моцартам» (1992), дакумент.-біягр.кн. «Сталін» (1997), кінасцэнарыяў, тэлеапавяданняў пра персанажаў рус. і еўрап. гісторыі. П’есы Р. ставіліся на Беларусі: «Яшчэ раз пра каханне» ў Бел. т-ры імя Я.Купалы (1965), Гродзенскім абл.драм. т-ры (1967), «Рулетка» (паводле Ф.Дастаеўскага) у Дзярж.рус.драм. т-ры (1996), «Яна ў адсутнасці кахання і смерці» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1980).
Тв.:
Соч.: В 7 т. Т. 1—5. М. 1998—99;
Беседы с Сократом: Пьесы. М., 1982;
«Последняя из дома Романовых»: Повести в диалогах: (Торопливая проза). М. 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Н (Racine) Жан (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),
французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст. 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;
Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;
Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр.М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.