ШАТРО́Ў (сапр. Маршак) Міхаіл Піліпавіч
(н. 3.4.1932, Масква),
рускі драматург. Скончыў Маскоўскі горны ін-т (1956). Друкуецца з 1952. У публіцыст. п’есах «Шостага ліпеня» (паст. 1964; аднайм. фільм, 1968), «Трыццатае жніўня. Бальшавікі» (1968), «Сінія коні на чырвонай траве» (1979), «Так пераможам!» (паст. 1982; Дзярж. прэмія СССР 1983) спроба адысці ад спрошчана-схематычнай трактоўкі рэв. падзей 1917, адкрыць «новага» Леніна, які ў канцы жыцця асэнсаваў сваю гіст. памылку (п’еса «Далей... далей... далей!», 1988), адмаўленне ад карыкатурнага паказу апанентаў бальшавікоў. Аўтар публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, рэцэнзій і інш. П’есы Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Імем рэвалюцыі» — Бел. т-р імя Я Коласа (1960); «Шостага ліпеня» — Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі (1966), Бел. т-р імя Я.Коласа (1967); «Дзень цішыні» — Брэсцкі абл. драм. т-р (1966); «Конь Пржавальскага» — рус. драм. т-р, Магілёўскі абл. драм. т-р (абодва 1973); «Дождж ліў як з вядра» — Бел. рэсп. т-р юнага гледача (1974, з А.Хмелікам), «Мае надзеі» — Гродзенскі і Брэсцкі абл. драм. т-ры (абодва 1978); «Сінія коні на чырвонай траве» — рус. драм. т-р (1979), Брэсцкі т-р (пад назвай «Рэвалюцыйны эцюд»), т-р імя Я.Коласа (абодва 1980), «Далей... далей... далей!» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1989).
Тв.:
Избранное. М., 1982.
т. 17, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)