ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фразеало́гія
(ад гр. phrasis, -seos = выраз + -логія)
1) раздзел мовазнаўства, які вывучае ўстойлівыя моўныя звароты;
2) устойлівыя звароты ў якой-н. мове, у мове пісьменніка, асобнага твора.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кла́стэр
(англ. cluster)
1) хім. група малекул, якія вылучаюцца сярод іншых падобных малекул і аб’ядноўваюцца ва ўстойлівыя ўтварэнні;
2) лінгв. паслядоўнасць, ланцужок моўных элементаў, напр. гукаў, часцін мовы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
В.М.Пешкаў.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.
М.Ф.Сарока.
т. 6, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІ́ЗМЫ (ад грэч. melos песня, мелодыя),
1) меладычныя ўрыўкі або самаст. мелодыі, якія выконваюцца на 1 склад тэксту. Да М. належаць розныя віды вак. арнаментыкі. Мелізматычныя распевы характэрны для візант. культавай музыкі, амврасіянскага і грыгарыянскага спеваў, ранніх форм еўрап. шматгалосся, стараж.-рус. і бел. пеўчых традыцый (знаменны спеў), усх. муз. культур.
2) Невял., адносна ўстойлівыя меладычныя ўпрыгожанні ў вак. і інстр. музыцы. Пазначаюцца асаблівымі ўмоўнымі знакамі ці дробнымі нотамі. Найб. пашыраны ў клавесіннай музыцы 17—18 ст. Практыка выканання М. гістарычна змянялася, таму адзін і той жа знак можа мець розныя расшыфроўкі. Асн. М. — фаршлаг, трэль, мардэнт, групета, ачакатура, шлейфер і інш.
т. 10, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДЗІ́Н,
гетэраараматычнае злучэнне, C5H5N. П. і яго вытворныя — аснова пашыраных у прыродзе пірыдзінавых алкалоідаў (напр., анабазіну, нікаціну) і многіх біялагічна важных злучэнняў (напр., пірыдаксіну).
Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам tкіп 115,4 °C, шчыльн. 981,9 кг/м3. Змешваецца з вадой і большасцю арган. растваральнікаў. Слабая аснова. З неарг. к-тамі ўтварае ўстойлівыя солі, з галагенідамі металаў, аксідамі серы (SO2, SO3), бромам, вадой — комплексныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна з каменнавугальнай смалы, у якой П. каля 0,08%. Выкарыстоўваюць у сінтэзе лек. сродкаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў (гл. таксама Пікаліны), як растваральнік, у т. л. для многіх неарган. солей. Таксічны; ГДК пары П. ў паветры ̴ 5 мг/м³ Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),
галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,
поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.
У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙104, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)