МЕЛІ́ЗМЫ (ад грэч. melos песня, мелодыя),
1) меладычныя ўрыўкі або самаст. мелодыі, якія выконваюцца на 1 склад тэксту. Да М. належаць розныя віды вак. арнаментыкі. Мелізматычныя распевы характэрны для візант. культавай музыкі, амврасіянскага і грыгарыянскага спеваў, ранніх форм еўрап. шматгалосся, стараж.-рус. і бел. пеўчых традыцый (знаменны спеў), усх. муз. культур.
2) Невял., адносна ўстойлівыя меладычныя ўпрыгожанні ў вак. і інстр. музыцы. Пазначаюцца асаблівымі ўмоўнымі знакамі ці дробнымі нотамі. Найб. пашыраны ў клавесіннай музыцы 17—18 ст. Практыка выканання М. гістарычна змянялася, таму адзін і той жа знак можа мець розныя расшыфроўкі. Асн. М. — фаршлаг, трэль, мардэнт, групета, ачакатура, шлейфер і інш.
т. 10, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)