ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
В.М.Пешкаў.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)