МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),
італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.Розы, Ж.Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНЬ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на Вілейскім вадасх. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 70 км ад Мінска. 723 ж., 332 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1473 сярод маёнткаў Ю.А.Саковіча. У 1543 тут заснаваны касцёл. З 17 ст. ўласнасць віленскага жаночага кляштара бенедыкцінак, потым Гяцэвічаў. У 1627 Вязынь мястэчка. У 1791 пабудавана Успенская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. Пасля 1681 цэнтр воласці. У 1897 у Вязыні 601 ж., царква, капліца, сінагога. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Ільянскага, з 1957 Вілейскага р-наў. У 1970 — 825 ж., 272 двары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 19 ст.), касцёл (1-я пал. 19 ст.) і царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).
Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІН,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Барысаў—Плешчаніцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і 33 км ад чыг. ст. Барысаў, 76 км ад Мінска. 834 ж., 328 двароў (1997).
У 16 ст. мястэчка ў Барысаўскім старостве ВКЛ, уладанне Кішкаў, потым Саковічаў, Храптовічаў. З 1793 у Рас. імперыі. У 1865 цэнтр. воласці Барысаўскага пав. У 1885—110 ж., 15 двароў, валасная ўправа, 2 царквы, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, бальніца. З 1924 цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета. З 1927 у Барысаўскім р-не. У ліп. 1941 — чэрв. 1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія расстралялі туг 927 чал. У вер. 1943 у З. адбыўся Зембінскі бой 1943. У 1971 у З. 942 ж., 294 двары.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл (1809) і царква (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБР,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.
Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙСК,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.
Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ВІЧЫ, Старыя Журавічы,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Гутлянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 102 км ад Гомеля. 968 ж., 396 двароў (1997).
Вядомыя з канца 16 ст. як маёнтак у Рэчыцкім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1784 мяст. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. за 3 км ад Ж. узнікла вёска пад назвай Новыя Ж. У 1886—2179 ж, Ільінская царква, касцёл, сінагога, 2 гарбарныя майстэрні, штогод 4 кірмашы. У 1894 адкрыты школа, лячэбніца, аптэка, у 1905 — нар. вучылішча. З 1905 мяст. Рагачоўскага пав., 3200 ж. З 1924 цэнтр сельсавета. З 15.7.1935 мястэчка, з 27.9.1938 вёска. У 1924—31, 1935—56 цэнтр Журавіцкага раёна. З 14.8.1941 да 25.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 2477 чал., вёску двойчы (1941, 1943) часткова спалілі. У 1971 у Ж. 1417 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛІН,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст.наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУР́А,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).
У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.Я.Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.