свінцова-цынкавыя радовішчы ў Польшчы (Катавіцкае і Кракаўскае ваяводствы). Пл. каля 2 тыс.км². Радовішчы прымеркаваны да даламітаў сярэдняга трыясу. Жыла-, лінза-, пластападобныя рудныя целы залягаюць у 3 гарызонтах магутнасцю 1—3 м, ёсць таксама штока- і трубападобныя паклады магутнасцю да 40 м. Глыб. залягання 20—250 м. Запасы цынку і свінцу некалькі млн.т. Сярэдняя колькасць Pb 1,2—1,5%, Zn 5—6%; ёсць каштоўныя прымесі серабра, талію, медзі, мыш’яку, малібдэну, кадмію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЁРНАЕ,
радовішча даўсанітавых руд у Ельскім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., за 8 км на Пн ад г. Ельск. 2 рудныя паклады прымеркаваны да тоўшчы каалінітавых глін ніжняга карбону. Руды светла- і буравата-шэрыя, бурыя, складаюцца з каалініту, гібсіту, даўсаніту, бяліту; змяшчаюць кварц, кальцый, сідэрыт, гідраслюды. Прагнозныя запасы каля 80—120 млн.т. Залягаюць на глыб. 415—900 м. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,5—6 м. Сыравіна для вытв-сці гліназёму (вокіс алюмінію) і кальцыніраванай соды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАГЕНІ́Я (ад металы + грэч. genos нараджэнне),
раздзел вучэння аб карысных выкапнях, які даследуе геал. і геахім. заканамернасці размяшчэння рудных радовішчаў у прасторы і часе. Тэрмін уведзены ў 1892 франц. геолагам Л. дэ Лане. Асн. задача М. — перспектыўная ацэнка руданоснасці геал. структур і эпох. М. падзяляецца на: эндагенную (даследуе радовішчы металічных руд, утварэнне якіх звязана з глыбіннымі працэсамі); экзагенную (радовішчы жалеза, нікелю, марганцу і інш., утвораныя ў паверхневых умовах пры выветрыванні горных парод і асадканамнажэнні ў водных басейнах); агульную (тэарэт. асновы і агульныя заканамернасці пашырэння рудных фармацый); рэгіянальную (руданосныя плошчы і рудныя радовішчы ў межах геал. рэгіёна, таксама адносна тэктанічных структур, тыпаў горных парод і інш.); спецыяльную (заканамернасці пашырэння ў часе і прасторы арудзянення аднаго металу, напр., берылію, жалеза ці комплексу металаў, напр., медна-нікелевых сульфідных руд).
Рудныя комплексы металаў пераважна прымеркаваны да асобных рэгіёнаў зямнога шара, якія наз.металагенічнымі правінцыямі, узнікненне іх абумоўлена геал. будовай і геал. гісторыяй гэтых тэрыторый. У геал. гісторыі Зямлі вылучаны металагенічныя эпохі — пэўныя перыяды часу назапашвання металаў на асобных участках зямной кары ў выглядзе радовішчаў. Рэзка адрозніваюцца ў металагенічных адносінах геасінкліналі, для якіх характэрны эпохі глыбіннага рудаўтварэння, і платформы, што з’яўляюцца абласцямі пашырэння рудных радовішчаў паверхневага генезісу. У выніку правядзення металагенічных даследаванняў складаюцца металагенічныя і прагнозныя карты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙЗЕН (ням. Greisen),
горная парода метасаматычнага паходжання, якая складаецца пераважна з кварцу і светлых слюд—лепідаліту і мускавіту. Часта мае каштоўныя рудныя мінералы ў выглядзе ўкрапін (касітэрыт, вальфраміт, пірыт і інш.) у прамысл. колькасцях, тады грэйзен разглядаюць як руды. Залягаюць у выглядзе жыл і ўчасткаў унутры гранітных масіваў, пераважна ў іх краявых частках. Грэйзены ўтвараюцца ў выніку высокатэмпературнага (300—500 °C) метасаматозу і перакрышталізацыі гранітоідаў пад уздзеяннем газаў і раствораў. Служаць пошукавымі прыкметамі на радовішчы руд рэдкіх металаў і каляровых камянёў (тапазу, берылу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш.геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ (Sachsen),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 18,4 тыс.км². Нас. каля 4,7 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Дрэздэн, найб. гарады Лейпцыг, Хемніц, Цвікаў, Гёрліц. Пераважаюць нізкагор’і (каля 400—500 м); на Пд на граніцы з Чэхіяй Рудныя горы (выш. да 1214 м), на Пн ускраіна Паўн.-Германскай нізіны. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год ад 700—800 мм на Пн да 1000 мм у гарах. Лясы (хвоя, дуб, граб, бук) лепш захаваліся ў гарах. Эканоміка індустр.-агр. характару. Здабыча бурага вугалю каля Лейпцыга і Гёрліца, паблізу ЦЭС, прадпрыемствы па брыкетаванні вугалю, коксахіміі і хіміі. Развіты машынабудаванне (Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц), металургія і выраб трансп. сродкаў (Гёрліц і інш.), электратэхніка і электроніка (Дрэздэн, Хемніц), тэкст., фарфоравая, паліграф.прам-сць. У Рудных гарах традыц. выраб цацак і муз. інструментаў. У раўнінных і нізінных раёнах, у далінах рэк пераважае вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, агародніны. У даліне р. Эльба — вінаградарства. У горных раёнах пераважае жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны. Турызм (Рудныя горы, «Саксонская Швейцарыя», Дрэздэн, Лейпцыг і інш.).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны ў крас.—маі 1945 занята амер. (Заходняя С.), у маі — чэрв. 1945 і сав. (акрамя акругі Шварцэнберг) войскамі. Пасля вываду адсюль амер.акупац. войск (13.6—1.7.1945) уся тэр. сучаснай С. перайшла пад кантроль Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі і стала аднайм. зямлёй. З кастр. 1949 у складзе ГДР. У ліп. 1952 падзелена на акругі Хемніц (у 1953—90 наз. Карл-Маркс-Штат), Дрэздэн і Лейпцыг; невял. частка зямлі далучана да акруг Котбус і Гера. З кастр. 1990 новаўтвораная зямля ў складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), у яе ўвайшлі б. акругі ГДР Лейпцыг (б.ч.), Котбус (частка), Хемніц, Дрэздэн. Першая з новых (усх.) зямель ФРГ займела ўласную канстытуцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
złoże
złoż|e
паклад; радовішча; залеж;
~a rudy — паклады (радовішча) руд; рудныя залежы;
~e ropy (naftowej) — нафтавае радовішча
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал.прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.