Право́дніца ’наступная нядзеля пасля Вялікадня (Паскі)’ (Гарэц., Мядзв.), правадная (нядзеля) ’памінальная’ (Нас.), приводная нядзеля, правадной ’Фаміна нядзеля’ (Шат.), правадны ’паслявелікодны’ (Мат. Гом.), провад ’паніхіда’ (Нас.). Рус. дыял. провадырадаўніца, памінанне памерлых’, ’пахаванне’, ’праводзіны вясны’, проводная педеля ’Фаміны тыдзень’, укр. провады ’Фаміны тыдзень’, ’праводзіны русалак песнямі ў першы панядзелак пасля свят Сёмухі’, польск. przewocinica, przewodniczna, przewodna niedziela ’першы тыдзень пасля Вялікадня’, чэш. provod, provodm nedele ’першая нядзеля пасля Вялікадня’. Да праводзіць. У рымска-каталіцкай абраднасці назва тлумачыцца тым, што ў гэты дзень новаахрышчаныя людзі ішлі “провадам” да храма, або тым, што ў гэту нядзелю адбывалася працэсія да храма з вяночкамі. Але, відаць, першаснае значэнне — гэта сляды дахрысціянскага культу памерлых і ўшанавання духаў прыроды, як гэта захавалася ва ўсходніх славян (гл. Махэк₂, 452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дуга, ра́духа ’вясёлка’ (ТСБМ; зэльв., маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; пруж., ДАБМ, камент.), радзіха ’вясёлка’ (слонім., ДАБМ, камент.), рус. ра́дуга, рус. дыял. ра́йдуга, ра́вдуга, ра́духа, ра́дута, радуни́ца, укр. ра́йдуга, ра́дуга. Усходнеславянскі лакальны тэрмін. На Беларусі зафіксаваны паўсюдна (ДАБМ, карта № 312). Складаецца з дзвюх частак: ра‑ (рай) і дуга (гл.). Галоўную цяжкасць уяўляе тлумачэнне першай часткі слова ра‑. Па народных уяўленнях радуга з’яўляецца добрай прыметай, выражэннем божай ласкі, параўн. рус. дыял. божья дуга ’вясёлка’, таму верагодным падаецца збліжэнне яе са словамі ра́ды, ра́дасць (гл.). На карысць гэтага сведчыць і назвы рэаліі з коранем *vesel‑вясёлка, весялуха (гл.), а таксама найменні ра́довіца, ра́давіца, ра́даўніца (ТС). Па іншай версіі, слова ўтварылася ў выніку гаплалогіі ад спалучэння тыпу *рада‑дуга, як будні з *будьни(е) дьни (Чарных, 2, 95; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Найбольш верагодным лічаць паходжанне з *radǫga, вытворнага ад * rad‑ і dǫg‑ (> дуга, гл.) (Фасмер, 3, 431; Праабражэнскі 2, 171; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Палес. ра́довіца, ра́давіца ўтворана ад кораня *rad‑ як бліскавіца, зараніца (Талстой, там жа, 30). Адносна распаўсюджання ў еўрапейскіх назвах вясёлкі матывацыі ’радасць, шчасце, весялосць’ гл. ALE, 1, 9. Другі элемент у шмат якіх мовах разумеецца як ’лук’, гл. Алінеі, ОЛА, Исследов. 1983, 106–110; Жураўлёў, Язык и миф, 69, 179–180 (з аглядам літ-ры).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)