Перабора1 (перэбо́ра) ’зяць-прымак’ (ТС). Утворана пры дапамозе суф. м. р. nomen agentis ‑а (< *‑a) ад перабірацца (у хату жонкі). Да пера- і браць (гл.).

Перабо́ра2 ’рознакаляровы пояс’ (хойн., Мат. Гом.). Да перабіраць (гл.). Суф. ‑а (ж. р.), як у перабіранка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Павалока1 ’лёгкая дымка, якая зацягвае, пакрывае што-н.; пялёнка на вачах; памутненне’ (ТСБМ, Нас.), па́валака ’пялёнка (на вадзе)’ (Нас., Касп.), ’пакрывала, прасціна’, ’валакно ад льна або пянькі’ (Нас.). Рус. павало́ка ’каштоўная заморская баваўняная або шаўковая тканіна, пакрывала, накідка’, дыял. поволо́ка ’верх, покрыўка кажуха’, укр. поволо́ка ’рамні, шнуркі на абутку; след ад валачэння нечага’, ст.-рус. паволока ’від каштоўнай тканіны’, серб.-ц.-слав. павлака, польск. powłoka ’накрыўка’, чэш. pavlaka ’каштоўная пурпуровая тканіна’, серб.-харв. па̏влака, по̏влака ’смятанка, пенкі’. Ад валачы́ (гл.). Прэфіксы po‑ і pa‑ (з падаўжэннем) (гл. Фасмер, 3, 182; Махэк, 439).

Павало́ка2прымак’ (Мат. Гом.). Да валачыць, валачыцца, параўн. і валачуга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылёп іран.прымак’ (Мат. Гом.), прылёпісты ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі; назойлівы’ (рагач., Сл. ПЗБ, ЛА, 3). Прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад прыляпі́цца ’прычапіцца, прыліпнуць’, гл. ляпі́ць, лі́пнуць, што ўзыходзяць да кораня *lьp‑, lĕp‑, *lip‑. Паводле Варбат (SlW, 153), дзеясловы гэтага гнязда шырока вядомы ў славянскіх мовах са значэннем ’прылучыцца да каго- ці чаго-небудзь; навязацца, аддацца’, параўн. аддзеяслоўныя ўтварэнні: рус. приле́па ’нешта прылепленае’, польск. przylepa ’акраец’, серб.-харв. прилеп ’зараза’, балг. при́леп ’кажан’ (адносна апошняга слова гл. БЕР, 5, 717–718). Велчава (Бълг. реч, I, 4, 17) прыводзіць рэдкія ст.-балг. прилѣпъ ’савакупленне, coitus’, прилѣпенъ ’які мае інтымныя сувязі’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *prilěpъ ’каханак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыва́л ’прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу’ (ТСБМ): лежа́ць у прывал ’доўга вылежвацца’ (ТС), прыва́лка ’месца для прыпынку ў дарозе, прывал’ (Нас.), прыва́л, прыва́лак ’пагорак; высокі бераг’ (мядз., Нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ), прыва́лак ’нізкае месца ў канцы загона’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), прыва́лак, пры́валок, пры́ве́лок ’прымурак — выступ печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь’ (Буз., ТС), ’прымастка, палаці каля печы’ (Сцяшк., Сл. рэг. лекс.), ’дошка, прыбітая ля печы’ (Жд.), прывале́ньпрымак’ (гарад., Нар. лекс.). Да прывалі́ць ’прыперці, прыхіліць; прыкрыць, прыціснуць зверху, прыстаць, прычаліць (пра судна); прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці; з’явіцца, прыйсці (пра што-небудзь нечаканае або ў вялікай колькасці)’ (ТСБМ), да прасл. *privaliti, якое ад *valiti, гл. валі́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.

2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.

3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.

•••

Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыма́ць1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.

Прыма́ць2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.Мерымэ, А.Дзюма), ням. (Т.Ман, Л.Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.Пушкін, Л.Талстой, А.М.Талстой), польскай (Г.Сянкевіч, Б.Прус), укр. (Т.Шаўчэнка, П.Заграбельны, І.Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» М.Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Максім і Магдалена» М.Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.Хурсік («Францішак Скарына»), М.Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.Лобана, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча, «Прымак» І.Чыгрынава, «Купала» А.Дударава, «Татры» А.Бажко, «Настасся Мякота» Я.Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.Чаропка («Храм без бога»), К.Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.Сяднёва, «Споведзь» Л.Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.Учэла, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.Веранезе, Тыцыян, Я.Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.Пусэна (Францыя), Д.Веласкеса (Іспанія), П.П.Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.Лебрэна (Францыя), Дж.Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.Зубава і І.Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.Л.Давіда, А.Гро і Ж.Гудона (Францыя), А.Ласенкі, Р.Угрумава, І.Мартаса (Расія), Дж.Рэйналдса (Англія), Дж.Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.Гоі (Іспанія), Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.Дам’е (Францыя), А.Рэтэля, К.Лесінга (Германія), К.Брулова, А.Іванава (Расія), Я.Матэйкі (Польшча), М.Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.Радэна, П.Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.Ходлера (Швейцарыя), С.Выспянскага, К.Дунікоўскага (Польшча), І.Мештравіча (Харватыя), М.Несцерава, М.Урубеля, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава, В.Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.Апсіта, В.Васняцова, В.Верашчагіна, М.Ге, М.Неўрава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, скульптура М.Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.Дзікса, Г.Грундыга, Ф.Крэмера, О.Нагеля (Германія), П.Пікасо, А.Фужэрона (Францыя), Р.Гутуза (Італія), Ф.Ходлера (Швейцарыя), А.Забранскага, К.Покарні (Чэхія), Н.Тоніцы, Б.Караджы (Румынія), С.Русева, Э.Баяджыева (Балгарыя), Дж.Андраевіч-Куна (Сербія), Г.Коса (Славенія), А.Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.Каварскага (Польша), Э.Даманоўскага (Венгрыя), К.Пятрова-Водкіна, К.Юона, Б.Кустодзіева, А.Дайнекі, Б.Іагансона, М.Грэкава, Я.Вучэціча, У.Фаворскага (Расія), Д.Рыверы, Х.К.Ароска, Д.Сікейраса (Мексіка), У.Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, К.Альхімовіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, К.Бароўскі, Я.Траяноўскі, Я.Манюшка, І.Трутнеў, А.Ромер), графіцы (М.Падалінскі, Т.Кіслінг, М.Андрыёлі, М.Кулеша, Ф.Дмахоўскі, А.Гротгер), скульптуры (Г.Дмахоўскі, Я.Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.Філіповіч, В.Волкаў, І.Ахрэмчык, Я.Кругер, М.Эндэ, У.Хрусталёў, К.Касмачоў, С.Андруховіч, М.Гусеў, Я.Красоўскі, І.Давідовіч, З.Мірынгоф, П.Сергіевіч, А.Шаўчэнка, Х.Ліўшыц, М.Манасзон, А.Мазалёў — у жывапісе; А.Грубэ, А.Бразер, М.Манізер, А.Бембель, М.Керзін, З.Азгур, А.Глебаў, А.Жораў — у скульптуры; І.Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.Зайцава, Г.Бржазоўскага, Я.Ціхановіча, З.Паўлоўскага, А.Шыбнёва, У.Сухаверхава, І.Стасевіча, Н.Воранава, Ф.Бараноўскага, А.Гугеля, П.Явіча, М.Савіцкага, П.Крахалёва, Л.Рана, В.Цвіркі, Л.Асядоўскага, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, Б.Аракчэева, Ф.Дарашэвіча, І.Белановіча, М.Аўчыннікава, В.Сахненкі, У.Гоманава, М.Данцыга, М.Залознага (станковы жывапіс), Б.Няпомняшчага, В.Мігаль, І.Рэя, У.Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, Азгура, А.Анікейчыка, Г.Мурамцава, У.Слабодчыкава, М.Канцавога, А.Курачкіна, М.Палякова (скульптура), А.Кашкурэвіча, П.Дурчына, С.Геруса, А.Дзямарына, Э.Агуновіч, В.Волкава, П.Драчова, Р.Маліноўскага, Л.Асецкага, І.Раманоўскага, Г.Паплаўскага, С.Раманава, Ю.Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.Кудрэвіч, П.Сергіевіча, Л.Дударанкі, А.Марачкіна, Ф.Янушкевіча, Г.Вашчанкі, У.Пасюкевіча, Л.Шчамялёва, У.Ткачэнкі, У.Тоўсціка, А.Цыркунова, У.Мінейкі, І.Бархаткова, Я.Ждана, В.Маркаўца, В.Барабанцава, В.Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.Вакара, Л.Гумілеўскага, Анікейчык, Э.Астаф’ева, І.Міско, М.Рыжанкова, А.Глебава, У.Церабуна, В.Янушкевіча, А.Фінскага, А.Шатэрніка (у скульптуры); Я.Куліка, М.Купавы, У. і М.Басалыгаў, М.Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.І.Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.І.Цыбульскі М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)